Агляд прэсы: мэтанакіраваная стратэгія
Лукашэнка зноў засяляе Беларусь праўладнымі грамадзянамі. Дыскусія пра пастаўкі танкаў Украіне. Францыя плануе пенсійную рэформу. Няўдалы запуск спадарожніка ў Вялікабрытаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі пасля двух гадоў арыштаў і пераследу іншадумцаў у Беларусі шукае новыя шляхі барацьбы з наступствамі паслявыбарчых пратэстаў, якія скаланулі краіну ў 2020 і 2021 гадах. Рухаючыся да пазбаўлення грамадзянства дысідэнтаў, рэжым прапануе пашпарты зусім іншай групе», – канстатуе міжнароднае выданне The Open Democracy.
«5 студзеня Лукашэнка падпісаў новы закон, які дазваляе ўладам пазбаўляць беларускага грамадзянства людзей за межамі краіны, якія «страцілі прававую сувязь» з беларускай дзяржавай. Тысячы пакінулі краіну з 2020 года, калі беларускія сілавікі арыштоўвалі і саджалі ў турму ўсіх, каго маглі знайсці. Сапраўднай прычынай таго, што ўлады Беларусі ўвялі гэты новы элемент у свой набор рэпрэсіўных інструментаў, выглядае як памкненне змяніць прыроду самога беларускага грамадства. Пасыл уладаў быў і дагэтуль адназначны: з’язджайце з Беларусі, пакуль ёсць магчымасць, і не вяртайцеся. Паводле ацэнак некаторых экспертаў, краіну пакінулі ад 135 да 300 тысяч беларусаў.
Разам з тым, за апошнія паўтары года вызначылася іншая тэндэнцыя: паралельна з высылкай з Беларусі «нядобранадзейных» улады пачалі актыўна раздаваць пашпарты лаяльным замежнікам. У выніку за 16 месяцаў беларускае грамадзянства атрымалі 7317 замежных грамадзян. Гэтыя людзі ў асноўным украінскія мігранты з Данбаса, якія не маюць ніякай юрыдычнай сувязі з Беларуссю, але прынцыпова прытрымліваюцца прарасейскіх і пралукашэнкаўскіх поглядаў. Паколькі змяніць сімпатыі людзей не ўдалося, Лукашэнка вырашыў, хаця б часткова, замяніць само беларускае грамадства», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
Шэраг краін заявіў аб гатоўнасці даць Украіне лёгкія БМП. На гэтым фоне адмысловую вастрыню набывае дыскусія пра пастаўкі Кіеву цяжкіх танкаў, у першую чаргу нямецкіх Leopard і брытанскіх Challenger. «Украіне тэрмінова неабходны менавіта танкі Leopard», – падкрэслівае нямецкая газета Deutschlandfunk.
«У арсеналах многіх еўрапейскіх краін ёсць гэты танк, паўсюль добра наладжана забеспячэнне запчасткамі і амуніцыяй, магчыма, аж да тэрыторыі Украіны. Паставіць салдатам адну мадэль танка куды лагічней, чым пастаўляць розныя мадэлі, як то зараз мае месца ў выпадку з лягчэйшымі танкамі. Вось толькі Берлін не ссунуўся з месца. Паколькі танкі Leopard вырабляюцца ў Нямеччыне, іншыя краіны, якія маюць іх у сваім распараджэнні, маюць права адправіць іх Кіеву толькі ў тым выпадку, калі свой дазвол на гэта дасць германская Федэральная рада бяспекі, гэта значыць урад. І тут ён павінна самастойна зрабіць гэты крок: без яго калектыўная еўрапейская ініцыятыва па пастаўцы танкаў не зможа пачацца», – папярэджвае нямецкае выданне.
Пасля доўгіх ваганняў урад Францыі цяпер мае намер заняцца пенсійнай рэформай, пра якую гаварылася ўжо неаднаразова. Згодна з планамі, прадстаўленымі прэм’ер-міністрам Элізабэт Борн у аўторак, да 2032 года пенсійны ўзрост павінен быць паступова павялічаны з 62 да 64 гадоў. Еўрапейская прэса чакае супраціўлення заяўленым планам. „Пенсійныя рэформы ўсюды і паўсюль выклікаюць супраціў», – нагадвае харвацкая газета Večernji list.
«Падвышэнне пенсійнага ўзросту з’яўляецца адным з найбольш спрэчных пытанняў у сферы палітыкі. Таму буйныя акцыі пратэсту былі арганізаваны ў самых розных краінах: ад Расеі да Чылі, Гішпаніі, Грэцыі, Харватыі і нават Кітая. Супраціўленне павышэнню пенсійнага ўзросту – адно з тых рэдкіх пытанняў, па якім сярод пратэстуючых у цэлым шэрагу краін пануе кансэнсус, часта незалежна ад таго, лічаць яны сябе левымі або правымі. Пяць гадоў таму масавыя дэманстрацыі ненадоўга пахіснулі папулярнасць рэжыму прэзідэнта Расеі Пуціна. Гішпанцы пратэставалі ў 2010 годзе, грэкі – у 2015 годзе і швейцарцы – у верасні мінулага года», – падсумоўвае харвацкае выданне.
Першая спроба Вялікабрытаніі запусціць спадарожнік са сваёй тэрыторыі ў аўторак увечары пацярпела няўдачу. Хоць стартавы модуль Cosmic Girl разам з ракетай-носьбітам і вылецелі з аэрапорта Ньюкі, як і планавалася, аднак з-за тэхнічнай няспраўнасці ім не ўдалося дасягнуць патрабаванай вышыні палёту. Дзяржаўная прэса іранізуе, але ў той жа самы час не скупіцца і на пахвалу. А вось брытанская газета The Spectator не хавае сарказму.
«Няўдача пры вывядзенні на арбіту першага спадарожніка, запушчанага з брытанскай тэрыторыі, выставіла некаторых грамадзян не ў самым лепшым святле, у тым ліку і Джорджа Фрымана, нашага несуцішнага і празмерна захопленага міністра ад навукі. Гэты прадстаўнік торы быў у такім захапленні ад прысутнасці пры ажыццяўленні «гістарычнага запуску», што паспяшаўся раструбіць ва ўсе фанфары аб поспеху місіі яшчэ да таго, як яна, уласна, адбылася. «Гэта і сапраўды гістарычны момант для Вялікабрытаніі», – заявіў ён газеце The Daily Telegraph неўзабаве пасля таго, як самалёт з ракетай на борце ўзняўся ў нябёсы над Атлантыкай. – «Мы выйгралі касмічную гонку ў Еўропе». Аднак нешта не падобна!», – падсумоўвае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array