Агляд прэсы: эскалацыя ад бяссілля



Лукашэнка прывёў войска ў стан павышанай боегатоўнасці на фоне напружанасці на мяжы з ЕЗ. Вайна ва Украіне: Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю. Іран: пратэсты пасля гібелі Махсы Аміні. Чаму ў Грэцыі настаўнікі вымушаны начаваць у намётах? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Ніякага ўдару па расейскіх войсках з боку Беларусі быць не павінна і не будзе», – сказаў Лукашэнка і ў аўторак прывёў у баявую гатоўнасць вайсковыя падраздзяленні ва ўмовах напружанасці на мяжы», – піша турэцкае выданне Anadolu Agency.

«Лукашэнка назваў сітуацыю вельмі сур’ёзнай, і нават небяспечнай. Яшчэ раз заявіўшы аб падтрымцы Беларусі з боку Расеі, Лукашэнка сказаў: «Мы стварылі абаронную прастору і фактычна маем з Расеяй агульныя ўзброеныя сілы». Ён таксама адзначыў, што для ўмацавання абароны Айчыны вядзецца работа па стварэнні добраахвотніцкіх атрадаў міліцыі. І да гэтага Беларусь, блізкі саюзнік Расеі, падтрымала ўсходняга суседа ў ваенных аперацыях Масквы ва Украіне. А зараз Украіна абвінаваціла Расею ў тым, што яна нацэлілася на яе АЭС, што выклікала засцярогі магчымай ядзернай катастрофы на фоне агульнай ядзернай пагрозы з боку самой Расеі», – піша турэцкае выданне.

У сваім тэлезвароце прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін аб’явіў аб частковай мабілізацыі. Прызваць на ваенную службу мяркуецца каля 300 тысяч рэзервістаў. Па словах Пуціна, гаворка ідзе аб абароне цэласнасці Расеі. Ён таксама выказаўся за правядзенне на тэрыторыі акупаваных Расеяй рэгіёнаў Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны рэферэндумаў аб уваходжанні ў склад РФ. Аглядальнікі не на жарт занепакоеныя. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung асцерагаецца новага вітка эскалацыі.

«Не варта мець ілюзій з нагоды вынікаў гэтых «рэферэндумаў». Вырашальным фактарам стане рэакцыя Кіева і яго партнёраў. Да гэтага часу Захад, і перш за ўсё Вашынгтон, рабіў усё магчымае для таго, каб утрымаць украінцаў ад абстрэлаў расейскай тэрыторыі. Такой была цэнтральная ўмова паставак зброі. Самавольна перасунуўшы мяжу, Пуцін паставіць Захад перад цяжкім выбарам: прытрымлівацца ранейшай палітыкі азначала б прызнаць яго тэрытарыяльныя заваёвы. Змена ж палітычнага курсу прывядзе да новага ўзроўню эскалацыі, якой так спадзяваўся пазбегнуць не толькі ўрад ФРГ», – адзначае нямецкае выданне.

У свеце ўзнялася шырокая хваля абурэння наконт гібелі ў Іране 22-гадовай жанчыны. Махса Аміні, затрыманая паліцыяй нораваў з-за невыканання правілаў нашэння хіджабу, памерла пасля знаходжання ў паліцэйскім участку. Па краіне пракацілася хваля пратэстаў: жанчыны на вуліцах дэманстратыўна зрываюць хіджабы і размяшчаюць фатаграфіі без галаўнога ўбору ў сацыяльных сетках. Рэжым душыць пратэсты сілай: некалькі чалавек ужо загінулі.

«Цяперашнія пратэсты не змогуць прымусіць тэакратаў зрабіць крок назад», – са шкадаваннем адзначае французскі партал France Inter.

«Не варта недаацэньваць гэты рэжым – дзеля захавання сваёй улады ён пойдзе на ўсё, што ўжо не раз даказваў у мінулым. Міжнародная абстаноўка з перамовамі па іранскай ядзернай праграме і збліжэннем Тэгерана з Расеяй, якія зайшлі ў тупік, таксама не дае падставы спадзявацца на тое, што рэжым вырашыцца пайсці на саступкі. Бездань паміж састарэлымі рэлігійнымі фанатыкамі на вяршыні дзяржаўнай улады і моладдзю, якая проста хоча жыць свабодна, яшчэ ніколі не была такой глыбокай. У Іране, як і ў Аўганістане з моманту вяртання ў Кабул талібаў, галоўнымі ахвярамі тэакратычнай дыктатуры ў першую чаргу становяцца жанчыны», – канстатуе французскае выданне.

На фоне сёлетняга турыстычнага буму міністр турызму ўрада Грэцыі Васіліс Кікіліяс вырашыў узяць быка за рогі, і прадоўжыць курортны сезон у краіне з сакавіка па лістапад. Гэтыя планы ўжо прывялі да вялізнага росту коштаў на і без таго дэфіцытнае жыллё. Так, настаўнікі, якіх адпраўляюць працаваць у школы на папулярных турыстычных астравах, не ў стане знайсці там прыстанку і вымушаны спаць у намётах ці аўтамабілях. Прэса кіпіць ад абурэння, у тым ліку грэцкае выданне Protagon.

«Цуд» грэцкага турызму цягне за сабой і непазбежныя ахвяры. Пра гэтую праблему шырока загаварылі ў апошнія гады, але сама яна зусім не новая. Настаўнікі, якія лічацца ў штаце, а таксама тыя, хто іх замяняе па дамове, словам, усе педагогі, якія працуюць у школах астраўных рэгіёнаў, сутыкнуліся з найсур’ёзнымі праблемамі з пошукам жылля. І перш за ўсё гэта датычыцца рэгіёнаў, у якіх робіцца стаўка на турызм класа «люкс», у прыватнасці на Кікладах. Настаўнікі, якія прыехалі працаваць на Сантарыні, Міканас і ў іншыя падобныя месцы і якія шукаюць магчымасць знайсці прытулак, тым часам змушаныя спаць у аўтамабілях, на стаянках для кэмпінгу, і нават у спальных мяшках на пляжах. Не выпадкова, што сёлета менавіта ў вышэйзгаданых рэгіёнах прайшла хваля звальненняў па ўласным жаданні», – адзначае грэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array