Агляд прэсы: ахвяры дзеля жыцця



Лукашэнка сутыкнуўся з бунтам афіцэраў супраць вайны ва Украіне. Данбаскі аблом. Ваенная цана росту коштаў энергіі ў Еўропе. У Італіі высыхае найбуйнейшая рака По. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лукашэнка, магчыма, рыхтуецца да бунту з боку ўласных вайскоўцаў пасля таго, як яны нядаўна выказаліся супраць расейскай вайны ва Украіне. Старэйшыя афіцэры пятай брыгады спецназа перасцераглі ў адкрытым лісце Лукашэнку ад адпраўкі войскаў ваяваць ва Украіну, назваўшы такое рашэнне «чыстым самагубствам», – паведамляе амерыканская газета Newsweek.

«Як пішуць вайскоўцы, уступаючы ў вайну супраць Украіны, Беларусь будзе выкінутая з супольнасці цывілізаваных дзяржаў і на доўгія гады будзе міжнародным ізгоем. Беларусь і без таго дазволіла Расеі размясціць у краіне свае войскі і правесці маштабныя вайсковыя вучэнні з пачатку вайны, якая пачалася напрыканцы лютага. На дадзены момант афіцэры пятай брыгады спецназу зафіксавалі найгрубейшае парушэнне вышэйшым палітычным кіраўніцтвам Расеі першага артыкулу Канстытуцыі Беларусі. Згодна з гэтым пунктам, за Рэспублікай Беларусь захоўваецца вяршэнства і паўната ўлады, яна таксама карыстаецца незалежнасцю ў сваёй унутранай і знешняй палітыцы. Беларусы таксама не падтрымліваюць вайну ва Украіне, а адсотак, які падтрымаў вайну, падае з сакавіка», – піша амерыканскае выданне і чакае каментары ад Міністэрства замежных спраў Беларусі.

«Расейска-ўкраінская вайна па працягласці ўжо перасягнула савецка-фінскую 1939-1940 гадоў. Расейскае войска, нягледзячы на перавагу ў колькасці асабовага складу і асабліва ў агнявой моцы, да гэтага часу не можа пахваліцца значнымі вынікамі», – падводзіць прамежкавыя вынікі расейскае незалежнае выданне Graniru.

„Расейскі наступ на Данбас задумваўся як Каны. Яго канчатковым вынікам павінен быў стаць грандыёзны «кацёл» для асноўнай часткі данбаскай групоўкі ВСУ. У выніку ж усё звялося да захопу расейскім войскам Севераданецка і Лісічанска, і гэты чыста тактычны поспех расейская прапаганда зараз спрабуе выдаць за вялікую перамогу рускай зброі. Але расейскім войскам не ўдалося ўтварыць ніводнага «катла», нават невялікага. Наогул расейска-ўкраінская вайна – гэта не пра «катлы»: занізкая аператыўная шчыльнасць войскаў, занадта высокая мабільнасць тых, каго спрабуюць атачыць. Пераважная большасць баёў адбываецца дыстанцыйна, часам на адлегласці ў дзясяткі кіламетраў паміж супрацьлеглымі бакамі. Расейскія генералы, плануючы новы вялікі «кацёл» па тыпе сталінградскага, відавочна заставаліся ў палоне паданняў эпохі Другой сусветнай вайны. З той жа эпохі і расейская тактыка, якая складаецца з масіраванага ракетна-артылерыйскага абстрэлу абароны суперніка і прыносіць адносны поспех толькі таму, што ўкраінская армія, якая яшчэ не завяршыла пераход на калібры НАТО, адчувае востры дэфіцыт 152-міліметровых снарадаўПоспех украінскага контрнаступлення будзе цалкам залежаць ад паставак Украіне заходніх узбраенняў, якая толькі пры такіх умовах здолее пераламіць ход вайны», – прагназуе расейскае выданне.

У выніку забароны на імпарт расейскай нафты, а таксама рэзкага скарачэння паставак газу з боку Расеі кошты на энергію ў Еўропе ўзляцелі. Інфляцыя ў еўразоне таксама высокая – 8,6 працэнта. Еўрапейскія СМІ пішуць пра тое, якімі павінны быць прыярытэты сёння, а таксама разважаюць, у каго мацней нервы. Балгарскае выданне 24 Chasa мяркуе, што калі ў Еўропе з-за растучых коштаў пачнуцца сацыяльныя хваляванні, то ў Пуціна з’явіцца шанец расхістаць адзінства Захаду.

«Некаторыя краіны могуць пачаць аднабаковыя перамовы з Расеяй, у прыватнасці, аб выгодных газавых здзелках. Галоўным кандыдатам на такую ролю з’яўляецца Германія: там ужо разглядаюцца планы па закрыцці хімічных заводаў і прадпрыемстваў па вытворчасці угнаенняў, і пачалося гэта яшчэ да вайны, з прычыны занадта высокіх цэнаў на газ. Менавіта таму Захад павінен неадкладна даць масіраваную ваенную, эканамічную і геапалітычную дапамогу Украіне  і аказаць ціск на Кітай і Індыю, з тым, каб тыя спынілі аказваць дапамогу Расеі», – заклікае балгарскае выданне.

«Найбуйнейшая ў Італіі рака По працягвае высыхаць. Цяперашнюю засуху на поўначы Італіі называюць наймацнейшай за апошнія 70 гадоў. Яна выклікана адсутнасцю дажджоў вясной і летам, снегу зімой і больш высокімі летнімі тэмпературамі», – перадае ўкраінскае выданне Укрінформ.

«Для італьянцаў гэта чарговы напамін аб трывожных наступствах кліматычных змен,  як і абвальванне з-за спякоты ледніка ў Даламітах на мінулым тыдні, якое забрала жыцці 11 чалавек. Фермеры з даліны По кажуць, што месцамі рака перасохла, а на некаторых яе ўчастках у струмень трапляе салёная марская вада, і гэта пагібельна для пасеваў. Рака По распасціраецца па поўначы Італіі на 650 км, ад паўднёва-заходніх Альпаў да Адрыятычнага мора. Вакол яе круціцца жыццё шматлікіх мясцовых супольнасцяў. З ёй звязана амаль трэць сельскагаспадарчага сектара ўсёй Італіі. Прагноз надвор’я на бліжэйшы час не абяцае дастатковай колькасці ападкаў, якія б змаглі разбавіць салёную ваду. Кіраўнік Упраўлення басейна ракі По адзначае, што такіх лакальных мераў недастаткова, каб справіцца з сітуацыяй. Трэба, каб пераход эканомікі на зялёныя рэйкі паскорыўся. Таксама італьянскі ўрад абвясціў у пяці паўночных рэгіёнах надзвычайную сітуацыю з-за самай моцнай засухі ў краіне за апошнія 70 гадоў», – адзначае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Array