Агляд прэсы: не паўтараць памылак
Лёсы Украіны і Беларусі пераплецены. Украіна: як будзе развівацца сітуацыя? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Праз год пасля ўварвання Расеі ў суседнюю Украіну стаўкі ў Беларусі ніколі не былі такімі высокімі. Беларускі рэжым падтрымліваў Расею з моманту ўварвання, але іх узброеныя сілы (пакуль) не прымалі непасрэднага ўдзелу ў канфлікце», – піша міжнароднае выданне Index On Censorship.
«Як і ў Расеі, у Беларусі антываенная рыторыка падвяргаецца жорсткаму ўціску. Летась у сакавіку былі арыштаваныя маці беларускіх вайскоўцаў, якія сабраліся ў касьцёле маліцца за мір. І толькі на мінулым тыдні 65-гадовага гаспадара гаража аштрафавалі, а ягоны бізнэс закрылі за тое, што ён назваў расейскіх вайскоўцаў «акупантамі» і адмовіўся прадаць ім тавар. Як і ўкраінцаў, беларусаў рознымі спосабамі пазбаўляюць фундаментальных правоў. Яны пакутуюць ад наступстваў тыраніі. Відавочна, што лёс Украіны і Беларусі пераплецены. Вынік гэтай вайны моцна паўплывае на сітуацыю ў Беларусі. А крах рэжыму Лукашэнкі непазбежны», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
З пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны прайшоў год, аднак ніякіх прыкметаў таго, што баявыя дзеянні могуць спыніцца ў бліжэйшы час, пакуль няма. Украіна аказала дзейсны супраціў і выстаяла, аднак, як мяркуюць назіральнікі, верагоднасць новага буйнога наступу з боку Расеі вельмі высокая. Еўрапейская прэса разважае пра тое, што трэба зрабіць для таго, каб наблізіць заканчэнне вайны. «Захад не павінен скупіцца на дапамогу і падтрымку Украіне», – заклікае ірландская газета The Irish Times.
«Калі гэтая вайна скончыцца разбурэннем асноў светапарадку, то яна стане прадвеснікам шматлікіх новых войнаў. Калі пуцінская палітыка ўварвання, ваенных злачынстваў, забойстваў, карупцыі, падрыўной дзейнасці і рэпрэсій будзе ўзнагароджана, то ў маральным плане гэта будзе раўнасільна адмове змагацца за Чэхаславакію ў 1938 годзе. Наступствы для чалавецтва не трэба недаацэньваць. Так, мы плацім пэўную цану за супрацьстаянне Пуціну, але бяздзейнасць абышлася б нам куды даражэй!», – падкрэслівае ірландскае выданне.
Вось ужо год як бушуе вайна ва Украіне і Еўропе даводзіцца з гэтым жыць. Вынікі падводзіць пакуль рана, аднак, як адзначаюць аглядальнікі, пэўныя палітычныя тэндэнцыі ўжо відавочна прасочваюцца, а таму можна рабіць прамежкавыя высновы. «Расея можа развітацца са сваімі летуценнямі аб «вялікай імперыі», – піша венгерскі штотыднёвік Mandiner.
«Што да гістарычных мэтаў, якія ставіла перад сабой Расея, то яна прайграла вайну ўжо ў тую секунду, калі яе пачала. Што ж не давала жыць спакойна Пуціну і іншым асобам у расейскім кіраўніцтве? Распад Савецкага Саюза і, самае галоўнае, вялізнай усходнеславянскай імперыі. Аднак чаго ж дабілася кіраўніцтва Расеі на чале з Пуціным сваім нападам на Украіну, забойствам украінцаў і знішчэннем саміх асноў іх існавання? Толькі таго, што сваімі бомбамі яны ператварылі Украіну ў варожую сабе дзяржаву, якая з поўнай на тое падставай паварочваецца да Расеі спіной. Мара аб славянскай імперыі са сталіцай у Маскве лопнула як мыльная бурбалка», – адзначае венгерскае выданне.
Польшча, краіны Балтыі, а таксама Фінляндыя, якая мае з Расеяй працяглую мяжу, крыху інакш глядзяць на Расею, Украіну і гэтую вайну, чым іншыя краіны Заходняй Еўропы. Як змянілася сітуацыя ў гэтых дзяржавах у сувязі з вайной? Фінская газета Helsingin Sanomat нагадвае пра тое, што ўступленне ў НАТА нічога не зменіць у плане ўразлівага становішча краіны.
«Фінляндыя занадта позна ўсвядоміла ўсю сур’ёзнасць канкурэнцыі паміж вялікімі дзяржавамі. Расея ўгледзела ў Еўропе вакуум улады, і вырашыла яго запоўніць. Пачатая Расеяй агрэсіўная вайна падарвала давер фінаў да Масквы, роўна як і ўпэўненасць ва ўласных сілах. Хуткі зрух у палітыцы бяспекі Фінляндыі мае гістарычны характар. Але нават будучы членам НАТА, Фінляндыя ёсць і застаецца прыфрантавой дзяржавай. Небяспека захаваецца і ў бліжэйшыя гады», – папярэджвае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array