Агляд прэсы: бліц-сталенне Еўропы
Канец лаяльнасці беларускай арміі ў сітуацыі, калі салдат адпраўляюць паміраць за Расею. НАТО адмаўляецца зачыняць неба над Украінай. Неабходнасць думаць аб абароне мяняе Еўропу. Вайна ва Украіне: хто мог бы стаць пасярэднікам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Большая частка пашыранага ўварвання Пуціна ва Украіну праведзена з Беларусі, якая знаходзіцца на поўначы Украіны. Расея пачала з Беларусі наступ на Кіеў і на горад Чарнігаў на поўначы Украіны, а расейская авіяцыя, якая бамбіць украінцаў, дзейнічае з беларускіх авіябазаў. Пасля таго, як планы вокамгненнага ўварвання Пуціна былі сарваныя і яго сілы ўварвання на поўначы Украіны загразлі, разгарнулася дыскусія аб хуткім поўным уступленні Беларусі ў вайну. Ёсць прыкметы таго, што Беларусь здрыганулся і ўсё ж можа не цалкам уступіць у вайну», – лічыць амерыканскае выданне The Dispatch.
«Беларусь — самая савецкая дзяржава ў Еўропе. Як вынікае з нядаўніх заяваў дыктатара, кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад уводу сваіх войскаў ва Украіну, але гэта можа змяніцца. Калі Пуцін вырашыць, што яму сапраўды патрэбна дадатковая падтрымка, у яго, безумоўна, дастаткова рычагоў уплыву на Лукашэнку. Выступ Лукашэнкі можа быць своеасаблівым фальшывым пратэстам супраць баявых дзеянняў. Аднак паколькі расейскія страты ва Ўкраіне растуць, пэрспэктыва быць забітымі ў вялікай колькасьці ўкраінцамі, якія абараняюць сваю зямлю, можа нават стаць прычынай паўстання сярод беларускіх вайскоўцаў. Нават калі беларускія войскі ніколі не ўвойдуць ва Украіну, гэта не падстава адпускаць Лукашэнку за падтрымку гэтай вайны. Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца важнай пляцоўкай для некаторых удараў Пуціна супраць Украіны, а таму павінна быць галоўнай мішэнню для санкцый. Калі Пуцін усё ж вырашыць, што патрэба ў большай колькасці гарматнага мяса перавышае рызыку адмовы беларускіх жаўнераў, Лукашэнку, верагодна, прыйдзецца накіраваць сваю армію ва Украіну. Аднак гэты крок можа стаць яшчэ адным са шматлікіх пралікаў Пуціна ў гэтай барацьбе», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
***
Прэзідэнт Зяленскі патрабуе ад НАТО забяспечыць над Украінай беспалётную зону, каб спыніць бамбардзіроўкі з боку Расеі. Усе чальцы альянсу пакуль катэгарычна выключаюць такі варыянт. Прэзідэнт Пуцін паўтарыў сваё папярэджанне аб тым, што Расея будзе расцэньваць такі крок як абвяшчэнне вайны і прыме меры ў адказ. Еўрапейская прэса падзялілася ў ацэнках.
«У гэтым выпадку прадухіленне атамнай вайны павінна быць больш прыярытэтным, чым пакуты асобна ўзятай краіны», – тлумачыць чэшская газета Mladá fronta.
«Словы «беспалётная зона» гучаць амаль бяскрыўдна. Але таму, хто абвесціць пра яе ўвядзенне, давядзецца гэтае рашэнне ажыццяўляць. Палітыкі адмовіліся ад увядзення беспалётнай зоны, аргументуючы сваё рашэнне тым, што гэты крок можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны з ужываннем ядзернай зброі. Перад кіраўнікамі дзяржаў Захаду паўстала сапраўды нялюдскае пытанне: ці варта Украіна таго, каб увязвацца ў вайну з ядзернай дзяржавай? Для Захаду гэта – класічная рэальная палітыка, якая не прымае да ўвагі інтарэсы малой краіны, якая падверглася нападу большай дзяржавы. Раней палітыкам было адносна лёгка: яны прымалі рашэнні паасобку, і не знаходзіліся пад пастаянным ціскам відэа, якія публікуюцца ў інтэрнэце», – падкрэслівае чэшскае выданне.
***
Вайна ва Ўкраіне змушае Еўропу дзейнічаць хутка. У шмат якіх адносінах гэта азначае радыкальнае пераасэнсаванне ранейшых перадумоў, перш за ўсё ў абароннай палітыцы. Што гэта значыць для будучыні Эўропы?
«Еўропа вымушана бездапаможна назіраць за пакутамі Украіны», – лічыць партугальская газета Público.
«Варварства вайны, парушэнне міжнароднага права і грэбаванне такімі фундаментальнымі каштоўнасцямі, як жыццё нявінных людзей, працягваюцца, таму што Пуцін абыякавы да грамадскай думкі, чалавечых пакут, справядлівасці і маральнасці. І ён ведае, што менавіта абарона гэтых каштоўнасцяў з боку Еўропы змяншае рызыку эскалацыі. У рэшце рэшт, дэмакратыі апынуцца пераможцамі, а агрэсіўны імперыялізм Масквы пацерпіць паразу. Але калі гэты дзень наступіць, тое, што зараз адбываецца ў Марыупалі ці Харкаве, па-ранейшаму застанецца на сумленні еўрапейцаў», – адзначае партугальскае выданне.
***
Прэм’ер-міністр Ізраіля Бэнет робіць спробы стаць пасярэднікам у вайне ва Украіне. Пасля сустрэчы ў Маскве з Пуціным, Бэнет адправіўся ў Берлін. Але Кітай таксама вядзе перамовы аб пасярэдніцтве. Еўрапейская прэса разглядае мэтазгоднасць гэтых ініцыятыў і задаецца пытаннем аб тым, якія ўласныя інтарэсы могуць пераследваць краіны, якія прапануюць выступаць у якасці пасрэднікаў.
«Апошняя надзея Еўропы на мірнае ўрэгуляванне сітуацыі – гэта Ангела Мэркель», – піша італьянская газета La Stampa.
«Калі б экс-канцлер вярнулася з заслужанага водпуску і паляцела ў Маскву і Кіеў, каб дамовіцца аб умовах неадкладнага спынення агню ў якасці прэлюдыі да доўгатэрміновай угоды аб структуры Украіны, то яна ўвайшла б у гісторыю як міратворца еўрапейскага маштабу ў гадзіну найвялікшай гістарычнай небяспекі. Да таго, як расейцы перакрыюць украінцам выхад да мора, што яны ўжо спрабуюць ажыццявіць сваім наступам на Адэсу. І да таго, як у канфлікт выпадкова ці наўмысна будуць уцягнутыя іншыя краіны», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array