Агляд прэсы: арда роспачы

Як ЧВК Вагнер прыватызуе вайну. Прэм’ер Чэхіі супраць удзелу Расеі і Беларусі ў Алімпіядзе-2024. Тысячы загінуўшых у выніку землятрусу ў Турцыі і Сірыі. Жыллёвыя праблемы Еўропы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэм’ер-міністр Чэхіі Пётр Фіала заявіў, што на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе не павінны ўдзельнічаць беларускія і расейскія спартсмены пасля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што імкнецца ўключыць іх у якасці нейтральных удзельнікаў», – піша міжнароднае выданне The Euractiv.
„Заява Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) выклікала рэзананс, бо пацвердзіла ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў як нейтральных у будучай Алімпіядзе. У той час як ЗША і ААН шырока падтрымалі гэтую заяву, Польшча, Украіна, краіны Балтыі, а цяпер і Чэхія, рэзка раскрытыкавалі заявы МАК. Да іх далучыўся і Алімпійскі камітэт Чэхіі, які заявіў, што выступае за захаванне цяперашніх санкцый, якія не дазволяць гэтым спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах. Аднак чэшскі камітэт не пойдзе на байкот Гульняў у выпадку ўдзелу расейскіх і беларускіх спартсменаў — гэты крок разглядаюць Польшча, Украіна і краіны Балтыі. Чакаецца, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца 10 лютага падчас анлайн-сустрэчы еўрапейскіх міністраў спорту, якую будзе праводзіць Вялікабрытанія», – паведамляе еўрапейскае выданне.
***
У выніку наймацнейшага землятрусу, які здарыўся на тэрыторыі Турцыі і Сірыі, загінулі тысячы людзей. Многія тысячы раптоўна пазбавіліся даху над галавой, і зараз гібеюць на марозе. Дзесяткі тысяч пакінулі свае дамы з-за страху перад новымі падземнымі штуршкамі. Шэраг краін неадкладна прапанавалі сваю дапамогу, сярод іх ЗША, Кітай, Расея, Украіна, Ізраіль і Грэцыя. Еўрапейская прэса піша пра тое, што вялікая колькасць ахвяр тлумачыцца не толькі інтэнсіўнасцю землятрусу. «Маштаб трагедыі ў выніку стыхійных бедстваў шмат у чым залежыць ад чалавека», – піша італьянская газета La Stampa.
«Цывілізацыі homo sapiens існуюць на Зямлі толькі дзякуючы часоваму геалагічнаму кансэнсусу, які ў любы момант можа быць зноў разарваны без якога-небудзь папярэджання. Але што б ні адбывалася, мы працягваем засяляць людзей у сейсманебяспечных рэгіёнах Міжземнаморскага басейна, не звяртаючы на гэта ўвагі. Сімвалам гэтага землятрусу стаў дзесяціпавярховы дом, які склаўся, як картачны домік. Як такое магло адбыцца? Варта памятаць пра тое, што смяротную небяспеку нясуць не самі землятрусы, але так-сяк пабудаваныя дамы, і ў гэтых адносінах Турцыя і Сірыя вельмі нагадваюць Італію», – наракае італьянскае выданне.
***
У вайне супраць Украіны ўдзельнічаюць не толькі вайскоўцы расейскай арміі, але і найміты з ЧВК Вагнер, заснаванай Яўгенам Прыгожыным. Чальцы гэтай групы праславіліся асаблівай жорсткасцю, а некаторыя з іх адправіліся на фронт наўпрост з турмаў. Аглядальнікі занепакоеныя дзейнасцю прыватных войскаў. «Прыватныя вайсковыя кампаніі апускаюць Расею ў небяспечны хаос», – піша літоўская газета LRT.
«У выпадку ПВК лічыцца, што яны, хутчэй за ўсё, атрымліваюць заданні напрамую ад Уладзіміра Пуціна ці праз блізкіх яму людзей. ПВК, фундаваныя капіталам алігархаў, плодзяць новых дробных дыктатараў, новых пуціных, і такім чынам ствараюць перадумовы для вайны алігархаў. Прыватныя ваенныя кампаніі пераносяць свае арганізацыйныя і дзелавыя цэнтры, а таксама свае сістэмы бяспекі ў Расею, у спецыяльныя цэнтры ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Севастопалі і Екацярынбурзе. Алігархі крок за крокам ствараюць свае ўласныя вайсковыя структуры і спрабуюць супрацоўнічаць з карумпаванымі вайскоўцамі і сілавымі структурамі, з тым каб падарваць іх знутры», – папярэджвае літоўскае выданне.
***
Яшчэ да пандэміі сітуацыя ў жыллёвай сферы ў Еўропе была вельмі напружанай: разам з ростам арэнднай платы адзначаўся недахоп свабодных кватэр і дамоў. Цяпер жа, на фоне вайны ва Украіне, інфляцыі, росту коштаў на энерганосьбіты і будматэрыялы праблема абвастрылася яшчэ больш. І найперш гэта тычыцца вялікіх гарадоў. Нягледзячы на ўсе рэгіянальныя адрозненні, прэса адзіная ў тым, што патрабуецца ўмяшанне дзяржавы і павелічэнне інвестыцый. Па дадзеных даследавання, прадстаўленага 12 студзеня аб’яднаннем Soziales Wohnen, у Нямеччыне цяпер бракуе 700 тысяч кватэр. «Аднак за кошт аднаго толькі інтэнсіўнага будаўніцтва праблему высокіх квартплат не вырашыць», – падкрэслівае нямецкае выданне Zeit Online.
«Немагчыма за кароткі тэрмін пабудаваць у нямецкіх гарадах столькі новых кватэр, колькі было б неабходна для зніжэння арэнднай платы. Пакуль на кожную кватэру будзе прэтэндаваць некалькі сушукальнікаў, няхай усяго пяць ці дзесяць, перавага ў перамовах аб памеры аплаты заўсёды будзе на баку арэндадаўцаў. І яны будуць ёй карыстацца, бо мы жывем ва ўмовах рынкавай эканомікі. Арэндная плата працягне расці, калі толькі ўлады не паставяць гэтаму заслон, напрыклад, за кошт увядзення своеасаблівай столі коштаў», – прапануе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array