Агляд прэсы: інструменталізацыя праблем
Лукашэнка правёў чатырохгадзінны ўрок для беларускіх школьнікаў. Славакія: раскол кіруючай кааліцыі. Уйгуры: даклад ААН з цяжкімі абвінавачваннямі ў адрас Кітая. Рэпарацыі: Польшча выставіла рахунак Берліну. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Пра тое, што 1-га верасня Лукашэнка правядзе адкрыты ўрок гісторыі, які будзе транслявацца ў жывым эфіры, было вядома загадзя. Лекцыю Лукашэнка чытаў у Палацы незалежнасці, яна пачалася аб 11-й і працягнулася без малога чатыры гадзіны», – паведамляе расейскае выданне meduza.io.
«Паводле версіі Лукашэнкі, беларусы сфармаваліся як нацыя ў Расейскай імперыі», – адзначаецца ў матэрыяле і прыводзіцца наўпроставая цытата саманазванага прэзідэнта: «Нашы продкі былі часткай трыадзінага дзяржаваўтваральнага народа імперыі: вялікаросы, беларусы і маларосы. Іншымі словамі, расейцы, беларусы і ўкраінцы. У Рэчы Паспалітай, калі б не яе падзелы, нас чакаў нацыянальны крах. У лепшым выпадку мы б сёння называлі сябе праваслаўнымі палякамі, як робяць дзесяткі тысяч сучасных жыхароў Беласточчыны».
***
У Славакіі здарыўся ўрадавы крызіс: кіруючая кааліцыя ў складзе чатырох партый, якую ўзначальвае Эдуард Хегер ад правакансерватыўнай партыі „Звычайныя людзі”, апынулася на мяжы распаду. Па выніках разлютаванай спрэчкі з міністрам фінансаў і сапартыйцам прэм’ера Ігарам Матовічам міністр эканомікі ад ліберальнай партыі „Свабода і салідарнасць” Рыхард Сулік заявіў аб тым, што яго партыя мае намер выйсці з кааліцыі. Магчымыя новыя выбары могуць прывесці да вяртання на палітычную арэну паслугачоў экс-прэм’ера Роберта Фіца. Аглядальнікі – у абуранасці. «Цяперашняя кааліцыя проста не ў стане эфектыўна кіраваць краінай», – крытыкуе славацкая газета Pravda.
«І гэта пры тым, што ў бягучай сітуацыі няма нічога больш важнага, чым прапанаваць грамадству, апантанаму экзістэнцыйнымі страхамі, рэальную дапамогу ў сувязі з ростам коштаў на асноўныя прадукты харчавання і энергію. Замест таго, каб упэўнена і спакойна выконваць урадавую праграму, палітыкі з самага пачатку былі паглынутыя толькі сваімі спрэчкамі і канфліктамі. Падобнае здараецца ў любой кааліцыі. Але па сваёй інтэнсіўнасці цяперашнія спрэчкі, мабыць, сталі самымі маштабнымі ва ўсёй Еўропе», – прагназуе славацкае выданне.
***
За некалькі хвілін да заканчэння чатырохгадовага тэрміну сваіх паўнамоцтваў Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет апублікавала доўгачаканую справаздачу аб меркаваных катаваннях і жорсткім абыходжанні з уйгурамі ў кітайскім рэгіёне Сіньцзян. Абвінавачванні супраць Кітая «праўдападобныя» і могуць сведчыць аб «злачынствах супраць чалавечнасці», – гаворыцца ў дакладзе. Што ж павінна рушыць услед за публікацыяй даклада?
«Нарэшце ААН перапыніла сваё маўчанне», – з задавальненнем адзначае бельгійская газета Le Soir.
«Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека захоўвала поўнае маўчанне аб тым, што, па ўсёй бачнасці, з’яўляецца сур’ёзным крызісам у галіне правоў чалавека, які планаваўся і рэалізаваўся дзяржавай, якая падпісала міжнародныя дамовы і канвенцыі. Многія баяліся, што з-за неаслабнага ціску з боку магутнага Кітая выніковы тэкст дакладу будзе змякчэлы. На шчасце, гэтага не адбылося: у ім выразна гаворыцца аб жахлівых злачынствах самага рознага роду ўчынках, здзейсненых кітайскім урадам у дачыненні да уйгураў. Даклад таксама паказвае на тое, што яны могуць уяўляць сабой «злачынствы супраць чалавечнасці», – піша бельгійскае выданне.
***
Правакансерватыўны ўрад Польшчы, сфарміраваны партыяй Права і справядлівасць, мае намер запатрабаваць ад Германіі рэпарацый на суму 1,3 трыльёна еўра за шкоду, нанесеную падчас Другой сусветнай вайны. Менавіта пра такую суму гаворыцца ў апублікаваным цяпер экспертным заключэнні, заказ на які быў зроблены яшчэ ў 2017 годзе. Да сённяшняга дня Берлін абвяргаў усе прэтэнзіі Варшавы на атрыманне рэпарацый. Процідзеянне гэтай ініцыятыве партыі ПіС існуе і ў самой Польшчы.
На думку нямецкай газеты Der Tagesspiegel, замест выплаты рэпарацый можна было б знайсці больш пераканаўчыя адказы на набалелыя пытанні.
«Можна бачыць у Польшчы раўнапраўнага партнёра. Напрыклад, у спрэчцы аб выміранні рыбы ў басейне ракі Одэр. На падставе вельмі зыбкай фактычнай базы некаторыя сілы ў Нямеччыне паспяшаліся з высновамі, і зараз маюць намер адмяніць будаўніцтва ўжо ўзгодненага воднага шляху, які неабходны Польшчы ў той жа ступені, што і Нямеччыны – Рэйн. Або возьмем пытанне ваеннага супрацоўніцтва: Польшчу настолькі раздражняе марудлівасць немцаў, што Варшава вырашыла будаваць новыя танкі сумесна з Паўднёвай Карэяй. Гэта значыць, трэба рабіць усё для таго, каб у справе бяспекі палякі давяралі немцам. Гэта было б самай разумнай высновай з усіх урокаў гісторыі», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array