Агляд прэсы: калі большасць маўклівая



Свет кажа пра памерлага ў Беларусі палітвязні Мікалая Клімовіча. Чаго ж хоча дабіцца Прыгожын? Выбары ў Турцыі: шанец Эрдагана? У Славакіі прэзідэнт Чапутава прызначыла новы ўрад. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Я шкадую аб смерці ў турме беларускага блогера Мікалая Клімовіча, мае думкі з яго сям’ёй і сябрамі», – напісала генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч у Twitter. Гэта допіс – адзіны з процьмы навінаў, якія разляцеліся па ўсім свеце ў адказ на новую сумную нагоду, якую падкінуў рэжым Лукашэнкі. 7 траўня стала вядома, што 61-гадовы палітвязень з інваліднасцю ІІ групы па сэрцы Мікалай Клімовіч памёр у віцебскай калоніі №3. «Клімовіч быў асуджаны на год калоніі за «абразу Лукашэнкі» з-за карыкатуры ў сацсетцы», – разам з іншымі СМІ па ўсім свеце піша арабская газета Аlarabiya.

«Беларус, асуджаны за сатырычны малюнак з выявай прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, памёр у турме. Пасля пратэстаў супраць уласнага пераабрання ў 2020 годзе Лукашэнка ўдвая падаўляў крытычныя галасы, саджаючы іх у турму або высылаючы ў выгнанне. У лютым 2023 года беларускі суд прызнаў 61-гадовага мужчыну вінаватым у «абразе» кіраўніка Беларусі праз сатырычны здымак, размешчаны ў сацсетках. Суддзя прысудзіў яго да года пазбаўлення волі, нягледзячы на тое, што ў Клімовіча цяжкае захворванне сэрца. Лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што ў яе «душа разбітая гэтай навіной». «Калі мы не акажам палітвязням тэрміновую медыцынскую дапамогу, паміраць будзе яшчэ больш», – сказала Ціханоўская. Па стане на 8-е траўня у Беларусі зафіксавана 1 493 палітвязняў», – канстатуе арабскае выданне.

У апублікаваным у мінулую пятніцу відэа кіраўнік ЧВК Вагнер Яўген Прыгожын прыгразіў адступленнем з Бахмута і пры гэтым не саромеўся ў выразах у адрас расейскага ваеннага кіраўніцтва, якое, маўляў, адпраўляе на фронт занадта мала ўзбраенняў і боепрыпасаў. Па стане на раніцу панядзелка інтрыга, мяркуючы па ўсім, ужо вычарпала сябе. Як бы там ні было, аглядальнікі задаюцца пытаннем, якія мэты пераследуе гэты злавесны персанаж. «Прыгожын прымярае на сябе ролю народнай трыбуны», – піша італьянская газета La Stampa.

«Са сваім лютым папулізмам – абразамі ў адрас генералаў, якія, маўляў, узбагачаюцца, пакуль салдаты паміраюць, што суцэльна магло выйсці з-пад пяра ўмоўнага Навальнага, Прыгожын не толькі выступае ў ролі значнага расейскага ньюсмейкера, ці ледзь не важнейшага, чым сам Пуцін. Ён таксама ўяўляецца куды больш рэальнай персонай, якая запужвае, чым натоўпы чыноўнікаў і прапагандыстаў, якія працягваюць пагражаць Лондану і Берліну атамнай бомбай, пасылаючы пры гэтым сваіх жонак у Парыж за пакупкамі, а дзяцей у гэты самы Лондан, на вучобу. Застаецца толькі дачакацца канчатковага ператварэння правадыра банды наймітаў у трыбуну народнага гневу», – іранізуе італьянскае выданне.

Напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Турцыі, якія пройдуць 14-га траўня , кандыдаты на пасаду прэзідэнта ідуць нараўне: у старшыні Рэспубліканскай народнай партыі Кемаля Кылычдараглу і яго апазіцыйнага альянсу ёсць усе шанцы на тое, каб адолець прэзідэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана. Аглядальнікі з вялікай увагай сочаць за апошнім этапам перадвыбарнай гонкі. «На гэты раз немагчыма прадбачыць, каму выбаршчыкі аддадуць свае галасы», – піша турэцкая газета Habertürk.

«Зыход гэтых выбараў вырашыць «маўклівая большасць». Усюды ўсе кандыдаты ад усіх партый казалі адно і тое ж. Палітыкі больш не ў стане прадбачыць паводзіны мас падчас галасавання.  Няма ні агітацыйных банераў, ні плакатаў на балконах і вокнах, па якіх, як правіла, можна зразумець, якой палітычнай пазіцыі прытрымліваецца тая ці іншая вуліца ці раён. Мы прайшлі нямала вуліц, але акрамя выбарчага штаба той ці іншай партыі не змаглі знайсці нікога, хто па сваёй волі вывесіў бы ў сябе партыйны сцяг ці перадвыбарчы плакат», – падкрэслівае турэцкае выданне.

У гісторыі славацкага ўрадавага крызісу адкрылася новая частка: пасля таго як са складу часовага ўрада вышлі некалькі міністраў, ягоны кіраўнік Эдуард Хегер яшчэ спрабаваў выратаваць рэшткі свайго кабінета, аднак і ён падаў у адстаўку, пасля таго як прэзідэнт Зузана Чапутава прыняла рашэнне прызначыць новы пераходны «ўрад экспертаў», на чале якога паўстане Людовіт Одар, які дагэтуль займаў пасаду намесніка старшыні Нацыянальнага банка Славакіі. Перад новым кабінетам, у склад якога ўвойдуць эксперты, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі той ці іншай палітычнай партыі, пастаўлена задача давесці краіну да новых парламенцкіх выбараў, прызначаных на 30-га верасня. «Канец пераходнага ўрада адзначыўся карупцыйным скандалам – і гэта асабліва сумна», – наракае славацкая газета Denník N.

«Гэты ўрад быў скліканы тры гады таму ў выніку народных пратэстаў наконт карупцыі перыяду кіравання прэм’ера Роберта Фіцо. І зараз ён заканчвае сваё існаванне ў выніку карупцыйнага скандалу, падчас якога адзін міністр папрасіў другога выдзеліць субсідыі яго прадпрыемству, і той пагадзіўся. Больш зневажальнага фіналу і ўявіць нельга. Аднак ганьба Хэгера куды глыбейшая: яго партыя, дэмакраты, павінна была спрыяць таму, каб падчас выбараў у верасні дэмакратыя не пацярпела франтальнай паразы ад Фіцо і фашыстаў. А ў выніку Хегер толькі прыклаў руку да таго, каб найболей верагодным стаў цалкам процілеглы сцэнар», – падкрэслівае славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка