Агляд прэсы: лепш позна чым ніколі



Як рэха халоднай вайны Нобелеўскую прэмію міру атрымалі змагары за правы Украіны, Расеі і Беларусі. Што з настроем расеянаў? Саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Празе. Еўрапарламент патрабуе пашырэння шэнгенскай зоны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Зняволены беларускі актывіст Алесь Бяляцкі, расейская праваабарончая група «Мемарыял» і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод атрымалі ў пятніцу Нобелеўскую прэмію міру за 2022 год на фоне вайны ў іх рэгіёне, якая стала найгоршым канфліктам у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны», – паведамляе міжнароднае выданне Nasdaq.

«Узнагарода, як першая прэмія міру пасля ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага, мае адгалоскі эпохі халоднай вайны, калі вядомыя савецкія дысідэнты, такія як Андрэй Сахараў і Аляксандр Салжаніцын, атрымлівалі Нобелеўскую прэмію за мір і літаратуру. Прэмія будзе разглядацца многімі як асуджэнне прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які ў пятніцу святкаваў сваё 70-годдзе, і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, што робіць яе адной з самых палітычна спрэчных за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя гэтага старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта Берыт Райс-Андэрсэн пасля абвяшчэння заклікала Беларусь вызваліць Бяляцкага з турмы і заявіла, што прэмія не накіраваная супраць Пуціна. Нобелеўскі камітэт пасылае паведамленне, што палітычныя свабоды, правы чалавека і актыўная грамадзянская супольнасьць з’яўляюцца часткай міру. Узнагарода Бяляцкаму магла б прыцягнуць увагу да каля 1350 палітвязняў у Беларусі. Сам Бяляцкі знаходзіцца ў турме ў чаканні суда: яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, калі яго прызнаюць вінаватым. Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў зняволенні, пасля немца Карла фон Асецкага ў 1935 годзе, кітаянкі Лю Сяабо ў 2010 годзе і Аун Сан Су Чжы з М’янмы, якая знаходзілася пад хатнім арыштам у 1991 годзе. Уручэнне прэміі адбудзецца ў Осла 10-га снежня», – адзначае міжнароднае выданне.

Агрэсіўная вайна, распачатая Крамлём супраць Украіны, нарэшце дабралася і да шырокіх мас расейскага насельніцтва. У рамках абвешчанай Пуціным мабілізацыі ваенкаматы дзейнічаюць без разбору: у шматлікіх населеных пунктах позвы масава ўручаюцца мужчынам, нягледзячы ні на стан здароўя, ні на ўзрост, ні на наяўнасць досведу службы ў войску. З прычыны ўсё новых паразаў Расеі на фронце незадаволенасць насельніцтва расце. Аглядальнікі абмяркоўваюць, ці можа сітуацыя, якая склалася, стаць небяспечнай для Пуціна. «Небяспеку для Пуціна ўяўляе незадаволенасць функцыянераў», – мяркуе польская газета Gazeta Wyborcza.

«На працягу амаль чвэрці стагоддзя Пуцін рабіў усё для таго, каб у краіне не засталося нікога, да каго мог бы, як кажуць, «прысуседзіцца» дзяржаўны апарат, які быў і застаецца асновай любой улады ў Крамлі. З іншага боку, размываецца і чынавенская «кармавая база». Кампаніі і прадпрыемствы паступова галеюць, і ўжо не ў стане плаціць столькі хабараў. Крамлёўскі ўладар і сам адзначыў, што дзяржаўныя функцыянеры знаходзяцца ў фрустрацыі. Пуцін паскардзіўся на тое, што яны, маўляў, больш п’юць і «дысцыпліна стала кульгаць». У такой сітуацыі яны цалкам могуць пачаць глядзець па баках у пошуках таго, да каго можна было б «прысуседзіцца», – адзначае польскае выданне.

У чацвер у Празе адбыўся першы саміт новастворанай Еўрапейскай палітычнай супольнасці. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 44 краін Еўропы. Ініцыятыву па стварэнні супольнасці ў маі гэтага года праявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Прадугледжваецца, што форум стане яшчэ адной, акрамя Еўразвязу, пляцоўкай, на якой будзе ажыццяўляцца каардынацыя палітычных дзеянняў краін Еўропы, што асабліва актуальна на фоне расейскай агрэсіі ва Украіне. Прэса ўхваляе ініцыятыву, але адзначае, што спраў яшчэ безліч. «Расейская агрэсія змушае Еўропу шукаць новыя рашэнні», – падкрэслівае аўстрыйская газета Der Standard.

«З гэтага моманту будаўніцтва Еўропы будзе ісці не разам з Расеяй, але без яе. Кіраўнікі шэрагу еўрапейскіх урадаў, у першую чаргу ва Усходняй Еўропе, гавораць аб тым, што неабходна працаваць над стварэннем адзінай Еўропы ў процівагу Расеі. Сярод кіраўнікоў урадаў краін ЕЗ няма нікога, хто б зыходзіў з хуткага заканчэння вайны ва Украіне. Наадварот, усе рыхтуюцца да таго, што канфлікт зацягнецца надоўга і перарасце ў «замарожаны». Гэта азначае: Еўропе давядзецца ў найкароткія тэрміны ў значнай ступені перабудаваць сваю эканоміку, энергазабеспячэнне, а таксама палітыку бяспекі і абароны, усведамляючы той факт, што Масква зробіць усё магчымае для таго, каб перашкодзіць гэтаму і раскалоць Еўропу», – прагназуе аўстрыйскае выданне.

Падчас дэбатаў у Еўрапарламенце дэпутаты выказаліся за паскоранае ўступленне Румыніі і Балгарыі ў шэнгенскую зону. Для прыняцця такога рашэння патрэбна згода ўсіх краін ЕЗ. Бліжэйшая магчымасць зрабіць гэты крок будзе ў снежні, калі адбудзецца пасяджэнне міністраў юстыцыі і ўнутраных спраў краін ЕЗ. Чакаецца, што вета па гэтым пытанні могуць накласці Нідэрланды. «Румынія палягчае задачу сваім крытыкам», – адзначае мясцовы партал Spotmedia.

«За апошнія месяцы ўрад не раз падвяргаўся крытыцы за сітуацыю з выкрывальнікамі, а таксама з-за заканадаўчай палітыкі ў дачыненні да юстыцыі і палітычнага ціску на журналістаў. І нават калі сябры Еўрапарламента выразна заявілі аб тым, што абедзве краіны маюць усе перадумовы для ўступлення ў шэнгенскую зону, а грамадзянаў другога класа і зусім не існуе, то рашэнне будзе прымаць Рада Еўрапейскага саюза, а значыць – нацыянальныя ўрады. І калі які-небудзь урад, да прыкладу, урад Нідэрландаў, пажадае заблакаваць працэс уступлення нашай краіны ў шэнгенскую зону, то падобныя выхадкі палітычнай і судовай улады ў Бухарэсце – самая гатовая падстава сказаць «Не», – канстатуе румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Array