Агляд прэсы: “не граць на руку»
Беларуская армія як пасрэднае фармаванне са састарэлай тэхнікай. Літва не гатова да рашэнняў па транзіце ў Калінінград. 25 гадоў стратэгічнаму партнёрству ЗША і Румыніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну пачалося адначасова з чатырох асноўных кірункаў, адзін з якіх закрануў тэрыторыю Беларусі. Аднак пасля чатырох месяцаў вайны з Расеяй беларускі аўтакрат Лукашэнка працягвае адмаўляцца ад адпраўкі сваіх салдат на вайну», – паведамляе ўкраінская газета Kyivindependent.
«У той жа час магчымасці беларускіх дзеянняў даволі абмежаваныя. Беларусь атрымала сваю армію ў спадчыну ад войскаў, якія знаходзіліся ў краіне пры савецкай уладзе, дзе яна была значным тылам савецкім арміям, якія знаходзіліся ў Польшчы і Усходняй Германіі. Беларускія ўзброеныя сілы цяпер налічваюць 50 тысяч салдат і афіцэраў, яшчэ каля 15 тысяч лічацца кадравымі. Вайсковы рэзерв, які можа быць прызваны ў выпадку мабілізацыі, складае 290 тысяч чалавек. Для параўнання ў суседняй Польшчы ў чатыры разы больш насельніцтва, мінімум у 20 разоў большы бюджэт – і ў наяўнасці 125 тысяч вайскоўцаў. Паводле звестак на 2020 год, у Беларусі магло быць 1200 танкаў, з іх 800 у рэзерве. Большасць танкаў – савецкія Т-72Б. Большая частка артылерыі Беларусі таксама засталася ў спадчыну ад Савецкага Саюза. Аднак афіцыйна ў Беларусі ёсць і шэсць новых 300-міліметровых рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз» айчыннай вытворчасці. Беларуская авіяцыя мае на ўзбраенні пару дзясяткаў савецкіх знішчальнікаў МіГ-29 і штурмавікоў Су-25. Адзіныя новыя самалёты — чатыры знішчальнікі Су-30СМ і 12 вучэбна-баявых Як-130. Беларуская супрацьпаветраная абарона складаецца ў асноўным з расейскіх зенітных комплексаў далёкага дзеяння С-300 ПС, распрацаваных у 80-я гады, якія аказаліся беспаспяховымі супраць амерыканскіх рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS. У Беларусі няма ядзернай зброі і магчымасцяў для яе належнага захоўвання. Ядзерны шантаж Лукашэнкі наўрад ці прывядзе да перадачы Беларусі ядзернай зброі», – падводзіць высновы ўкраінскае выданне.
Нягледзячы на напружаныя перамовы, Еўракамісія і Літва не змаглі дамовіцца аб новым становішчы па кантролі за санкцыйнымі таварамі на транзітным маршруце паміж Расеяй і Калінінградскай вобласцю. А значыць, з нядзелі набыла моц другая ступень санкцый у дачыненні да грузаперавозак. Напрыканцы чэрвеня Літва абмежавала пералік грузаў, якія могуць перавозіцца па яе тэрыторыі ў Калінінград.
«Еўразвяз павінен устаць на бок Літвы», – упэўнена нямецкая газета Handelsblatt.
«Інакш ЕЗ, па-першае, рызыкуе раззлаваць краіны Балтыі і Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у яго і даўно заклікалі не рабіць саступак расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну. Па-другое, існуе небяспека таго, што тым самым ЕЗ толькі пацвердзіць крамлёўскі наратыў аб нібыта распачатай «блакадзе» Калінінграда з боку Літвы. Блакады дэ-факта не існуе: Расея па-ранейшаму можа дастаўляць санкцыйныя тавары морам, а прадукты харчавання, лекі і многія іншыя тавары і зусім не падпадаюць пад санкцыі! Ну а па-трэцяе, на руку Пуціну гуляюць усе тыя ўнутраныя расколы ў ЕЗ, якія тут праяўляюцца з асаблівай выразнасцю», – падкрэслівае нямецкае выданне.
На гэтым тыдні спаўняецца 25 гадоў з дня заключэння дамовы аб стратэгічным партнёрстве паміж Румыніяй і ЗША. Калі на саміце НАТА ў 1997 годзе ў Мадрыдзе было прынятае рашэнне пакуль не прымаць Румынію ў шэрагі альянсу, тагачасны прэзідэнт ЗША Біл Клінтан у хуткім часе наведаў краіну для таго, каб вывесці адносіны паміж Вашынгтонам і Бухарэстам на новы ўзровень. Мясцовая газета Adevărul нагадвае пра тое, што гэтае партнёрства і дагэтуль ідзе на карысць Румыніі.
«Зараз, калі становішча ў рэгіёне носіць вельмі складаны характар у выніку неапраўданай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, Румынія карыстаецца самымі вялікімі гарантыямі бяспекі ў сваёй гісторыі. Відавочна, што Стратэгічнае партнёрства з ЗША было правільным выбарам. Мы абараняем усё тое, што спрабуе разбурыць Расея: дэмакратычныя каштоўнасці, правы чалавека, вяршэнства права, адкрытасць рынкаў, а таксама права народаў самастойна вызначаць свой лёс і выбіраць саюзнікаў», – піша румынскае выданне.
11 ліпеня ў Польшчы традыцыйна ўшанавалі памяць ахвяр Валынскай разні. У 1943 годзе ўкраінскія нацыяналісты забілі дзясяткі тысяч польскіх мірных жыхароў на тэрыторыі цяперашняй Заходняй Украіны, акупаванай у той час нямецкім вермахтам. Гэтая падзея абвастрыла адносіны паміж палякамі і ўкраінцамі на дзесяцігоддзі наперад. Аднак сёлета польскія аглядальнікі транслююць прымірэнчы тон на фоне вайны, распачатай Расеяй супраць Украіны. Польская газета Rzeczpospolita ідзе на кампраміс афіцыйнай гістарычнай палітыцы.
«Угодкі генацыду на Валыні – тэма, асабліва актуальная сёлета, і нават занадта. Вядома ж, гэта звязана з заявамі былога амбасадара Украіны ў Берліне Андрэя Мельніка, які рэлятываваў гэтае злачынства. Дык што ж рабіць? Памятаць, выразна паведамляць Украіне аб нашых чаканнях і быць цярплівымі. Мы павінны скарыстацца гэтай магчымасцю для таго, каб ушанаваць памяць украінцаў, якія ратавалі сваіх польскіх суседзяў падчас бойні, рызыкуючы ўласным жыццём. Інструменталізацыя памяці аб Валыні, асабліва сёння, нічога добрага не прынясе. Ні палякам, ні ўкраінцам», – адзначае польскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Array