Агляд прэсы: адзін крок да…
Пуцін падвышае стаўкі і прыводзіць ядзерныя сілы ў «гатоўнасць». Правал супербліцкрыгу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў нашым аглядзе.
«Дзень цяжкіх авіяўдараў, жорсткіх баёў на зямлі і ваганняў ваеннага лёсу скончыўся тым, што канфлікт ва Украіне дасягнуў новага і небяспечнага ўзроўню рызыкі, і Уладзімір Пуцін аддаў загад прывесці ядзерныя сілы Расеі ў павышаную баявую гатоўнасць», – паведамляе брытанская газета The Independent.
Гэты крок расейскага прэзідэнта , які, паводле яго слоў, быў адказам на «агрэсіўныя заявы» НАТА , быў неадкладна асуджаны ЗША, якія абвінавацілі яго ў «працягванні эскалацыі вайны непрымальным спосабам», і НАТА, якое асудзіла «небяспечную рыторыку» і «безадказныя» учынкі.
«У той жа час Масква сутыкаецца з беспрэцэдэнтнымі раундамі міжнародных санкцый, якія б’юць па самім Пуціне і ягоным міністры замежных спраў Сяргеі Лаўрове, а таксама па ўсіх сектарах эканомікі. Брытанская кампанія вырашыла пакінуць сваю 19,75-адсоткавую долю ў расейскім нафтавым гіганце «Раснафта». Нарвегія абвясціла, што яе суверэнны фонд у памеры 1,3 трыльёны даляраў, найбуйнейшы ў свеце, пазбавіцца ад сваіх расейскіх актываў з-за ўварвання. Тым часам пастаўкі зброі ва Украіну значна павялічыліся, нягледзячы на тое, што прэзідэнт Расеі папярэдзіў Захад ад умяшання ў канфлікт. Еўрасаюз абвясціў, што закупіць зброю для Украіны, і назваў рэжым Лукашэнкі саўдзельнікам злоснага нападу на Украіну», – піша брытанскае выданне і ўказвае, што расейскі лідар можа прымяніць хімічную або біялагічную зброю. Як вынік, неўзабаве пасля ядзернага кроку Пуціна ў офісе прэзідэнта Зяленскага заявілі, што ўкраінскія чыноўнікі ўсё ж такі паедуць на беларускую мяжу для перамоваў.
Расейскае выданне Грани.ру падводзіць некаторыя вынікі расейскага ўварвання. «Мэтай гэтай вайны (якую ў Расеі забаронена называць вайной, а толькі «спецыяльнай аперацыяй») Уладзімір Пуцін цалкам адкрыта абазначыў знішчэнне незалежнай Украінскай дзяржавы і устанаўленне ў Кіеве марыянетачнага прарасейскага рэжыму.
Падобна, Пуцін разлічваў на супербліцкрыг, збіраўся ўправіцца з Украінай за 2-3 дні. Верагодна, ён спадзяваўся, што за такі кароткі тэрмін заходнія дзяржавы нават не паспеюць увесці антырасейскія санкцыі. А потым іх ужо можна будзе паставіць перад фактам акупацыі Кіева. Расейскія войскі пачалі наступленне па ўсёй лініі расейска-ўкраінскай мяжы і на лініі фронту ў Данбасе. Акрамя таго, расейскія войскі ўварваліся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Адваротным бокам такой стратэгіі стала тое, што расейскія сілы таксама аказаліся расцягнутымі і на галоўных напрамках не ўдалося стварыць дастаткова магутнай групоўкі. Расейскае камандаванне пры планаванні вайны супраць Украіны імкнулася паўтарыць досвед двух амерыканскіх аперацый супраць Ірака. Спачатку – ракетна-бомбавыя ўдары, пасля – удар паветрана-дэсантнымі і мабільнымі злучэннямі. Аднак з-за паспешлівасці нічога не атрымалася. Украінская армія захавала кіравальнасць і баяздольнасць, наносіць агрэсару вялікія страты і пакуль што ўтрымлівае сталіцу і ўсе буйныя гарады. Дэзерцірства і масавай здачы ў палон няма. Наадварот, у ваенкаматы па ўсёй Украіне выстройваюцца чэргі з добраахвотнікаў і прызыўнікоў. А вось расейскія страты забітымі і параненымі сапраўды вельмі вялікія», – піша расейскае выданне і прыводзіць дакументальныя сведчанні з франтоў.
Канцлер Германіі Олаф Шольц назваў напад на Украіну “вайной Пуціна”, а не расейскага народу, ды паабяцаў павялічыць траты ФРГ на абарону і падкрэсліў, што не адмаўляецца ад перагавораў з Крамлём. «А вось любое ваеннае ўмяшанне з боку НАТА стане смяротнай памылкай», – папярэджвае балгарскае выданне e-vestnik.
«Калі НАТА ўмяшаецца і акажа ваенную дапамогу Украіне, то атрымаем Трэцюю сусветную вайну. З гледзішча ЗША гэта можа падацца не такім ужо страшным раскладам, але з еўрапейскага гледзішча гэта выглядае страшна. Неабходна знайсці іншае рашэнне, як тое не раз атрымоўвалася зрабіць пасля Другой сусветнай вайны. Гвалт не дапаможа. Але ў палітыцы і дыпламатыі магчыма ўсё, бо сусветная вайна ў XXI стагоддзі не з’яўляецца рашэннем, і можа азначаць канец цывілізацыі», – падкрэслівае балгарскае выданне.
Мінабароны РФ упершыню прызнала страты ва Ўкраіне. У ведамстве заявілі, што іх «шматкроць» менш, чым сярод «нацыяналістаў і ўкраінскіх узброеных сіл». «Пуцін сам падпісаў сабе прысуд», – піша польская газета Wprost.
«Не варта забывацца на тое, што нават Сталін, пры якім расейскі імперыялізм дасягнуў найбольшага размаху, ніколі не ішоў на тое, каб наўпрост увязвацца ў канфлікт з дэмакратычным Захадам. Уладзімір Пуцін пайшоў па шляху Адольфа Гітлера, а гэта ў цывілізаваным свеце больш, чым злачынства, гэта – памылка. Сёння Пуцін можа радавацца таму, якое ўражанне ён зрабіў на сусветную супольнасць сваёй агрэсіяй супраць Украіны. Аднак гэта для яго слабае суцяшэнне, бо цяпер усім вядома, што яму нельга давяраць. Рана ці позна ён скончыць як Гітлер – у абложаным бункеры», – упэўнена польскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Array
