Агляд прэсы: без гарантый стабільнасці
Множацца чуткі пра стан здароўя Лукашэнкі пасля паездкі ў Маскву. Масавае забойства ў бялградскай школе: як абараніць дзяцей? На старце першы ў свеце камерцыйны тэрмаядзерны рэактар. Перамены ў медыяландшафце Аўстрыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Здагадкі пра стан здароўя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, ключавога саюзніка прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, узмацніліся пасля таго, як ён датэрмінова пакінуў святкаванне Дня Перамогі ў Маскве», – піша амерыканская газета The Newsweek.
„Лукашэнка, які падтрымаў Пуціна на фоне шырока асуджанага ўварвання расейскага лідара ва Украіну, з’явіўся на ўрачыстасцях у Маскве 9 мая. Ён быў сфатаграфаваны на мерапрыемстве з бачнай павязкай на правай руцэ і быў адзіным кіраўніком дзяржавы, які не ўсклаў разам з Пуціным кветкі да Магілы Невядомага Салдата, што і распаліла здагадкі пра яго здароўе. Затым ён нібыта датэрмінова вярнуўся ў Менск па стане здароўя, каб не прысутнічаць на абедзе з Пуціным і іншымі лідэрамі. Беларускі ўрад застаўся нешматслоўным на фоне спекуляцый пра здароўе прэзідэнта, бо пасля вяртання ў беларускую сталіцу ён пазбягаў публічных выступаў. Адміністрацыя Лукашэнкі не абнаўляла свой штотыднёвы расклад падзеямі з моманту ягонага візіту ў Маскву 9 траўня. Лукашэнка быў адным з найбуйнейшых прыхільнікаў Пуціна падчас вайны ва Украіне. У апошнія месяцы таксама пачасціліся здагадкі, што ён можа ўвесці сваю армію ва Украіну. У лютым Лукашэнка заявіў, што Беларусь уступіць у вайну, «калі хоць адзін вайсковец адтуль прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць народ», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
3-га траўня ў адной з бялградскіх школ трынаццацігадовы падлетак застрэліў восем аднакласнікаў і вахцёра. На наступны дзень краіну ўзрушыла яшчэ адно масавае забойства, ахвярамі якога сталі восем чалавек. У якасці рэакцыі на тое, што адбылося, прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч аб’явіў аб намеры «амаль цалкам раззброіць» прыватных асоб у краіне. Сербія ўваходзіць у лік краін з найбольшай колькасцю зброі на душу насельніцтва. Кіпрская газета Cyprus Mail не верыць абяцанням Вучыча.
«Вучыч кажа толькі тое, што, на ягоную думку, людзі жадаюць пачуць. Калі ён працаваў на гэтую пачвару Слабадана Мілошавіча і грамадзяне хацелі чуць, што масавыя забойствы, учыненыя іх уласнымі салдатамі ў Босніі, Харватыі і Косава, былі апраўданыя, менавіта гэта ён ім і казаў. Як паказвае досвед, яго словы і дзеянні рэдка сыходзяцца адно з адным, а таму масавага раззбраення ў Сербіі не будзе. Не, не такім чынам мае намер Вучыч выкарыстоўваць свой палітычны капітал!», – настойвае кіпрскае выданне.
Тэрмаядзерная энергія з’яўляецца амаль невычэрпнай крыніцай чыстай і магутнай энергіі, якая пры гэтым практычна не пакідае шкодных для навакольнага асяроддзя адкідаў. Працэс атрымання падобнай энергіі — тэрмаядзерны сінтэз — з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю ядзернага сінтэзу і не расшчапляе атамы, а наадварот, злівае іх разам, што дае значна больш бяспечнай энергіі на выхадзе. Амерыканскае выданне The Wall Street Journal эксклюзіўна паведаміла пра тое, што першы ў свеце камерцыйны тэрмаядзерны рэактар павінен запрацаваць да 2028 года. Рэактар кампаніі Helion Energy пасля пабудовы абслужыць свайго першага кліента — карпарацыю Microsoft.
«Да выпадку з Microsoft яшчэ ніхто ў свеце не вырабляў электрычнасць шляхам тэрмаядзернага сінтэзу і, па падліках аналітыкаў МАГАТЭ, не будзе здольны на гэта аж да другой паловы XXI стагоддзя. Каб праект стаў паспяховым, рэактару неабходна выпрацоўваць больш энергіі, чым ён сам спажывае, што з’яўляецца адной з галоўных праблем на шляху заваявання тэрмаядзернай энергіі. Сам рэактар будзе пабудаваны ў Вашынгтоне і будзе забяспечваць энергіяй некалькі аб’ектаў Microsoft. А ў будучыні зможа ўзяць на сябе ролю асноўнай крыніцы энергіі для індустрыі штучнага інтэлекту», – адзначае амерыканскае выданне.
Аўстрыйскі парламент прыняў рашэнне аб спыненні выпуску друкаванай версіі Wiener Zeitung – найстарэйшай штодзённай газеты свету. Газета належыць дзяржаве і з 1 ліпеня будзе выходзіць выключна ў лічбавым фармаце. У той самы час прыватныя СМІ пратэстуюць супраць рэформы сістэмы грамадскага вяшчання: дзяржаўная тэлерадыёкампанія ORF (Аўстрыйскае радыё) цяпер мае права вырабляць новы кантэнт выключна для інтэрнэту, а збор за вяшчанне будзе перагледжаны і зніжаны. Сама Wiener Zeitung піша пра тое, што палітыкі здзяйсняюць адразу некалькі памылак.
«У сферы сродкаў масавай інфармацыі палітыкі дабіліся свайго: не, мы не маем на ўвазе смяротны ўдар па друкаванай версіі Wiener Zeitung, хоць і з ёй «было скончана» у прамым сэнсе слова. Гаворка ідзе пра тое, што палітыкам удалося адцягнуць увагу ад таго, што новы закон аб грамадскім тэле- і радыёвяшчанні уяўляе сабой сапраўды гістарычную памылку. І гістарычная памылка заключаецца ў тым, што плануецца ўвесці збор тэлерадыёналага з хатніх гаспадарак, але пры гэтым сродкі не пойдуць на падтрымку якасных прыватных СМІ, што было б даволі лёгка зрабіць – варта проста ўвесці замест збору ва ўгоду ORF свайго роду агульны збор на патрэбы СМІ, з якога можна было б таксама аплачваць і публічна-прававы кантэнт, які ствараецца праз прыватнымі медыя. ORF не павінна быць тут манапалістам, гэтыя часы, на шчасце, ужо абмінулі», – заклікае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя