Агляд прэсы: бартэр і гандаль



Ці накіравала Расея ў Беларусь знішчальнікі МіГ-31К з гіпергукавымі ракетамі?Прамежкавыя выбары ў ЗША. Гішпанія змагаецца з засухай і недахопам вады. Як ставіцца да чэмпіянату свету па футболе ў Катары? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У той час як Злучаныя Штаты працягвалі перакідваць бамбавікі B-52 Stratofortress і знішчальнікі F-35 Lightning II ва Усходнюю Еўропу, каб служыць стрымліваючым фактарам для Расеі, Крэмль адрэагаваў цяпер, размясціўшы па меншай меры два знішчальнікі МіГ-31К (паводле НАТО назва «Foxhound») і, магчыма, ракету Х-47М2 «Кінжал» (у НАТО назва AS-24 «Killjoy») у суседнюю Беларусь», – папярэджвае амерыканскае выданне 19FortyFive’s.

«Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, якое адсочвае перамяшчэнне расейскай ваеннай тэхнікі ў рэгіёне, заявіла ў штодзённай інфармацыі выведкі, што гэта можа быць першы выпадак, калі Масква размясціла ў Беларусі адзін са сваіх боепрыпасаў Killjoy. Дакладная колькасць гіпергукавых аэрабалістычных ракет, здольных несці ядзерную зброю, невядомая.

Да таго ж беларускія сілы не складаюць шмат у плане наступальнага баявога патэнцыялу. Большай пагрозай можа стаць здольнасць Расеі нанесці ўдар ракетамі па энергасетцы Украіны падчас вылету з тэрыторыі Беларусі.
Ровенская АЭС — адна з чатырох украінскіх станцый на поўначы краіны і самая блізкая да мяжы з Беларуссю», – піша амерыканскае выданне.

8-га лістапада ў ЗША пройдуць прамежкавыя выбары ў Кангрэс, па выніках якіх будзе абноўлена ўся Палата прадстаўнікоў і трэць Сената. Рэспубліканцы спадзяюцца на тое, што ім удасца адціснуць дэмакратаў і займець большасць месцаў, перш за ўсё – у Палаце прадстаўнікоў, дзе на дадзены момант з невялікай перавагай гаспадарамі з’яўляюцца менавіта прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі. Ці стануць гэтыя выбары своеасаблівай жоўтай ці чырвонай карткай для прэзідэнта Джо Байдэна?

Турэцкая газета Yeni Şafak указвае на тое, што перамога рэспубліканцаў на выбарах здольная істотна паўплываць на знешнюю палітыку ЗША.

«Рэспубліканцы, якія падтрымліваюць Трампа, вылучаюць аргументы на карысць таго, што вайсковая і эканамічная падтрымка Украіны Злучанымі Штатамі павінна быць абмежаваная. Па меркаванні трампістаў, Украіна не мае нічога агульнага з інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі ЗША. Лідэр меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Кевін Макарці заўважыў, што дзяржаўны доўг ЗША дасягнуў 31 трыльёны даляраў, і намякнуў на тое, што калі рэспубліканцы набяруць большасць галасоў на прамежкавых выбарах, то дапамога Украіне можа быць урэзана», – прагназуе турэцкае выданне.

Гішпаніі пагражае наймацнейшая засуха. Аб’ём ападкаў у краіне за апошнія дванаццаць месяцаў быў ніжэйшы за сярэдні паказчык за апошнія дзесяцігоддзі на 25 працэнтаў, а ў некаторых рэгіёнах – нават на 50 працэнтаў. Кліматолагі апасаюцца таго, што праблема недахопу вады будзе толькі абвастрацца. Прэса піша аб тым, што неабходна тэрмінова прымаць меры, прычым у разліку на доўгую перспектыву. «Эканоміць ваду – вось чаго патрабуе ад нас сітуацыя», – піша гішпанская газета La Vanguardia.

«Чаго яшчэ чакаюць дзяржаўныя ведамствы? Чым пазней мы пачнем эканоміць ваду, тым больш сур’ёзнымі будуць наступствы гэтай засухі. Адных заклікаў аб эканоміі тут недастаткова. З прычыны цыклічнасці засушлівых перыядаў на Іберыйскай паўвыспе, а таксама на фоне распачатых зменаў клімату неабходна ўводзіць новую культуру водакарыстання і водаспажывання ва ўсіх сферах, прычым рабіць гэта трэба тэрмінова і рашуча! Мы павінны быць гатовыя да таго, што ў будучыні нам давядзецца абыходзіцца меншай колькасцю вады, паколькі рэсурс гэты становіцца ўсё больш дэфіцытным і дарагім», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

20-га студзеня ў Катары пачнецца чэмпіянат свету па футболе сярод мужчынскіх каманд. На адрас Катара гучыць нямала крытыкі ў сувязі з сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне. Так, у Францыі ў некаторых гарадах у знак пратэсту не будзе праходзіць публічны прагляд матчаў. Як ставіцца да гэтай падзеі са свету спорту і месцы яго правядзення? Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі. Брытанская газета The Times развенчвае ходкія аргументы на карысць правядзення спартыўных мерапрыемстваў у аўтарытарных дзяржавах.

«Ніхто не ідэальны» – ведаеце, гэта так сабе аргумент. Адказ на яго заключаецца ў тым, што ўсё залежыць ад маштабаў праблемы. Таксама вельмі папулярны аргумент «не змешвайце спорт з палітыкай», на які ў самы раз адказаць: «Позна піць баржомі». Выкарыстанне спорту і культуры ў якасці інструмента дзяржаўнай палітыкі і піяру ўжо даўно стала нормай для самых розных рэжымаў. Да ўсяго іншага ФІФА любіць паўтараць, што, маўляў, «правядзенне спаборніцтваў прывядзе да рэформаў» – сцвярджэнне, якое было неаднаразова абвергнутае на практыцы. Прыкладам таму: рэйды і рэпрэсіі ў Кітаі, якія мелі месца пасля заканчэння Алімпіяды 2008 года, альбо падвойнае ўварванне Расеі ў суседнюю краіну ў 2014 і 2022 годзе», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array