Агляд прэсы: банальнае сусветнае панаванне
Вярбоўка грамадзян Літвы, якія едуць у Беларусь і Расею. Намеры нацысцкага рэжыму Пуціна. Алігархі заўсёды на крок наперадзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Контрвыведка Літвы фіксуе выпадкі, калі грамадзян Літвы, якія едуць у Расею ці Беларусь, вербуюць для шпіянажу. Пра гэта на пачатку тыдня папярэджваў і Дэпартамент дзяржбяспекі. Так зафіксаваны шэраг выпадкаў, калі робяцца спробы вярбоўкі літоўцаў. Расейскія і беларускія спецслужбы вымушаныя пайсці на такія дзеянні, таму што іх магчымасці дзейнічаць на тэрыторыі Літвы зніжаны», – піша літоўскае выданне The Baltic Times.
У матэрыяле падкрэсліваецца, што ў чацвер Беларусь абвясціла, што грамадзяне Латвіі і Літвы змогуць прыязджаць у Беларусь без візы на працягу месяца, з 15 красавіка па 15 траўня.
«Прэса ламае галаву: у чым жа мэта ўварвання нацысцкай Расеі ва Украіну? Крамлёўскія афіцыйныя асобы мяняюць заяўленыя мэты як пальчаткі. А неразуменне мэтаў ворага замінае выпрацоўваць аптымальную стратэгію», – піша апыазіцыйнае расейскае выданне Грани.ру.
«Рэальнасць, якая складаецца ў тым, што і абарона «народа Данбаса», і вызваленне ўсёй Украіны ад «нацыяналістаў», і звяржэнне сусветнай гегемоніі ЗША – гэта не розныя мэты, у якіх заблытаўся сам Крэмль. Гэта адна і тая ж мэта, да якой Крэмль ідзе паслядоўна і няўхільна. Мэта простая і добра вядомая з гісторыі. Гавораць, што ў аснове тэорыі і практыкі германскага нацызму ляжала ідэя сусветнага панавання вышэйшай арыйскай расы. Сусветнае панаванне – гэта калі ты можаш паставіць свой акупацыйны гарнізон куды палічыш патрэбным, а астатні мір з гэтым згаджаецца. Гэта калі ты дыктуеш свету свае правілы. І сам можаш іх мяняць па сваім меркаванні. Гэта і з’яўляецца мэтай нацысцкага рэжыму Пуціна. Свет павінен усвядоміць гэтую вайну як антыфашысцкую вайну. Якая павінна весціся гэтак жа, як вяла сваю вайну Антыгітлераўская кааліцыя. Да поўнай і безумоўнай капітуляцыі агрэсара, які развязаў гэтую вайну. Да ліквідацыі нацысцкага рэжыму ў Расеі. І да пакарання нацысцкіх злачынцаў. Не толькі ваенных, але і тых, хто рыхтаваў глебу для ваенных злачынстваў. Хто разбэшчваў народ атрутай нацысцкай ідэалогіі», – заклікае расейскае выданне.
На сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ не ўдалося дасягнуць агульнай дамоўленасці аб нафтавым эмбарга супраць Расеі. Урад Нідэрландаў зараз апынуўся пад шквалам крытыкі за тое, што занадта павольна ўводзіць санкцыі супраць расейскіх алігархаў. «Новы адказны за санкцыі Стэф Блок пастаянна спазняецца», – піша нідэрландская газета Volkskrant.
«50-метровая яхта ў доках Флісінгена належала Раману Абрамовічу, а потым раптам раптоўна перастала яму належаць, як паведаміла The Guardian на мінулым тыдні. Пасля ўварвання ва Украіну яхта была неадкладна перапісана на імя сябра алігарха. Санкцыі супраць Расеі дзейнічаюць у Нідэрландах з 2014 года. Але кожны раз, калі новы алігарх пападае ў санкцыйны спіс, ён вокамгненна пазбаўляецца ад сваёй маёмасці, і паспявае зрабіць гэта яшчэ да таго, як Стэф Блок адкрыў сваю табліцу ў Excel!», – падсумоўвае нідэрландскае выданне.
Польская газета Rzeczpospolita не хавае свайго песімізму ў дачыненні да будучыні Польшчы.
«Рэвальвацыя» – на шчасце, дзецям пакуль невядома такое слова і яны не патрабуюць павелічэння сумы штомесячных кішэнных грошай, аднак гэта ўсяго толькі пытанне часу. Дзеці ўжо звярнулі ўвагу на тое, што на тую ж суму яны могуць набыць усё менш. Так, нас чакаюць нялёгкія часы. Высокія выдаткі падвышаюць дэфіцыт бюджэту і вядуць да значнага падвышэння коштаў, што падшпіляе інфляцыю. Нам не варта аддавацца ілюзіям, што, маўляў, Польшча хутка ўвойдзе ў групу вядучых краін грамадства дабрабыту і высокай культуры назапашванняў. Мы – краіна, якая развіваецца і яшчэ надоўга застанемся такой», – прагназуе польскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array