Агляд прэсы: час гістарычных рашэнняў



Партнёр Пуціна ў ваенных злачынствах. Саміт НАТО: да якіх выклікаў рыхтавацца Захаду? На што гатовы Эрдаган для Швецыі і Фінляндыі? Новы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Вось аўтакратаў ва Усходняй Еўропе таксама вось ваенных злачынцаў. Хваля паветраных і ракетных удараў па Украіне з беларускай тэрыторыі ў мінулыя выходныя з’яўляецца апошнім сведчаннем таго, што, аўтакратычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца паўнапраўным і ахвотным баевіком у незаконнай агрэсіўнай вайне Уладзіміра Пуціна супраць Украіны», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council.

«Ваяўнічыя крокі Расеі і Беларусі адбыліся ў той час, калі лідары G7 сустракаліся з Германіяй, а НАТO рыхтавалася правесці саміт у Мадрыдзе. Яны таксама адлюстроўвалі рост напружанасці паміж Расеяй і Літвой вакол Калінінграда. Прапанова тэрыторыі Беларусі ў якасці платформы для Расеі для забойства мірных жыхароў Украіны – не адзіны спосаб, дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка стаў партнёрам Уладзіміра Пуціна ў ваенных злачынствах. Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны 27 чэрвеня абвясціў, што Беларусь папаўняе баявыя дзеянні Расеі ва Украіне боепрыпасамі.

Выступаючы пасля апошняй эскалацыі смяротных авіяўдараў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў зразумець, што беларусы, якія дапамагаюць і падтрымліваюць агрэсію Пуціна ва Украіне, ад Лукашэнкі да шараговых войскаў, будуць прыцягнуты да адказнасці. Злучаныя Штаты і іх саюзнікі павінны таксама прызнаць Расею і Беларусь дзяржаўнымі спонсарамі тэрарызму. Лукашэнку і яго рэжым трэба прыцягнуць да поўнай адказнасці за садзейнічанне пуцінскай кампаніі тэрору супраць Украіны», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

У Мадрыдзе праходзіць нарада краін НАТО. Мяркуецца, што на саміце будзе прынятая стратэгічная канцэпцыя на наступнае дзесяцігоддзе, у рамках якой Расея будзе лічыцца ўжо не партнёрам, але найважнейшай пагрозай. Як зазначае еўрапейская прэса, значнасць саміту цяжка пераацаніць. Харвацкая газета Novi list падкрэслівае значнасць рашэнняў, якія трэба прыняць у найбліжэйшыя дні.

“Ніхто не ведае, якім будзе свет у канцы года. Ці давядзецца нам гэтай зімой галадаць і мерзнуць ад холаду ў астылых кватэрах? Ці застанемся мы без працы? Ці дойдзе справа да эскалацыі вайны ва Украіне? Саміт у Мадрыдзе не дасць адказаў ні на адно з гэтых пытанняў. Аднак рашэнні, якія будуць на ім прыняты, вельмі нават паўплываюць на зыход цяперашняй геапалітычнай дэстабілізацыі – найбуйнейшай з часоў Другой сусветнай вайны. Застаецца толькі спадзявацца, што ва ўсіх удзельнікаў падзей, у першую чаргу ў Маскве, але таксама і ў іншых сталіцах, хопіць розуму і мудрасці на тое, каб пакласці канец таму, што адбываецца, як мага хутчэй і з найменшымі негатыўнымі наступствамі», – піша харвацкае выданне.

***

Турцыя не стане перашкаджаць уступленню Швецыі і Фінляндыі ў НАТО. Пра гэта ўсе тры дзяржавы дамовіліся непасрэдна перад самітам альянсу ў Мадрыдзе, і падпісалі мемарандум аб узаемнай падтрымцы. Як заявіў генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг, кандыдатам удалося развеяць асцярогі Анкары адносна перашкод у барацьбе з тэрарызмам і яе незадаволенасць па пытанні пастаўкі ўзбраенняў. Прэса аналізуе развіццё падзей. «Эрдаган не мог і далей супраціўляцца без рызыкі страціць твар», – мяркуе фінская газета Ilta-Sanomat.

«Цяжка зразумець, якія меркаванні падштурхнулі турэцкага лідара да прыняцця станоўчага рашэння, і наўрад ці тыя, хто ўдзельнічалі ў перамовах, у бліжэйшы час раскажуць пра гэта падрабязней. Але, магчыма, Эрдаган сцяміў, што яго могуць проста палічыць пуцінскім хлопчыкам на пабягушках. У любым выпадку, гэта рашэнне гістарычнай важнасці. Ці ўсведамляў Уладзімір Пуцін, аддаючы 24 лютага загад аб злачынным уварванні ва Украіну, што крыху больш чым праз чатыры месяцы надзейны паўночна-заходні сусед Фінляндыя разам са Швецыяй будзе запрошана ў НАТО? Ужо гэта напэўна не ўваходзіла ў яго планы!», – адзначае фінскае выданне.

***

Прэм’ер-міністр Шатландыі Нікола Стэрджэн зноў жадае рызыкнуць, і правесці 19 кастрычніка 2023 паўторны рэферэндум аб незалежнасці, у выпадку неабходнасці нават без згоды Лондана. У 2014 годзе 55 працэнтаў шатландцаў прагаласавалі за тое, каб застацца ў складзе Злучанага Каралеўства. Дык ці ёсць сэнс праводзіць галасаванне яшчэ раз? «Не варта забываць, што большасць шатландцаў былі супраць выхаду з ЕЗ», – адзначае брытанская газета The Guardian.

«Борыс Джонсан мае рацыю, калі кажа, што на фоне росту кошту жыцця і неабходнасці аднаўлення ад наступстваў пандэміі зараз абсалютна не час ізноў узнімаць пытанне аб незалежнасці. Аднак і прэм’ер-міністр Шатландыі таксама мае рацыю, калі паказвае на тое, што ў выніку брэкзіту ўмовы ў краіне змяніліся – супраць выхаду са Злучанага Каралеўства Шатландыя галасавала пры зусім іншых абставінах. Калі ў Вялікабрытаніі праходзіў рэферэндум аб выхадзе з ЕЗ, усе рэгіёны Шатландыі прагаласавалі супраць. Шатландскае пытанне зноў выйшла на пярэдні план таму, што ў многіх шатландцаў складваецца ўражанне, што іх проста пасадзілі ў павозку разам з усімі, і вязуць у напрамку, на які яны не давалі сваёй згоды», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array