Агляд прэсы: без мэты і часу



Ці зможа Беларусь перажыць вайну Крамля супраць Украіны? Навошта Шольц адправіўся ў Кітай? Нетаньяху аб’ядноўваецца з ультраправымі. У Даніі сацыял-дэмакраты перамаглі з мінімальнай большасцю. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Вайна паставіла Беларусь у цяжкое становішча, якое зводзіцца да таго, што яна ва ўсім залежыць ад Расеі, не карыстаючыся перавагамі таго, што яна частка Расеі. У спалучэнні з наспелым унутраным крызісам гэта пакідае ўсё менш стымулаў для кіруючай наменклатуры і грамадства ў цэлым цаніць цяперашнюю беларускую дзяржаўнасць», – піша амерыканскае выданне Carnegie Endowment for International Peace.

«У цяперашнім парадку дня беларуска-расейскіх дачыненняў, здаецца, дамінуе адно пытанне: ці ўдасца Крамлю ўцягнуць беларускія ўзброеныя сілы ў ваенныя дзеянні супраць Украіны? Харызма Лукашэнкі і разуменне ўнутранай працы Крамля, безумоўна, былі важным элементам у здольнасці Беларусі супрацьстаяць росту апетыту Расеі, але яны былі не адзіным. Нібыта бедная і перыферыйная, Беларусь і яе рэжым доўгі час былі напоўнены адным з самых прыбытковых патокаў ва Усходняй Еўропе. Краіна, акружаная неспакойнай Украінай на поўдні і скептычна настроенай да Расеі Балтыяй на поўначы, мела ўнікальнае транзітнае становішча паміж багатай рэсурсамі Расеяй і багатай таварамі Еўропай. Гэтую перавагу яшчэ больш падмацавала дзіўная Саюзная дзяржава, створаная сумесна Менскам і Масквой, якая ператварыла Беларусь у напаўафшорную тэрыторыю для Расеі. Яшчэ да вайны доступ да таннага расейскага газу быў наймацнейшым аргументам, які выкарыстоўвала Масква, каб уцягнуць Менск у больш глыбокую інтэграцыю. Зараз Беларусь знаходзіцца ў тупіку расейскага трубавода, без іншых кліентаў далей на фоне вайны ва Ўкраіне. Не дзіва, што апошнія месяцы галоўным прыярытэтам для беларускіх міністэрстваў і буйнога бізнесу стала ўключэнне ў расейскі алгарытм імпартазамяшчэння. Яны дасягнулі пэўнага посьпеху: Масква паабяцала выдаць 1,5 мільярды даляраў крэдытаў. Але гарачая падтрымка Крамля з боку Лукашэнкі сцірае розніцу паміж усім беларускім і расейскім. Праўладныя мітынгі цяпер упрыгожваюць і беларускія, і расейскія сцягі, а школьнікі вывучаюць сярэднявечных расейскіх князёў як сваіх нацыянальных герояў. Вайна паставіла Беларусь у цяжкое становішча, якое зводзіцца да таго, што яна ва ўсім залежыць ад Расеі», – адзначае амерыканскае выданне.

Канцлер ФРГ Олаф Шольц накіраваўся з візітам у Кітай, дзе сустрэнецца з лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. Гэтае рашэнне Шольца выклікала цэлы шквал крытыкі. У сваю чаргу з ведамства федэральнага канцлера паведамілі, што цягам візіту размова пойдзе не толькі аб эканамічных пытаннях, але і аб «цэлым спектры» двухбаковых адносін, у ліку іншых будзе ўзнята і пытанне выканання правоў чалавека. Аглядальнікі настроены скептычна. «Мяркучы па ўсім, у асобе Кітая Шольц спрабуе знайсці замену Расеі», – такую здагадку выказвае харвацкая газета Jutarnji list.

«Шольц адхіліў прапанову прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона ажыццявіць сумесны візіт да Сі Цзіньпіна, і тым самым прадэманстраваць адзінства пазіцыі Еўрапейскага звяза ў дачыненні да Кітая. Гэтай сваёй адмовай Шольц адразу ж справакаваў у ЕЗ асцярогі, што ён выправіўся ў Пекін з тым, каб прасоўваць інтарэсы Германіі. З сабой у паездку ён узяў прадстаўнікоў нямецкага бізнесу, многія з якіх выступаюць за паглыбленне эканамічных адносін з Кітаем. Цяжка паверыць у тое, што Шольц паехаў у Кітай не для таго, каб выратаваць нямецкую эканоміку, змяніўшы залежнасць ад Расеі на залежнасць ад Кітая», – падкрэслівае харвацкае выданне.

Пераможцам парламенцкіх выбараў у Ізраілі стала кансерватыўная партыя Лікуд пад кіраўніцтвам Біньяміна Нетаньяху. Яна атрымала 32 са 120 месцаў у Кнэсеце. На другім месцы – ліберальная партыя Ешатыд прэм’ер-міністра Яіра Лапіда. Узначаленая ім кааліцыя, сфармаваная ў піку Нетаньяху, распалася ў чэрвені гэтага года. Нетаньяху мае намер стварыць кааліцыю з артадоксамі, а таксама з ультраправымі рэлігійнымі сіяністамі. Такая кааліцыя мела б большасць у 65 дэпутацкіх месцаў. Прэса не хавае сваёй трывогі. «Нетаньяху, які займаў пасаду прэм’ера ўжо некалькі разоў, з даўніх часоў клапоціцца зусім не пра дабрабыт Ізраіля», – піша швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Галоўная мэта Нетаньяху – спыніць судовыя працэсы, распачатыя супраць яго па абвінавачанні ў карупцыі, растраце і махлярстве. І паколькі ад яго адзін за адным адвярнуліся былыя саюзнікі па правацэнтрысцкім лагеры, ён пайшоў на збліжэнне з вельмі правым флангам. На паверхні будучыя кааліцыйныя партнёры Нетаньяху пакуль што паводзяць сябе даволі ўмерана. Аднак яны будуць працаваць над паслабленнем дэмакратычных інстытутаў і тым самым ствараць асяроддзе, у якім ушчамляюцца правы меншасцяў і іншадумцаў, а дзяржава пачне паступова станавіцца ўсё менш ліберальнай», – папярэджвае швейцарскае выданне.

Пасля нярвовай і напружанай ночы выбараў прадстаўніца сацыял-дэмакратаў і дзейная прэм’ер-міністр Мэтэ Фрэдэрыксэн у апошні момант здолела забяспечыць большасць свайму леваму блоку. Хоць яе партыя і стала самай уплывовай сілай, Фрэдэрыксэн абвясціла аб сваёй адстаўцы, каб атрымаць магчымасць стварэння шырокага ўрадавага альянсу з удзелам розных партый. Дацкая прэса аналізуе вынікі выбараў. Дацкая газета Politiken падкрэслівае, што кліматычны крызіс не дапускае палітычнай маладушнасці.

«Найперш мы павінны спадзявацца на тое, што будучы ўрад Даніі зможа стаць сімвалам пераломнага моманту ў дацкай палітыцы. Пераломны момант, пра які нашы дзеці і ўнукі праз 50 гадоў скажуць, што менавіта тады – 1 лістапада – дацкі парламент усвядоміў, што змены клімату настолькі сур’ёзныя, што на чале краіны павінен стаяць урад цэнтрысцкага толку, які меў бы найшырэйшыя паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў і найвышэйшы ўзровень легітымнасці сярод насельніцтва. Урад, члены якога адсунулі б на задні план партыйныя і палітычныя інтарэсы, а таксама асабістыя амбіцыі. Калі гэта атрымаецца, Мэтэ Фрэдэрыксэн і на самай справе пакіне значны след у палітычнай гісторыі Даніі», – прагназуе дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array