Агляд прэсы: не паддацца на правакацыі



«Хваля рэпрэсій» у Беларусі праз вайну ва Украіне. Чаго хоча Пуцін? Змешаныя рэакцыі на прамову канцлера ФРГ з нагоды Дня Еўропы. Выбары ў Турцыі: чаго чакаць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«За некалькі дзён пасля ўварвання  Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 года, каля 1500 чалавек былі арыштаваныя за пратэсты супраць вайны, у той час як «простае размяшчэнне антываенных тэгаў у сацыяльных сетках» прывяло да судовага пераследу. Беларусы сутыкнуліся з «новай хваляй рэпрэсій» пасля ўварвання Расіі ва Украіну, што пацвярджае даклад найбуйнейшай у свеце арганізацыі па бяспецы АБСЕ», – піша ўкраінская газета The Kyiv Post.

«Як мінімум 1486 чалавек утрымлівалася ў Беларусі па палітычна матываваных абвінавачаннях па стане на мінулы месяц.  З таго часу, як пачалася вайна ва Украіне, рэпрэсіі былі накіраваныя асабліва на тых, хто выказваў сваю апазіцыю вайне або сваю падтрымку ўкраінскаму народу. У сакавіку 38 з 57 краін-членаў АБСЕ заклікалі правесці даследаванне ў Беларусі, якое апошні раз было пад пільнай увагай гэтага органа ў 2020 годзе. Але Беларусь, якая, як і Расія, з’яўляецца членам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, адмовілася ад удзелу, нягледзячы на просьбу аб супрацоўніцтве. Рэпрэсіі ў Беларусі няўхільна ўзмацняюцца на працягу апошніх двух гадоў, а таксама забяспечаны шэрагам прававых рэформаў, якія даюць ураду поўны арсенал заканадаўства, прызначанага для перашкод любой форме апазіцыі, – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

Аглядальнікі працягваюць аналізаваць прайшоўшы парад 9 Мая ў Маскве, а таксама выступ Пуціна. У сваёй прамове  9 мая ў прысутнасці ветэранаў і тысяч салдат на Чырвонай Плошчы падчас ваеннага парада ў гонар перамогі Савецкага Саюза над гітлераўскай Германіяй, Уладзімір Пуцін апраўдваў напад на Украіну тым, што супраць Расеі, маўляў, была развязана вайна. «У сілу геаграфічнага размяшчэння Румыніі там з асаблівай увагай прыслухоўваюцца да таго, што даносіцца з Расеі», – адзначае румынскае выданне Jurnalul National.

«Выступленне Пуціна 9 мая 2023 года на Краснай плошчы выразна паказвае, што расійская „вайна з глабалізмам” выходзіць далёка за рамкі таго, што пастаўлена на карту падчас „спецыяльнай аперацыі”. Захад прадстаўлены гэтакім ідэалагічным супернікам, які займаецца толькі тэрарызмам, а таму дужанне ва Ўкраіне – гэта ўсяго толькі адзін з эпізодаў. У Румыніі, аддзеленай ад працяглай вайны толькі плотам, напружанасць сітуацыі ўспрымаецца значна вастрэй, чым у іншых краінах НАТА, абароненых геаграфічнай аддаленасцю ад канфлікту. Ізноў жа, нельга забываць аб уроках гісторыі, хоць менавіта гэта, на жаль, і адбываецца. Таму мы мяркуем, што для Румыніі было б важна, каб вір узброенага канфлікту ва Украіне схлынуў, паколькі ніякіх пераваг ўцягванне ў яго НАТА не прынесла б», – піша румынскае выданне.

У сваім выступе перад Еўрапарламентам 9 мая гэтага года канцлер Германіі Олаф Шольц падкрэсліў важнасць святкавання Дня Еўропы як адказу на Другую сусветную вайну і «разбуральны нацыяналізм і імперыялістычную манію велічы». Канцлер таксама заявіў, што Еўропе варта і надалей абапірацца на Злучаныя Штаты як на геапалітычнага партнёра, а вось паводзіны Кітая ён расцаніў хутчэй як саперніцкія. Акрамя таго, Шольц заклікаў да таго, каб у Радзе ЕЗ больш рашэнняў прымаліся кваліфікаванай большасцю, замест абавязковай аднагалоснасці. «Ідэй і ўяўленняў прэзідэнта Францыі канцлер Нямеччыны відавочна не падзяляе», – адзначае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Шольц недвухсэнсоўна пярэчыў супраць падзелу свету на бі ці трыпалярны. менавіта апошняе мяркуе канцэпцыя Макрона пра новыя, на гэты раз глабальныя суадносіны сіл паміж дзяржавамі. Замест гэтага канцлер выступіў за такую Еўропу, якая не вызначала б сваё месца вышэй ці ніжэй за іншыя краіны, але імкнулася б да партнёрскіх адносін «на роўных» з іншымі краінамі , перш за ўсё ў Азіі, Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы, і, вядома жа, са Злучанымі Штатамі як з „важнейшым саюзнікам». Ці можна сказаць, што гэта найлепшы рэцэпт для будучыні Еўропы? Ёсць усе прычыны сумнявацца ў гэтым. І ключавыя словы тут – трампізм і дэглабалізацыя», – папярэджвае нямецкае выданне.

Напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Турцыі, якія пройдуць 14 траўня, шанцы кандыдатаў – старшыні Рэспубліканскай народнай партыі Кемаля Кылычдараглу і дзейнага прэзідэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана – амаль роўныя. Аглядальнікі з вялікай увагай сочаць за апошнім этапам перадвыбарнай гонкі. «У краіне памнажаюцца выпадкі нападу на прадстаўнікоў апазіцыі і іх прыхільнікаў, аднак тыя, на шчасце, гвалтам не адказваюць», – такім назіраннем дзеліцца турэцкае выданне Yetkin Report.

«У Стамбуле быў абстраляны офіс Добрай партыі; пасля было заяўлена, што, маўляў, ахоўнік адной з будпляцовак прагнаў злодзея. У Эрзуруме марадзёры закідалі камянямі Экрэма Імамаглу і яго прыхільнікаў: 17 чалавек атрымалі раненні. У Мерсіне быў учынены напад на агітацыйны аўтобус Левай партыі зялёных – яшчэ пяць пацярпелых. Аднак для прэзідэнцкага палаца ў Бештэпе ў нас дрэнная навіна: апазіцыя выдатна разумее, што ўсё гэта – правакацыі, і не паддаецца на іх. Імамаглу заклікае «закідваць ружамі тых, хто кідае камяні», – адзначае турэцкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя