Агляд прэсы: Хлеба і відовішчаў!
Расея і дзесяць месяцаў вайны. Косава падае заяўку на ўступленне ў ЕЗ. Чэмпіянат свету ў Катары: што на памяць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пуцін прыбыў у Беларусь у панядзелак напярэдадні чаканай сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі, калі Лукашэнка папярэджвае аб «эскалацыі». Гэта першы візіт Пуціна ў краіну-суседку за апошнія тры гады, каб сустрэцца са сваім калегам», – піша брытанская газета The Telegraf.
«Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка паказаў дэманстратыўны тон, адзначыўшы, што сітуацыя «абвастраецца», і падкрэсліўшы суверэнітэт сваёй краіны на фоне растучых асцярог, што Беларусь можа быць уцягнута ва ўварванне Расеі ва Украіну. «Яшчэ раз падкрэсліваю гэтую асаблівасць: ніхто, акрамя нас, Беларуссю не кіруе. Гэта нашы функцыі па Канстытуцыі, у тым ліку і мае. Мы гэтыя функцыі выконваем», — заявіў Лукашэнка ў пятніцу. Аднак Беларусь дапамагала Маскве ў пачатку вайны, служачы плацдармам для расейскіх войскаў, а ў кастрычніку Беларусь разгарнула тысячы вайскоўцаў у сумесных з Расеяй ваенных вучэннях. Гэты крок аднавіў асцярогі, што Беларусь можа ўвесці свае сілы ва Украіну, але Лукашэнка да гэтага часу супраціўляўся гэтаму. Лукашэнка ў пятніцу адзначыў, што галоўнай тэмай яго сустрэчы з Пуціным будзе эканоміка, хоць ён прызнаў, што абодва лідары таксама абмяркуюць абарону і бяспеку ў рэгіёне. У апошнія тыдні Расея ўсё часцей нацэльваецца на энергетычную інфраструктуру Украіны: у тым ліку адна з самых вялікіх хваляў удараў, якая абрынулася ў пятніцу. Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што сталіца Кіеў пацярпела ад дадатковых удараў зранку ў панядзелак, хоць гэтыя выбухі, здаецца, не прывялі да ахвяраў, нягледзячы на нанясенне шкоды крытычнай інфраструктуры», – піша брытанскае выданне.
Амаль праз дзесяць месяцаў пасля пачатку захопніцкай вайны Расеі супраць Украіны на гарызонце не відаць ані перспектыў дыпламатычнага вырашэння, ані відавочнага ваеннага зыходу канфлікту. Назіральнікі разважаюць пра тое, як вайна паўплывала на настроі і погляды расейцаў. «Пуцін робіць стаўку на прычыненне Украіне максімальнай шкоды», – такое меркаванне выказвае швейцарская газета Sonntags Zeitung.
«10 кастрычніка, 17 кастрычніка, 31 кастрычніка, 15 лістапада, 23 лістапада, 5 снежня і 16 снежня генерал Суравікін ужо выпусціў мноства ракет па Украіне, і ён працягне рабіць гэта. Пуцін гатовы працягваць вайну любой цаной. На мінулым тыдні ён павялічыў ваенны бюджэт на 143 мільярды даляраў. Нават калі Пуцін не зможа пры дапамозе гэтых грошай дабіцца перамогі, ён працягне адчайна знішчаць Украіну ракетамі. А мы ўбачым яшчэ шмат людзей, якія пакутуюць ад голаду і холаду, прычым не толькі зараз, але, верагодна, і ў бліжэйшыя гады», – прагназуе швейцарскае выданне.
На мінулым тыдні Косава афіцыйна падало заяўку на ўступленне ў Еўразвяз. Найважнейшай перашкодай на гэтым шляху з’яўляецца той факт, што пяць краін ЕЗ не прызнаюць Косава асобнай дзяржавай. Сербія па-ранейшаму прад’яўляе Прышціне тэрытарыяльныя прэтэнзіі, і нядаўна прыгразіла адправіць туды войскі. «Косава хоча быць пачутым Еўразвязам з прычыны пагрозаў з боку Сербіі», – піша аўстрыйская газета Der Standard.
«Ужо ў 1990-я гады касавары зразумелі, што могуць разлічваць толькі на ЗША. Чарговы раз гэта стала відавочным у апошнія тыдні, калі ўзнялася новая хваля гвалту з боку ваяўнічых сербскіх нацыяналістаў у Паўночным Косава, а прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч нават прыгразіў уварваннем. Ясная пазіцыя ЗША мае асаблівую значнасць і таму, што ў верасні Сербія падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Масквой. Заходнія дыпламаты асцерагаюцца, што палітыка эскалацыі Вучыча ў Паўночным Косава можа быць узгодненая з Крамлём, тым больш што ПВК Вагнер некалькі дзён таму абвясціла аб адкрыцці свайго цэнтра ў Сербіі», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.
Чэмпіянат свету ў Катары завяршыўся ў нядзелю сапраўдным футбольным трылерам і перамогай Аргенціны. На стадыёне каля сталіцы Катара Дохі прэзідэнт Францыі Макрон заўзеў за сваю нацыянальную каманду, якая ў выніку прайграла. Еўрапейская прэса падводзіць вынікі чэмпіянату свету па футболе, які многія заклікалі байкатаваць яшчэ да яго пачатку. На сваіх старонках гішпанская газета El País папракае ў крывадушнасці ўсе бакі матчавых дзён.
«У тым, што тычыцца ўвасаблення ў жыццё канцэпцыі «хлеба і відовішчаў», ФІФА пераплюне любога рымскага імператара. А мы не можам выстаяць перад зачараваннем спорту. Зачаравальны футбол засланяе асобы агідных гаспадароў гульні. З гэтага часу ў Інфантына з усімі яго апраўданнямі з’явілася канкурэнтка, ды не хто-небудзь, а сама віцэ-спікер Еўрапейскага парламента Ева Кайлі. Скандал вакол яе быў раскрыты не самімі інстытутамі Еўразвяза, а бельгійскай паліцыяй і спецслужбамі. Тое самае мела месца і з ФІФА. Для звяржэння рэжыму экс-прэзідэнта ФІФА Ёзэфа Блатэра запатрабаваліся аж намаганні ФБР! Такая яна – моц гаспадароў «хлеба і відовішчаў», – адзначае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array