Агляд прэсы: не аддаць на водкуп



Сустрэча ў Менску: чаго спрабуе дамагчыся Пуцін? Краіны ЕЗ уводзяць столю цэн на газ. Лондан дазволіў дэпартацыі ў Руанду. Што дае новы пакт пра абарону разнастайнасці відаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У Менску адбылася сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Адначасова з гэтым былі праведзены сумесныя вучэнні расейскіх і беларускіх вайскоўцаў. У апошні час Пуцін вельмі рэдка адпраўляўся за мяжу. На гэтым фоне прэса разважае пра тое, што стала мэтай дадзенага візіту ў Менск: ці не спроба прымусіць Лукашэнку прыняць актыўны ўдзел у вайне ва Украіне? «Той факт, што ў Менску Пуціна суправаджалі Сяргей Шайгу і Сяргей Лаўроў, а таксама кіраўнік федэральнай службы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Дзмітрый Шугаеў, пацвярджае, што ў цэнтры перамоваў былі пытанні абароны і бяспекі. У якасці перніка Пуцін прывёз новыя абяцанні эканамічнай дапамогі, у тым ліку фіксаваную цану на газ для Беларусі, а таксама ракеты „Іскандэр” і ЗРК С-400, якія, як было аб’яўлена ў Менску, ужо пастаўлены на баявое дзяжурства», – піша расейскае выданне Grani.ru.

«Ці атрымалася Пуціну пераканаць Лукашэнку прыняць непасрэдны ўдзел у вайне з Украінай, мы хутчэй за ўсё даведаемся ў бліжэйшыя некалькі тыдняў. Парадаксальным чынам, для Лукашэнкі ўяўляе пагрозу любы зыход гэтай вайны. У выпадку перамогі Украіны і практычна непазбежнай у гэтым выпадку змены ўлады ў Расеі падзенне беларускага дыктатара стане такім жа непазбежным. Але і гіпатэтычная перамога Пуціна, якая падаецца абсалютна неверагоднай, не абяцае Лукашэнку нічога добрага. У гэтым выпадку Пуцін проста анэксуе Беларусь, прычым нават не ў якасці аўтаномнай адзінкі ў складзе Расеі. Пуцін спрабуе знішчыць Украіну як дзяржаву і асіміляваць украінцаў. Можна не сумнявацца, што ў выпадку яго поспеху той жа лёс будзе прыгатаваны Беларусі і беларусам. І тады Лукашэнка будзе яму зусім не патрэбны, яго можа напаткаць лёс Макея без шанецу дажывання на Кубе ці ў Венесуэле», – падкрэслівае расейскае выданне.

Пасля доўгіх дыскусій і дэбатаў дзяржавы Еўразвязу дамовіліся аб увядзенні з 15 лютага 2023 года максімальнай цаны на газ: пры наяўнасці шэрагу ўмоў такая не павінна будзе перавышаць 180 еўра за мегават / гадзіну. Гэта мера заклікана абараніць спажыўцоў ад празмернага росту коштаў. У выпадку, калі справа дойдзе да перабояў з пастаўкамі і вострага недахопу газу, ліміт коштаў плануецца адмяніць. «Вынік атрымаўся дваякі», – скептычна адзначае італьянская газета La Repubblica.

«Гэта – перамога ў дачыненні да Расеі, але параза для еўрапейскай энергетычнай палітыкі. Перамога, паколькі Еўрапейскі саюз зноў згуртаваўся, як тое ўжо мела месца па пытанні ўвядзення санкцый і паставак зброі Украіне – з мэтай даць адпор расейскаму экспансіянізму. Увядзенне максімальнай цаны на газ – гэта параза для еўрапейскай энергетычнай палітыкі, паколькі такі крок ніякім чынам не падштурхне да пошуку альтэрнатыўных крыніц, а ўсяго толькі прывядзе да таго, што на змену адным пастаўшчыкам энергарэсурсаў прыйдуць другія. Замест Расеі газ зараз будуць закупляць у Алжыра, Катара, ЗША і Нарвегіі. Куды разумней было б стварыць стымулы для энергетычнага пераходу, а калі дакладней, то для пераходу на выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі», – адзначае італьянскае выданне.

Высокі суд у Лондане сваім рашэннем прынцыпова ўхваліў намер брытанскіх уладаў аддаць разгляд хадайніцтваў, якія падаюцца мігрантамі аб прытулку, на «аўтсорсінг» у Руанду. Туды ж мяркуецца перамяшчаць і саміх сушукальнікаў. Аднак, як гаворыцца ў рашэнні суда, у кожным асобным выпадку такое рашэнне павінна прымацца ў індывідуальным парадку. Міністр унутраных спраў Суэла Браверман заявіла, што ўрад абавязаны зрабіць усе крокі, неабходныя для найхутчэйшага ажыццяўлення гэтых рашэнняў. Прэса падзялілася ў меркаваннях. «У праграме, прадстаўленай новым урадам Даніі, аб цэнтрах прыёму бежанцаў у Руандзе, прама не гаворыцца, затое прагаворана сама ідэя «аўтсорсінгу» – працэсу разгляду прашэнняў аб прытулку ў іншыя краіны, па прыкладзе Вялікабрытаніі. Гаворка пры гэтым ідзе аб краінах, размешчаных у так званых «суседніх рэгіёнах», – піша дацкая газета Kristeligt Dagblad і заклікае задумацца.

«Перанос часткі працэдур разгляду хадайніцтваў аб прытулку ў «суседнія рэгіёны» будзе азначаць сур’ёзныя змены ў іміграцыйнай палітыцы Даніі і таму выклікаў, як рэзкую крытыку, так і словы падтрымкі. Неабходна дасканала вывучыць гэту ініцыятыву, каб яна не стала ветрам, які дзьме ў ветразі кантрабандыстаў, якія без сораму сумлення за шалёныя грошы адпраўляюць бежанцаў і мігрантаў у небяспечнае для жыцця падарожжа па Міжземнамор’і», – канстатуе дацкае выданне.

Да 2030 года не менш як 30 працэнтаў сушы і вод планеты павінны стаць прыродаахоўнымі тэрыторыямі. Амаль 200 краін-удзельніц дамовіліся пра гэта на саміце ААН па біяразнастайнасці ў Манрэалі. У еўрапейскай прэсе вядуцца спрэчкі пра тое, ці зможа выніковая дэкларацыя COP15, якая не нясе юрыдычных абавязацельстваў, унесці які б там ні было ўклад у захаванне разнастайнасці відаў на планеце. Значнасць біяразнастайнасці для эканомікі і аховы клімату падкрэслівае бельгійская газета La Libre Belgique.

«Больш за палову сусветнага ВУП залежыць ад прыродных рэсурсаў і паслуг, якія прырода прапануе нам у многіх галінах, а менавіта – ежа, пітная вада, энергія, здароўе. А гэта азначае, што абарона разнастайнасці відаў – не толькі пытанне выратавання апошняга белага насарога. Напрыклад, знікненне адных толькі насякомых-апыляльнікаў можа знізіць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у грашовым эквіваленце на 500 мільярдаў даляраў за год. Акрамя таго, мы не павінны забываць пра буферны эфект экасістэм на сушы і ў вадзе, бо яны нівеліруюць частку негатыўнага ўздзеяння на клімат з боку чалавека, паглынаючы палову нашых выкідаў CO2», – піша бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array