Агляд прэсы: даць устаноўку



Санкцыі і эканоміка Беларусі – што далей? «Пэтрыёты» на варце Украіны. Іранскія духоўныя лідэры змагаюцца з паглыбленнем нязгоды. Як ўспышка COVID-19 у Кітаі адаб’ецца на вытворчасцях? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Санкцыйны ціск, а таксама рэзкія геапалітычныя змены на міжнароднай арэне ў гэтым годзе сталі галоўнымі прычынамі нарастаючых праблем у эканоміцы Беларусі. Страта рынкаў збыту на Украіне і ў краінах Захаду, памяншэнне аб’ёмаў транзітных перавозак грузаў, cтрата замежных вытворцаў і гандлёвых кампаній, скарачэнне інвестыцый – гэта і многае іншае ўдарыла па эканамічнаму патэнцыялу краіны», – піша еўрапейскае выданне Еadaily.

„Менск разлічвае дасягнуць эканамічнаага выжывання за кошт нарошчвання сваёй прысутнасці на рынках не толькі Расеі і Кітая, але і краін Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Прычым самы вялікі рост экспарту запланаваны ў напрамку КНР (на 15 працэнтаў) і Афрыканскага кантынента (10 працэнтаў). У цэлым жа беларускія ўлады выдатна разумеюць, з якімі цяжкасцямі ім давядзецца сутыкнуцца ў будучыні, і не маюць ніякіх ілюзій адносна таго, што заходнія краіны здымуць з рэспублікі санкцыі. Гэта толькі падганяе афіцыйны Менск да больш актыўнага пошуку новых магчымасцяў, на якія ў мінулыя гады ў Беларусі глядзелі з неахвотай, бо традыцыйныя рынкі дазвалялі краіне вырашаць свае ўнутраныя праблемы.

Гэта азначае, што санкцыйны ціск і геапалітычная трансфармацыя на міжнароднай арэне „завязвае» рэспубліку на цесным узаемадзеянні з Расеяй і тымі краінамі, якія знаходзяцца ў зоне інтарэсаў федэрацыі», – перадае еўрапейскае выданне.

«Адзін з найважнейшых вынікаў візіту Уладзіміра Зялонскага ў Вашынгтон – абвяшчэнне аб перадачы Украіне комплексу СПА Patriot, самага эфектыўнага з узбраенняў такога роду ў амерыканскім арсенале», – перадае расейскае выданне Graniru.

«У свой час, яшчэ нават да анексіі Крыма, Пуцін выступаў катэгарычна супраць размяшчэння «Пэтрыётаў» не толькі ва Украіне, што тады здавалася чыстай фантастыкай, але і ў Польшчы і Румыніі. Ён палохаў расейскае насельніцтва тым, што замест «Пэтрыёты» можна паставіць аператыўна-тактычныя ракеты, у тым ліку з ядзернымі боегалоўкамі, што нібыта створыць непрымальныя пагрозы расейскай тэрыторыі. І вось гэтая «страшная пагроза» матэрыялізуецца. Праўда, перш чым паставіць амерыканскую сістэму СПА на баявое дзяжурства, трэба навучыць рабоце з ёй украінскі персанал. Паводле ацэнак экспертаў, на гэта спатрэбіцца не менш за два месяцы, так што «Пэтрыёты» у рэальнасці прыедуць ва Украіну толькі ў лютым-сакавіку. Да гэтага часу Пуцін зможа працягваць ракетны тэрор супраць украінскай энергетычнай інфраструктуры. Шкада, але калі б адпаведная падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў пачалася ў кастрычніку, адразу пасля першых расейскіх удараў па крытычных аб’ектах жыццезабеспячэння, то «Пэтрыёты» маглі б прыбыць ва Украіну яшчэ да канца гэтага года. Адна батарэя Patriot складаецца з радара, пункту кіравання і васмі установак, кожная з якіх, у залежнасці ад тыпу боепрыпасаў, нясе ад 4 да 16 ракет з радыусам дзеяння да 150 км, здольных больш ці менш надзейна перахапляць як крылатыя, так і балістычныя ракеты», – паведамляе расейскае выданне.

«Агульнанацыянальныя пратэсты, выкліканыя смерцю ў зняволенні іранскай курдкі Махсы Аміні, увялі Іран у новую эру паглыблення крызісу паміж духоўным кіраўніцтвам і грамадствам у цэлым», – канстатуе міжнароднае выданне Eurasia Review.

«Смерць жанчыны выклікала шматгадовыя крыўды ў іранскім грамадстве па розных пытаннях, пачынаючы ад узмацнення сацыяльнага і палітычнага кантролю і заканчваючы эканамічнай бяднотай і дыскрымінацыяй этнічных меншасцяў. Сутыкнуўшыся з найгоршым крызісам легітымнасці з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 г., рэлігійныя лідэры Ірана спрабавалі абазначыць беспарадкі як сепаратысцкія паўстанні этнічных меншасцей, якія пагражаюць нацыянальнаму адзінству, а не як праўленню духавенства. Гэтыя намаганні ўладаў былі падарваны салідарнасцю паміж рознымі этнічнымі групамі Ірана падчас пратэстаў. Узрушэнні, у якіх жанчыны і моладзь знаходзяцца на першым плане, ствараюць сур’ёзную пагрозу для прыярытэту, які вызначаў праўленне Вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хаменеі з 1989 года – выжывання Ісламскай Рэспублікі і яе рэлігійнага істэблішменту любой цаной. Што гэта значыць для 2023 года? Ісламскую Рэспубліку ахопіць тое, што аналітыкі называюць «рэвалюцыйным працэсам», які, верагодна, прывядзе да новых пратэстаў у 2023 годзе, і ні адзін з бакоў не адступіць. Чатыры гады санкцый не спынілі пашырэння Іранам яго ядзернай праграмы і не скарацілі яго падтрымку сваіх давераных асоб за мяжой. Але яго ўнутраны крызіс, верагодна, дасць заходнім дзяржавам больш магчымасцяў для ўзмацнення ціску на Тэгеран», – прагназуе міжнароднае выданне.

Кітайскія ўлады спынілі публікаваць штодзённыя дадзеныя пра захворванні каронавірусам. Пра гэта Нацыянальная камісія аховы здароўя заявіла 25 снежня. Рашэнне выклікана сумневамі ў дакладнасці справаздач пасля адмовы Пекіна ад палітыкі нулявой цярпімасці да COVID-19. Эксперты мяркуюць, што Кітай дасягне новага піка захворвання да сярэдзіны студзеня. Як піша амерыканскае выданне Bloomberg, новая хваля закране гарады з буйнымі вытворчасцямі, у прыватнасці, так званы iPhone-сіці.

«Паказальнымі сталі справаздачы з двух гарадоў – Дунгуань і Ціндао. Яны апублікавалі свае адзнакі захворвання COVID-19: паведамлялася, што штодня там заражаецца каля 300 і 500 тыс. чалавек, адпаведна. Пры гэтым ва ўсёй КНР, мяркуючы па афіцыйных звестках, за тыя ж дні зарэгістраваны крыху больш за 4 тыс. новых выпадкаў захворвання. Такое разыходжанне ў лічбах сведчыць не толькі пра недакладнасць дзяржаўных справаздач, але і пра тое, што пасля хуткага паслаблення абмежаванняў краіна сутыкнулася з імклівым распаўсюджваннем інфекцыі», – адзначае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array