Агляд прэсы: каса на камень
Рост уплыву Кітая: як трэба рэагаваць Еўропе? Спрэчка аб збожжавых з Украіны не сціхае. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканская газета Financial Times публікуе інфармацыю аб новых «дакументах Пентагона», у якіх гаворка ідзе і пра Беларусь.
«Амерыканскія спецслужбы валодаюць дадзенымі аб тым, што ПВК „Вагнер” спрабавала набыць узбраенне ў цэлым шэрагу краін – у тым ліку ў Кітаі і ў Турцыі. Пекін запыты «вагнераўцаў» праігнараваў. Не атрымалася набыць узбраенне і ў Турцыі. А вось Менск і Дамаск, як сцвярджаецца, узбраенне пастаўлялі. Тое, што дадзеная інфармацыя з’явілася, не выклікае захаплення ў рэжыма Лукашэнкі. Размова не ідзе аб пастаўках узбраення расійскай арміі (такія звесткі публікаваліся і раней). Гаворка ідзе аб дапамозе ПВК „Вагнер”, якую ЗША лічаць „транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй” і якая праславілася на ўвесь свет зверскімі злачынствамі. А гэта ўжо іншы ўзровень», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Рост ўплыву Кітая становіцца ўсё больш прыкметным на сусветнай арэне. Амбівалентная пазіцыя Пекіна ў дачыненні да расейскай агрэсіі ва Украіне з’яўляецца няпростым выклікам для Еўразвяза, роўна як і напружанасць, якая запанавала паміж Кітаем і ЗША па пытанні Тайваня. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як трэба было б пазіцыянаваць сябе Еўропе ў кантэксце актуальнага стану спраў у сусветнай палітыцы. «Планы Пуціна і Сі, якія разлічвалі ўнесці раскол у адзінства ЕЗ, пакуль што не ўвянчаліся поспехам», – піша эстонская газета Postimees.
«Уладзімір Пуцін,ды і Сі Цзіньпін, які, магчыма, быў у курсе планаў Масквы, – не зыходзіў з зусім ужо ірацыянальнага разліку, калі меркаваў, што ўсяго праз некалькі дзён пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну Еўразвяз страціць адзінства і згуртаванасць. Улічваючы досвед вайны ў Іраку , еўрапейскія фінансавы і міграцыйны крызісы, можна сказаць, што адзін прэцэдэнт расколу меў месца. Калі можна зыходзіць з таго, што для палякаў і эстонцаў вайна ўяўляе сабой экзістэнцыйную пагрозу, то для партугальцаў і іспанцаў гэта – канфлікт, які адбываецца недзе вельмі і вельмі далёка. Сёння, праз год, аказалася, што гэты разлік на раскол у шэрагах ЕЗ сябе зусім не апраўдаў», – адзначае эстонскае выданне.
Польшча пагадзілася з суботы зноў дазволіць транзітныя перавозкі ўкраінскага збожжа пры ўмове, што ў самой краіне гэта зерне затрымлівацца не будзе. Венгрыя мае намер узяць прыклад з Польшчы, а Славакія і Балгарыя пакуль прытрымліваюцца свайго рашэння аб забароне на імпарт з мэтай абароны цэн на сельгаспрадукцыю айчынных вытворцаў. Брусель, які першапачаткова раскрытыкаваў забарону на ўвоз, цяпер мае намер абмежаваць імпарт у гэтыя чатыры краіны, а таксама ў Румынію. Чэшская газета Hospodářské noviny перасцерагае.
«Спрэчка аб украінскіх збожжавых, якая разгарэлася ў Цэнтральнай Еўропе, дэманструе існаванне ў грамадстве антыўкраінскіх тэндэнцый. У Польшчы і Славакіі яны зьвязаныя з нацыяналістамі, і невыпадкова яны там выступаюць так гучна: ужо ўвосень у абедзьвюх краінах пройдуць чарговыя выбары. Паслабленне падтрымкі Украіны ў Цэнтральнай Еўропе вельмі важнае для расейскай прапаганды, бо менавіта такія краіны, як Польшча і Чэхія, больш актыўна аказвалі ціск на сваіх партнёраў на заходнім флангу ЕЗ, з тым каб тыя больш дапамагалі Украіне. Калі Расеі ўдасца аслабіць падтрымку Украіны ў Цэнтральнай Еўропе, то гэтая падтрымка аслабне і на ўсім Захадзе», – падкрэслівае чэшскае выданне.
З 2035 года ў Еўразвязе на рынак будуць дапускацца толькі такія мадэлі аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання, якія маюць нулявыя эмісіі СО2. У сувязі з гэтым федэральны канцлер Аўстрыі Карл Нехамэр склікаў так званы «аўтамабільны саміт», на які былі запрошаны спецыялісты і кампаніі з адпаведных галін. Размова на сустрэчы ішла аб тым, якія крокі неабходна зрабіць для ажыццяўлення гэтага пераходу. Еўрапейская прэса разважае аб пытаннях мабільнасці і энергетыкі, і не забывае тым часам пазіраць на Кітай. «Электрапаліва трэба не спальваць у аўтамабільных маторах, а задзейнічаць у іншых сферах», – з такім заклікам выступае аўстрыйская газета Die Presse.
«Самалёты і караблі немагчыма абсталяваць электрарухавікамі. А самае галоўнае – вытворчасць электраэнергіі! Энергасістэма пакутуе ад валацільнасці паступлення энергіі ад аднаўляльных крыніц, асабліва гэта прыкметна зімой, калі мала сонца. А значыць, у якасці кампенсацыі ў будучыні будуць неабходны электрастанцыі, якія вырабляюць энергію за кошт спальвання сыравіны. І калі ў мінулым на іх спальвалі расейскі прыродны газ, то зараз на змену яму прыйдзе газ сінтэтычны, які будзе вырабляцца пры дапамозе ветраных ці сонечных энергетычных установак у Паўднёвай Амерыцы ці Афрыцы. ККД такіх газавых электрастанцый, якія вырабляюць як электрычнасць, так і цяпло, якое выкарыстоўваецца для ацяплення будынкаў у бліжэйшых раёнах, складае 85 працэнтаў, што значна вышэй, чым ККД аўтамабіляў», – адзначае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя