Агляд прэсы: „Наведванне Еўропы – гэта прывілей”
У Еўропе ўсё часцей гучаць заклікі спыніць выдаваць візы расейскім турыстам, на рэканструкцыю галоўнага аэрапорта Венгрыі выдаткавана 7,4 мільярда форынтаў, у Даніі ідзе жорсткая барацьба ў спробах сарваць планы па ўвядзенні ўзроставага абмежавання на пакупку алкаголю да 18 гадоў – падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ ад Антона Разумоўскага.
Еўразвяз адкрывае новы фронт санкцый па забароне віз для расейскіх турыстаў. Эстонія, Фінляндыя і Латвія абмяжоўваюць уезд у свае краіны і патрабуюць ад астатніх ісці па іх слядах, піша іспанскае выданне Elmundo. „Наведванне Еўропы – гэта прывілей”:
Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну многія краіны Еўразвяза абмежавалі выдачу віз грамадзянам Расеі. Апошнія тыдні ў Еўропе ўсё часцей гучаць заклікі ўвогуле спыніць выдаваць візы – у першую чаргу турыстычныя – усім расейцам. Краіны шэнгенскай зоны павінны спыніць выдаваць расейцам турыстычныя візы, заявіла прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы гэтую заяву, сказаў, што „ў сваёй недружалюбнасці многія з краін заходзяцца да непрытомнасці, і даходзяць да такіх заяў, якія літаральна гадоў 80 таму чулі з цэнтра Еўропы, з некаторых еўрапейскіх краін”. На яго думку, „з часам здаровы сэнс усё ж неяк праявіць сябе”.
Між тым Калас падтрымала прэм’ер-міністр Фінляндыі Санна Марын. Яна заявіла, што, на яе думку, Рада Еўропы магла б разгледзець варыянт накладання санкцый на расейскі турызм да таго часу, пакуль не скончыцца вайна. Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю амерыканскай Washington Post заклікаў краіны Захаду аб’явіць пра забарону на ўезд усім расейскім грамадзянам. „Пра якіх бы расейцаў ні ішла гаворка, адпраўце іх назад у Расею. Тады яны зразумеюць. Тады яны скажуць: мы не маем ніякага дачынення да гэтай вайны. Менавіта гэты народ абраў такую уладу і не змагаецца з ёй, не спрачаецца з ёй, не крычыць на яе”, – сказаў Зяленскі.
Тым часам расейцы спешна з’язджаюць з Крыма, піша нямецкае выданне Bild. У аўторак Украіна зрабіла стрэлы па Крыме, які быў анэксаваны Расеяй з 2014 года. На акупаваным паўвостраве пануе паніка.
Ёсць вялікі страх, што могуць быць новыя атакі. Утварылася вялікая чарга аўтамабіляў, якія выязджаюць з Крыма. Пра 100-кіламетровы затор у Twitter гаворыць дарадца МУС Украіны Антон Герашчанка.
Пасля нападу расейскія ўлады ў Крыме ў сераду абвясцілі надзвычайнае становішча ў раёне Сакі, пацярпелым ад выбухаў.
Як паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс», кіраўнік адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што прынамсі 252 жыхары суседняга курортнага гораду Навафёдараўка будуць пераселеныя ў прытулкі. Таму газазабеспячэнне двух гарадоў было часова спынена. Расейцаў, якія — пакуль Пуцін бамбіў Украіну — хацелі атрымаць асалоду ад адпачынку ў акупаваным Крыме, выбухі на аэрадроме вярнулі ў жорсткую рэальнасць вайны.
Серыя інфраструктурных распрацовак коштам 7,4 мільярда форынтаў пачнецца ў верасні ў міжнародным аэрапорце Будапешта імя Ферэнца Ліста, піша венгерскае выданне Portfolio. У адпаведнасці з правіламі Еўрапейскага агенцтва па авіяцыйнай бяспецы (EASA) у верасні ў аэрапорце пачнуцца маштабныя работы па рэканструкцыі ўзлётна-пасадкавых палос.
Распрацоўка будзе рэалізавана ў два этапы, першы будзе доўжыцца з 8 жніўня да пачатку снежня, агульны кошт праекта каля 9 мільёнаў еўра. Паралельна з гэтым, каб бесперашкодна абслугоўваць усё большы грузапаток аэрапорта Будапешта, таксама пачнецца пашырэнне транспартнай пляцоўкі, што абыдзецца яшчэ у 3,9 мільярда форынтаў (ці амаль 10 мільёнаў еўра).
Дацкае выданне Politiken публікуе расследванне ў якім выкрывае, як некалькі маладых палітыкаў працавалі ў лабісцкай кампаніі Асацыяцыі півавараў, у той жа час, калі палітычна імкнуліся прадухіліць умяшальніцтва супраць гвалтоўнага ўжывання алкаголю моладдзю.
У Даніі ідзе жорсткая барацьба ў спробах сарваць планы па ўвядзенні ўзроставага абмежавання на пакупку алкаголю да 18 гадоў.
Адказныя палітыкі арганізавалі канферэнцыю ў Крысціянсбаргу, якая павінна была пераканаць у недарэчнасці ўзроставага абмежавання, а таксама апублікавала аплачаны супярэчлівы даклад.
Лабісцкія кампаніі не захацелі пракаментаваць матэрыялы даследвання газеты. Не хоча гэтага рабіць і Асацыяцыя бровараў, піша Politiken.
Беларускае Радыё Рацыя
Array