Агляд прэсы: не наламаць дроў
Беларускі дыктатар Лукашэнка — гэта Пуцін малодшага ўзросту. Чым патлумачыць партнёрства Пуціна і Сі? Пратэсты ў Францыі супраць пенсійнай рэформы працягваюцца. UBS выратуе банкрута Credit Suisse. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расейскі вайсковы самалёт, які ў гэтым месяцы збіў амэрыканскі беспілотнік над Чорным морам, стаў яркім напамінам пра тое, як лёгка вайна Уладзімера Пуціна можа выйсці за межы Украіны. Пуцін і яго марыянеткі ў рэгіёне наносяць мільёнам людзей шкоду далёка за межамі поля бою. Галоўная з гэтых марыянетак – Аляксандр Лукашэнка, беларускі дыктатар», – піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.
«Летась Лукашэнка дазволіў расейскім войскам праехаць праз Беларусь на поўнач Украіны. Ён дазваляе расейскім ваенным самалётам выкарыстоўваць беларускія авіябазы, а ў апошнія некалькі тыдняў ён падлашчваўся да Ірана і Кітая, каб пазбегнуць санкцый Захаду. У мінулым месяцы антываенныя партызаны, абураныя падтрымкай Лукашэнкам Пуціна, накіравалі пару беспілотнікаў, каб пашкодзіць расейскія аб’екты на аэрадроме Мачулішчы пад Менскам. З такімі героямі Беларусь працягвае барацьбу за вызваленне. Вось чаму Святлана Ціханоўская наведвае ЗША, чыя падтрымка дэмакратыі і суверэнітэту ў Беларусі была неацэннай. На наступным тыдні Ціханоўская выступіць у Камітэце па міжнародных справах Сената. Увага свету прыкавана да вайны ва Украіне, але не забытая ўласная барацьба Беларусі за свабоду», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
***
Падчас свайго афіцыйнага візіту ў Маскву лідар Кітая Сі Цзіньпін абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным распрацаваны Пекінам план мірнага ўрэгулявання з дванаццаці пунктаў і падкрэсліў «бесстароннюю пазіцыю» сваёй краіны. Расейскі прэзідэнт станоўча адазваўся аб кітайскай ініцыятыве, адзначыўшы, што яна можа паслужыць асновай для мірнага рашэння. У панядзелак Сі заявіў, што Кітай працягне супрацоўнічаць з Расеяй у імя «сапраўднага шматбаковага парадку». «Візіт Сі ў Маскву – цяжкі ўдар для Захаду», – піша брытанская газета The Times.
«Замацаваўшы на гэтым тыдні ў Маскве свой нефармальны звяз, Кітай і Расея выступілі як відавочныя супернікі заходняй мадэлі. І няма абсалютна ніякай гарантыі таго, што дагэтуль нейтральныя краіны «глабальнага Поўдня» устануць на бок Захаду. Візіт Сі Цзіньпіна, першы з пачатку ўварвання, уяўляе сабой выклік для Захаду, які спрабуе ізаляваць Пуціна і прадставіць Расею дзяржавай-ізгоем. Таксама не жадаючы становіцца парыяй ці апынуцца ўцягнутым у санкцыйную вайну з ЗША і Еўрапейскім саюзам, Сі старанна выбудоўвае з сябе міратворца. Але ў ягоным плане з дванаццаці пунктаў, пра які столькі казалі падчас візіту, ні слова не гаворыцца аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны», – наракае брытанскае выданне.
***
У Францыі ў рэшце рэшт прынята спрэчная пенсійная рэформа – указам урада і ў абыход галасавання ў парламенце. Кіруючаму кабінету таксама ўдалося выдужаць у выніку вотумаў недаверу, якія рушылі за гэтым. Тым не менш, у краіне працягваюцца пратэсты і забастоўкі. «Усё сведчыць пра набліжэнне канфрантацыі», – такога меркавання прытрымліваецца дацкая газета Politiken.
«У 2017 годзе Макрон быў абраны ў тым ліку дзякуючы абяцанню аб’яднаць французскі народ. А ў выніку пры Макроне краіна падзелена так, як не была ўсе апошнія дзесяцігоддзі. Пратэсты, якія ахапілі Францыю ў гэтыя дні, збольшага прадыктаваныя гневам грамадзян, расчараваных тым, што ўлада да іх галасоў не прыслухоўваецца. Францыя заслугоўвае лепшага, але цяпер цяжка разгледзець, якім будзе правільны шлях. «Як кіраваць краінай, у якой 262 гатункі сыра?» – Шмат гадоў таму назад усклікнуў у роспачы Шарль дэ Голь. Жорсткія метады, ужытыя Эманюэлем Макронам у апошнія дні, толькі ўскладнілі сітуацыю», – канстатуе дацкае выданне.
***
Швайцарскі банк Credit Suisse, які апынуўся на мяжы банкруцтва, будзе набыты сваім канкурэнтам – банкам UBS, важным крэдытным інстытутам краіны. Гэтая здзелка стане найбуйнейшым зліццём банкаў на кантыненце з часоў крызісу 2008 года. Швейцарскі цэнтральны банк акажа UBS садзейнічанне, забяспечыўшы яму дадатковую ліквіднасць на суму каля ста мільярдаў швейцарскіх франкаў (прыблізна 101 мільярд еўра). Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung тлумачыць, чаму выратаванне праблемных банкаў у інтарэсах усяго грамадства.
«Справа ў тым, што без банкаў і фінансавых рынкаў кампаніі і прадпрыемствы, якія функцыянуюць, доўга існаваць не могуць. У канчатковым выніку, выдаючы праблемным банкам дзяржаўныя гарантыі і вылучаючы ім мільярдныя крэдыты, цэнтральныя банкі ратуюць рэальную эканоміку, а значыць, усеагульны дабрабыт і працоўныя месцы. Праблемныя банкі – гэта не абстракцыя. Працоўныя, якія страцілі працу ва ўмовах глыбокай рэцэсіі і якія знайшлі пазней новую працу, будуць зарабляць менш, нават праз дзесяцігоддзі. Акрамя таго, досвед мінулага паказвае, што фінансавыя крызісы – праўдзівы каталізатар папулізму. А гэта таксама нікому не патрэбна», – папярэджвае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.