Агляд прэсы: ахова прыстойнасці



Як Менск змагаецца з трыма крызісамі. Сустрэча Шольца і Макрона ў Парыжы. Міністр абароны Румыніі сыходзіць у адстаўку. У Чэхіі прэзідэнт Земан выклікаў скандал. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Нядаўна ва Украіне пачалася дыскусія наконт палітыкі Кіева ў дачыненні да Беларусі. Адной з яt праяваў з’яўляецца нядаўняя прапанова групы дэпутатаў з розных парламенцкіх фракцый, прызнаць суседнюю краіну акупаванай Расеяй тэрыторыяй. Калі б адпаведны закон быў прыняты Вярхоўнай Радай, гэта разарвала б афіцыйныя дыпламатычныя адносіны паміж Кіевам і Менскам, але і паставіла б пытанне, каго лічыць законным прадстаўніком беларускага народу», – прагназуе польскае выданне wPolsce.pl.

«Дэпутаты, якія рыхтавалі законапраект, нядаўна сустрэліся з камандаваннем палка Каліноўскага, таму цалкам відавочна, каго яны лічаць ядром вольнай Беларусі. Калі б Вярхоўная Рада прыняла прапанаваны закон, мы б таксама мелі справу з фактычным запускам Кіевам праграмы «Праметэй», бо трэба памятаць, што нядаўна ўкраінскі парламент прызнаў Чачню тэрыторыяй, акупаванай расейцамі, і прэзідэнт Зяленскі выступіў з адпаведнай заявай. Аналітыкі адзначаюць, што рэжым Лукашэнкі апынуўся ў «суагрэсарскай пастцы». Беларусь не ўплывае ні на дзеянні галоўнага агрэсара (Расеі), ні на развіццё сітуацыі ў цэлым, але церпіць наступствы, прычым у некаторых сферах, нават у большым маштабе, чым галоўны агрэсар. Пакуль што галоўная перавага Менска ў тым, што беларуская армія не прымала непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях супраць Украіны. Сцэнар, які таксама варта разглядаць, прынамсі ў Менску, — гэта той сцэнар, які прадугледжвае, што перад абліччам  паразы расейцы вырашаць выкарыстаць свой ядзерны патэнцыял, а гэта прывядзе да пераносу ваенных дзеянняў у Беларусь. Такі паварот падзей павінен скончыцца катастрафічна для Беларусі, а значыць, трэба актывізаваць намаганні па выхадзе Менска са стратэгічнай пасткі, у якой ён апынуўся. Сярод прапановаў ратавання Беларусі – актыўны «кітайскі фактар», калі краіна стане «сувязным звяном» паміж Кітаем і Еўропай», – адзначае польскае выданне.

Канцлер ФРГ Шольц і прэзідэнт Францыі Макрон сустрэліся ў сераду ў Парыжы за сумеснай вячэрай. Планавалася, што гэта дапаможа ім зблізіць свае пазіцыі. Сустрэча працягнулася каля трох гадзін. Пасля яе заканчэння нямецкім бокам было заяўлена, што мела месца вельмі канструктыўная гутарка, падчас якой абмяркоўваліся такія тэмы, як рост коштаў, энергазабеспячэнне і праекты ў галіне абароны і ўзбраенняў. Бакі дамовіліся аб стварэнні сумесных працоўных груп у гэтых сферах. Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі з нагоды германа-французскага тандэму. «Францыя ў крыўдзе на Нямеччыну з-за шэрагу прынятых Берлінам рашэнняў», – такім назіраннем дзеліцца харвацкая газета Jutarnji list.

«Спачатку Германія і Францыя выступалі з розных пазіцый падчас спрэчкі, якая разгарнулася ў ЕЗ аб тым, ці варта прызнаваць атамную энергетыку зялёнай. Потым Францыя, як і большасць краін ЕЗ, пакрыўдзілася на Германію за тое, што тая прыняла рашэнне аб 200-мільярдным пакеце дапамогі сваёй эканоміцы. Асаблівай абыходлівасці і сімпатыі адзін да аднаго не назіралася і падчас абмеркаванняў ідэі аб будаўніцтве Іберыйскага газаправода. Аднак галоўным бяльмом на воку Парыжа, як уяўляецца, стала рашэнне Нямеччыны падвысіць сваю абароназдольнасць пры дапамозе закупак ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў у ЗША», – піша харвацкае выданне.

У панядзелак міністр абароны Румыніі Васіле Дынку пайшоў у адстаўку. Прычынай гэтага ён назваў немагчымасць далейшага супрацоўніцтва з прэзідэнтам Клаўсам Ёханісам, які з’яўляецца таксама вярхоўным галоўнакамандуючым румынскай арміі. Ёханіс сурова адчытаў Дынку пасля таго, як той заклікаў да мірных перамоваў паміж Захадам і Расеяй. Як заявіў Дынку, сэнсу весці перамовы з Расеяй няма, бо яна не гатовая пайсці на тэрытарыяльныя саступкі. «Гэтая спрэчка – сведчанне канфлікту, які не можа не занепакоіць НАТА» – піша румынская газета Adevărul.

«Калі міністр абароны кажа, што прэзідэнт краіны баязлівы, псіхічна неўраўнаважаны і настолькі няздольны да інстытуцыйнага супрацоўніцтва, што пад пагрозай аказваюцца баяздольнасць войска, нацыянальная бяспека і аперацыі войскаў НАТА ў самой Румыніі, то тады ў НАТА з’яўляецца вялізная праблема, прычым у разгар ваеннага канфлікту на кантыненце. Мы не павінны дзівіцца, калі ў найбліжэйшай будучыні з-за мяжы запатрабуюць адстаўкі Клаўса Ёханіса. Не, не для таго, каб прызначыць яго генеральным сакратаром НАТА, а для таго каб выкінуць яго на звалку гісторыі. Ва ўмовах вайны ў кіраўніцтва павінны стаяць моцныя асобы, а не неўраўнаважаныя тыпы, якія шкодзяць блоку НАТА», – падкрэслівае румынскае выданне.

28 кастрычніка – у дзень дзяржаўнага свята – прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан па традыцыі  ўшаноўвае ў Пражскім Градзе заслужаных грамадзян краіны. Аднак на гэтым урачыстым мерапрыемстве не будуць прысутнічаць спікеры абедзвюх палат парламента: кіраўнік дзяржавы іх проста не запрасіў. А гэта ж другая і трэцяя асоба ў краіне! Падобны афронт з боку Земана, па ўсёй бачнасці, прадыктаваны тым, што тыя недастаткова да яго лаяльныя. Аглядальнікі абураныя. Чэшская газета Lidové noviny рэзка крытыкуе прэзідэнта.

«Гаворка тут ідзе не пра прыватную вечарынку Мілаша Земана, на якую ён можа запрасіць, каго захоча. Гэта афіцыйнае, хоць і вельмі цырыманіяльнае мерапрыемства, закліканае падкрэсліць бесперапыннасць гісторыі Рэспублікі з моманту яе заснавання ў 1918 годзе і аддаць належнае выбітнаму ўкладу асобных грамадзян у развіццё нашай дзяржавы і грамадства. Прэзідэнт паставіў сябе ў няёмкае становішча, не запрасіўшы спікераў абедзвюх палат парламента. І таму яму прыйшлося выслухаць бесстароннія, але праўдзівыя словы. Напрыклад, ад сенатара Міраславы Нямцовай, якая назвала яго помслівым цынікам», – заўважае чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Array