Агляд прэсы: апошнія фармальнасці
Былая беларуская палітвязень Ганна Комар выступіць у парламенце Шатландыі. Энергетычны крызіс: каму насамрэч шкодзяць санкцыі? Як будуць зімаваць еўрапейцы? Швецыя на скрыжаванні: зараз направа? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лаўрэатка паэтычнай прэміі, якая была палітвязнем падчас жудаснага разгону дэмакратычных пратэстаў у Беларусі, выступіць у парламенце Шатландыі», – піша шатландскае выданне The National.
«Мэта выступу – праліць святло на тое, як народ Беларусі працягвае супраціўляцца дыктатуры, рызыкуючы сваёй свабодай і жыццём, каб пабудаваць новую нацыю. Ганна Комар, якая была арыштаваная падчас пратэстаў, з’яўляецца ўдзельніцай новай пастаноўкі доўгатэрміновага праекта тэатральнай кампаніі ice&fire «Акцёры за правы чалавека», якая засяроджваецца на выбарчым крызісе ў Беларусі 2020 года і яго наступствах.
Прэм’ера п’есы адбудзецца ў Эдынбургу ў парламенце Шатландыі напрыканцы гэтага месяца, а затым будзе пастаўлена ў Шатландскім апавядальным цэнтры, перш чым яна стане даступнай для гастроляў па Вялікабрытаніі», – анансуе шатландскае выданне.
Пуцін заявіў, што антырасейскія санкцыі праваліліся і сталі «пагрозай для ўсяго свету». Незадоўга да гэтага Крэмль падліў масла ў агонь цяперашняга энергетычнага крызісу, поўнасцю прыпыніўшы пастаўкі газу па Паўночным патоку-1. Такое рашэнне было прынята Масквой на фоне планаў Вялікай сямёркі і ЕС увесці абмежаванне коштаў на імпарт энерганосьбітаў з Расеі.
«Расейскае войска пакутуе ад недахопу электронных чыпаў для сістэм узбраення», – адзначае балгарскае выданне News.bg.
«Самай вялікай праблемай для расейцаў з’яўляецца не кошт на гэтыя чыпы, а тое, што іх вытворцамі ў асноўным з’яўляюцца амерыканскія кампаніі. Па гэтай прычыне Масква вымушана ісці на наступныя дзве меры: па-першае, расейскім вайскоўцам усё часцей даводзіцца выкарыстоўваць на полі бою старыя савецкія боепрыпасы, прыдатнасць і функцыянальнасць якіх уяўляюцца вельмі сумнеўнымі і рызыкоўнымі. Па-другое, Масква зараз вымушана імпартуе зброю і боепрыпасы з іншых краін, як то: беспілотнікі з Ірана і артылерыйскія снарады з Паўночнай Карэі. Аднак наколькі яны надзейныя – таксама вялікае пытанне», – адзначае балгарскае выданне.
Імклівы рост коштаў на энерганосьбіты з’яўляецца праблемай не толькі для ЕЗ у цэлым. Кожная з краін, якія ўваходзяць у супольнасць, разглядае меры, пры дапамозе якіх можна было б змякчыць наступствы крызісу для насельніцтва. Адмысловую турботу аглядальнікаў выклікае набліжэнне сезону халадоў.
Латвійская газета Diena піша пра тое, чаму маючая адбыцца зіма стане няпростай для жыхароў Латвіі.
«Па-першае, латвійская энергетыка ўжо многія гады цесна звязана з пастаўкамі прыроднага газу з Расеі. Па-другое, мясцовы клімат патрабуе ацяплення жылля шэсць месяцаў у годзе, што не дазваляе грамадзянам Латвіі гэтак жа спакойна глядзець на сітуацыю, як гэта могуць сабе дазволіць жыхары еўрапейскага поўдня. Па-трэцяе, статыстыка дэманструе, што ўзровень дабрабыту латвійскага грамадства – адзін з самых нізкіх у ЕЗ. Рост коштаў на энергію прымушае нас трывожыцца пра тое, як мы будзем плаціць па рахунках. Таму жыхары нашай краіны не могуць пачувацца гэтак жа спакойна, як больш забяспечаныя жыхары скандынаўскіх краін ці Нямеччыны», – папярэджвае латвійскае выданне.
У нядзелю грамадзяне Швецыі абралі новы парламент. Правапапулісцкая партыя Шведскія дэмакраты нарабілі шмат шуму, бо само іх уваходжанне ў новы ўрад будзе азначаць набыццё апошнім правага характару. Мясцовая прэса занепакоена высокім узроўнем падтрымкі партыі, чые вытокі знаходзяцца ў праваэкстрэмісцкім асяроддзі. Шведская газета Dagens Nyheter здзіўлена пытаецца, як справа магла дайсці да таго, што партыя ультраправага кшталту змагла займець такую шырокую падтрымку насельніцтва.
«Чаму ж уздымае галаву нацыяналізм? Можа быць, таму што ўспаміны цьмянеюць. Мінулае бясследна знікае ў люстэрку задняга вiду, а сіла і магчымасці сучаснасці вабна клічуць за сабой. Шведскія дэмакраты могуць стаць часткай кіруючай кааліцыі, і не выключана, што нават самай буйной, моцнай і ўплывовай партыяй у новым кабінеце. Не, гісторыя нічаму нас не навучыла!», – занепакоена шведскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array