Агляд прэсы: апошні парад?



Масква: Дзень Перамогі – на фоне вайны. Еўропа: як адзначаць 9 траўня? Аўстрыя: змаганне з ростам коштаў на прадукты харчавання. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

На Чырвонай Плошчы ў Маскве прайшоў ваенны парад у гонар перамогі Савецкага Саюза над гітлераўскай Германіяй. З 9 мая 2015 года Дзень Перамогі ў Расеі фактычна выкарыстоўваецца таксама і для легітымацыі вайны супраць Украіны. Сёлета свята праходзіць у нервовым становішчы: не ў апошнюю чаргу з прычыны нядаўняга інцыдэнту з дронамі, якія атакавалі Сенацкі палац на тэрыторыі Маскоўскага Крамля. Аглядальнікі аналізуюць тое, як у Расеі паступова трансфармавалася значэнне 9 Мая і як амаль пад прымусам кіраўнікі постсавецкіх краін трапілі на сёлетні парад.

«Парад 9 мая на Краснай плошчы – цэнтральнае дзейства пуцінскай рэлігіі, восевая падзея пуцінскага сусвету. Калі ўвесь свет павінен бачыць, што яны «могуць паўтарыць». Цяперашні парад быў самым кароткім за апошнія 20 гадоў – ён доўжыўся ўсяго 45 хвілін. Колькасць удзельнікаў – рэкордна нізкая за 15 гадоў. Усяго 8 тысяч вайскоўцаў, колькасць тэхнікі скарацілася амаль у чатыры разы, на парадзе не было авіяцыі і калоны танкаў. Дый вясельных генералаў удалося сабраць літаральна ў апошні момант. Лукашэнка як быццам ехаць не збіраўся – лічылі, што спецыяльна прыкінуўся хворым. Але прыехаў. Нягледзячы на тое, што выглядаў на самой справе дрэнна. Сядзеў са скажоным пакутай тварам, ледзьве рухаўся, у Аляксандраўскі сад яго прыйшлося падвозіць на электракары, бо дайсці ён быў не ў стане. Журналісты заўважылі ў яго на руцэ бінт, які ўрачы выкарыстоўваюць для фіксацыі катэтара. Паводле некаторых звестак, з Крамля Лукашэнку павезлі ў аэрапорт у суправаджэнні хуткіх», – піша расейскае незалежнае выданне Graniru.

Заканчэнне Другой сусветнай вайны адзначаюць 9 мая не толькі ў Маскве. У Еўразвязе, а з гэтага часу і ва Украіне – гэты дзень таксама адзначаецца як Дзень Еўропы ў імя міру і адзінства. Гэта гадавіна падпісання Дэкларацыі Шумана, якая паклала пачатак ідэі стварэння Еўрапейскага саюза. Як і ўсе іншыя, журналісты задаюцца пытаннем, як адзначаць гэты дзень, улічваючы важкі ўнёсак Чырвонай Арміі ў справу перамогі над нацысцкай Германіяй. Эстонская газета Postimees са змяшанымі пачуццямі назірае за Днём Еўропы.

«Трэба глядзець праўдзе ў вочы. 9 мая 2023 года ў Еўропе няма міру, і ЕЗ рыхтуецца вырабіць для Украіны мільён снарадаў – у якасці праекта па ўстанаўленні міру. Такім чынам, значэнне Дня Еўропы змянілася, і перад абліччам цяперашняй вайны не можа быць вяртання да мірнага праекта мінулага. Вырашальным фактарам з’яўляецца тое, як менавіта сённяшнія еўрапейцы глядзяць на будучыню, у тым ліку і на будучыню інтэграванай у Еўропу Украіны. У рэшце рэшт, украінцы змагаюцца за тыя ж самыя каштоўнасці, якім прысвечаны Дзень Еўропы: дэмакратычныя свабоды, салідарнасць, узаемная павага і павага да чалавечага жыцця», – падкрэслівае эстонская газета.

З прычыны рэзкага росту коштаў на прадукты харчавання міністр урада Аўстрыі па сацыяльных пытаннях Ёханэс Раўх склікаў у панядзелак адмысловую сустрэчу з удзелам сацыяльных партнёраў, прадстаўнікоў харчовага сектара і розных экспертаў. На дадзены момант інфляцыя ў Аўстрыі дасягнула адзнакі амаль у дзесяць працэнтаў, а ў галіне цэн на прадукты харчавання яна падскочыла аж да 14,5 працэнты. Сярод іншага ўдзельнікі нарады абмяркоўвалі магчымасць зніжэння падатку на дабаўленую вартасць, аднак згоды ім дасягнуць не ўдалося. «Саміт скончыўся безвынікова, і дзівіцца тут няма чаму», – язвіць аўстрыйская газета Die Presse.

«Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ўсе пытанні і прыйшлі да высновы, што ўсё «вельмі складана». А таму, маўляў, і нельга зрабіць канкрэтных крокаў па зніжэнні коштаў на прадукты харчавання, якія ўжо ўзляцелі да нябёсаў. Прадстаўнікі палітыкума палічылі, што нялёгка рэгуляваць кошты, калі самі гандлёвыя сеткі пярэчаць рэгуляванню зверху. Таму ўсё застанецца так, як ёсьць. У тым і пытанне: кіруючая кааліцыя зацікаўлена не столькі ў вырашэнні назапашаных праблем, колькі ў стварэнні палітычнай бачнасці іх вырашэння. Вось так і арганізуюцца сустрэча за сустрэчай, па выніках якіх застаецца толькі страсенне паветра і ніякіх бачных вынікаў. А замест гэтага ўрад павінен быў бы займацца распрацоўкай адпаведных мераў», – наракае аўстрыйскае выданне.

10 мая ў дацкім парламенце адбудзецца галасаванне наконт законапраекта аб тым, як трэба выкладаць у школах спрэчку вакол карыкатур на прарока Мухамеда, якая разгарэлася ў краіне ў 2005-2006 гадах. Апублікаваныя ў газеце Jyllands-Posten сатырычныя малюнкі, якія паказваюць галоўнага мусульманскага прарока ў тым ліку ў выглядзе тэрарыста, выклікалі абвастрэнне ў дыпламатычнай сферы, праявы выпадкаў экстрэмізму, беспарадкі, пратэсты, публікацыі старых і новых карыкатур, а таксама тэракты. Дацкі штотыднёвік Weekendavisen вітае заканадаўчую ініцыятыву.

«Мы не апантаныя вайной супраць нашых суграмадзян-мусульман і не знаходзімся з імі ў канфлікце. Наадварот, ёсць ісламісты, якія спрабуюць заваяваць Данію, кіруючыся сваім ідэалагічным падыходам. Яны пускаюць у ход дзейсную камбінацыю з нястомных абвінавачванняў у ісламафобіі і расізме, пагроз фізічнай расправы і жорсткага сацыяльнага кантролю і маюць намер такім чынам запалохаць як прадэмакратычна настроеных мусульман, так і добрых дацкіх настаўнікаў і ўсіх іншых людзей добрай волі. Калі мы не хочам страціць адзін аднаго, то мы павінны, у тым ліку і ў парламенце, праявіць дэмакратычную бясстрашнасць, даючы дзецям веды аб нашай уласнай гісторыі і перадаючы ім нашы ўласныя каштоўнасці, не ў апошнюю чаргу дзеля дабра дэмакратычна настроеных мусульман і нашай агульнай будучыні», – піша дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка