Агляд прэсы: бонус ад агрэсіі
Самалёт-разведчык Уладзіміра Пуціна «знішчаны беспілотнікамі» ў Беларусі. Мірны план Кітая: для чаго? У Берліне прайшлі акцыі за і супраць спынення паставак зброі Украіне. Каля берагоў Італіі затанула лодка з мігрантамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Самалёт коштам 274 мільёны фунтаў стэрлінгаў быў збіты ў выніку, верагодна, нападу беларускіх партызан, якія падтрымлівалі Украіну. У самалёта АВАКС імя Берыева А-50 пашкоджаныя пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, яго авіёніка і антэны РЛС», – піша брытанская газета The Independent.
«У выніку ўдару былі пашкоджаныя расейскі вайскова-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. Паведамляецца, што каля месца выбуху беларускія сілавікі знайшлі сумку з апаратурай для кіравання беспілотнікамі. Самалёт выкарыстоўваўся для дакладнага вызначэння аб’ектаў бамбардзіроўкі ва Украіне для ВПС Пуціна і нясе купал са шкловалакна дыяметрам больш за 33 футы, у якім знаходзіцца паваротная антэна радыёлакацыйнага комплексу «Чмель». А-50У «актыўна выкарыстоўваецца» як баявая машына Пуціна для «выканання задач у спецаперацыі». Мінабароны Расеі і Беларусі выбухі не каментуюць. Палова Мачулішчаў ачэпленая, заўважаны шмат салдат і пяць ваенных машын з кулямётамі. Там спыняюць усе машыны і маршруткі, правяраюць сумкі і багажнікі», – паведамляе брытанскае выданне.
***
У гадавіну нападу Расеі на Украіну Пекін прадставіў план з дванаццаці пунктаў, пры дапамозе якіх ён прапануе ўрэгуляваць канфлікт. Прэзідэнт Украіны Зяленскі станоўча ацаніў заклік захоўваць «суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін», аднак да астатніх пунктаў Кіеў паставіўся скептычна. Сумневы выказваюцца і ў многіх заходніх сталіцах. «Станоўчыя аспекты гэтага плана не ў сілах збочыць сумневаў у пазіцыі Кітая», – піша шведская газета Sydsvenskan.
«Вядома, у заяве Кітая былі элементы, якія гучалі цудоўна – да прыкладу, стварэнне гуманітарных калідораў, па якіх можна было б эвакуіраваць грамадзянскае насельніцтва. І пункт пра тое, што ядзерныя аб’екты павінны быць абаронены, і што ядзерная зброя не павінна выкарыстоўвацца падчас баявых дзеянняў. Тое, што Кітай увогуле ўцягнуты ў працэс, ужо з’яўляецца прагрэсам. І ўсё ж малаверагодна, што кітайская прапанова ўвасобіцца ў жыццё. Бо нават калі Кітай аб’явіў сябе нейтральным у гэтым канфлікце, яго працягваюць лічыць блізкім партнёрам пуцінскай Расеі. На карысць гэтага кажа хаця б той факт, што ў сваіх фармулёўках Пекін выкарыстоўвае слова «крызіс» замест правільнага – «вайна», – канстатуе шведскае выданне.
***
У мінулыя выходныя ў шматлікіх гарадах Еўропы прайшлі дэманстрацыі ў знак салідарнасці з Украінай. У той жа самы час у Берліне, нараўне з іншымі мітынгамі, адбылася і дэманстрацыя з патрабаваннем спыніць пастаўку зброі Украіне і пачаць перамовы. У ёй прынялі ўдзел каля 13 тысяч чалавек. Да гэтай акцыі «Устанем у імя міру» заклікалі феміністка Аліс Шварцэр і палітык ад партыі Левыя (Die Linke) Сара Вагенкнехт. «Спыненне паставак зброі Украіне Маскву не спыніць», – піша аўстрыйская газета Der Standard.
«Калі Захад спыніць пастаўкі ўзбраенняў і прымусіць Украіну да перамоваў з Расеяй, то тады Кіеву прыйдзецца па меншай меры пагадзіцца са стратай чатырох рэгіёнаў і Крыма. І што ж рушыць услед пасля такога завяршэння вайны? Можна, вядома, выказаць здагадку, што ў такім выпадку Расея на доўгі час задаволіцца такімі тэрытарыяльнымі набыццямі і зноў убудуецца ў еўрапейскі мірны парадак. Аднак гледзячы сёння на сітуацыю можна сказаць, што такі сцэнар вельмі малаверагодны. Правільным было б, хутчэй, меркаванне, што як толькі Расея набярэ сілу, яна тут жа зноў нападзе на аслабленую Украіну, падпарадкуе яе сабе і анэксуе. Рэальны мір можа наступіць толькі ў тым выпадку, калі Расея прыйдзе да ўсведамлення таго, што агрэсія сябе не акупляе», – піша аўстрыйскае выданне.
***
У выніку крушэння лодкі ля паўднёвых берагоў Італіі, паводле афіцыйнай інфармацыі, загінуў 61 мігрант. Сама меней 80 чалавек удалося выратаваць. Пачынаючы з 2014 года ў Міжземным моры патанулі або прапалі без вестак больш за 25 000 мігрантаў. «Адказнасць ляжыць на ўрадзе Італіі, які на мінулым тыдні прыняў закон, які ўскладняе працу грамадзянскіх ратавальнікаў на моры», – каментуе сітуацыю італьянская газета La Repubblica.
«Загінулі людзі, і гэта павінна, прынамсі, абудзіць нас ад сну і прымусіць сказаць «Не!» палітычным рашэнням, прадыктаваным бесчалавечнасцю: гэтыя дэкрэты, накіраваныя супраць выратавання на моры чалавечых жыццяў, пакрываюць нас ганьбай: як італьянцаў, як людзей, якія сталі сведкамі гэтай бясконца паўтаральнай катастрофы. Што ж яшчэ павінна адбыцца, каб мы нарэшце ачунялі і залямантавалі, што гэта – не стыхійнае бедства, а вынік бяздумных рашэнняў? Колькі людзей павінна яшчэ загінуць, пакуль мы не перастанем рабіць выгляд, што нічога не ведалі? Мы ўсё выдатна ведаем, і ведаем вельмі добра», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array