Агляд прэсы: не згубіць падтрымку



Паміж вайскоўцамі Беларусі і Расеі нарастаюць рознагалоссі. Канцлер ФРГ з візітам у Кітаі. Прамежкавыя выбары ў ЗША: узяты курс направа? Хто атрымае кампенсацыі ад змены клімату? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Паведамленняў пра рознагалоссі паміж расейскімі і беларускімі вайскоўцамі становіцца ўсё больш, што вядзе да некантраляванай эскалацыі напружанасці ў Беларусі», – паведамляе ўкраінская газета The Kyiv Post.

«6 лістапада ўкраінская вайсковая выведка паведаміла пра шматлікія канфлікты паміж беларускімі і расейскімі вайскоўцамі, у прыватнасці, звязаныя з непаважлівым стаўленнем расейскіх вайскоўцаў да сваіх беларускіх калегаў. Пры гэтым высвятляецца, што вайсковая міліцыя Рэспублікі Беларусь не ў стане стрымаць паводзіны расейцаў. Рапарты вышэйшага афіцэрскага складу на падставе скаргаў шараговых вайскоўцаў сведчаць пра грэблівыя заявы і паводзіны расейцаў у дачыненні да беларусаў. У прыватнасці, гэта прымяненне знявагі паводле этнічных прыкмет. Пры гэтым украінскі бок не здымае верагоднасць наступу з боку Беларусі: увесну ён можа павялічыцца. І Крэмль, і беларускі рэжым удзельнічаюць у сумеснай ваеннай аперацыі. Са свайго боку Беларусь забяспечвае паветраную прастору, матэрыяльнае забеспячэнне і боепрыпасы. Акрамя таго, большая частка беларускіх узброеных сіл размешчана ўздоўж памежных раёнаў», – піша ўкраінскае выданне.

Канцлер Олаф Шольц завяршыў свой неадназначны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку. Яму ўдалося пераканаць кіраўніка дзяржавы Сі Цзіньпіна выступіць супраць прымянення ядзернай зброі «у Еўразіі». Пры гэтым сам Шольц толькі мімаходзь згадаў аб парушэннях правоў чалавека ў дачыненні да уйгураў. Аглядальнікі падзяліліся ў сваіх ацэнках візіту. Калі гішпанская прэса ставіцца да сітуацыі крытычна, на думку нямецкай газеты Badische Zeitung, паездка канцлера аказалася правільным рашэннем.

«Шольц скарыстаўся магчымасцю для таго, каб даць зразумець: Кітай павінен скарыстацца сваім уплывам на Расею. Улічваючы агрэсіўную вайну ва Украіне, гэта толькі невялікі крок да таго, каб лідары Кітая выказалі сваю занепакоенасць з нагоды канфлікту больш выразна і ясна, чым раней. Але важныя нават невялікія крокі – на шляху да таго, каб прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін страціў падтрымку ўсюды, дзе толькі можна. Пастаянныя спробы разам з Кітаем рабіць крокі да большага міру, лепшай абароне клімату і справядлівага гандлю маюць важнейшае значэнне», – адзначае нямецкае выданне.

8-га лістапада ў ЗША пройдуць прамежкавыя выбары ў Кангрэс, па выніках якіх будзе абноўлена ўся Палата прадстаўнікоў і трэць Сената. Паводле апошніх прагнозаў, рэспубліканцы могуць спадзявацца на тое, што ў іх атрымаецца адціснуць дэмакратаў і займець большасць месцаў, перш за ўсё ў Палаце прадстаўнікоў, дзе на дадзены момант з невялікай перавагай гаспадарамі з’яўляюцца менавіта прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі. «Калі рэспубліканцы перамогуць на выбарах, то пазіцыя ЗША па вайне ва Украіне можа змяніцца», – лічыць швейцарская газета New Zurich Newspaper am Sonntag.

«Да гэтага часу абодва бакі выступалі за ўсёабдымную фінансавую і ваенную падтрымку. Аднак патэнцыйны новы лідэр большасці ў Палаце прадстаўнікоў Кевін Макарці заявіў, што ў выпадку перамогі ён не стане больш даваць украінцам карт-бланш. Што гэта азначае, незразумела. Калі ЗША зрэжуць сваю дапамогу, то гэта адразу ж прынясе бонусы на перадавой расейскім войскам. А значыць, ЕЗ і, перш за ўсё, такія краіны, як Германія, павінны ўзмацніць сваю падтрымку Украіны, і аператыўна выканаць дадзеныя імі абяцанні. У цяперашнія часы нічога нельга ведаць напэўна. Тым больш, немагчыма прадказаць, хто стане прэзідэнтам ЗША ў 2024 годзе», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

На працягу двух тыдняў урады амаль двухсот краін свету вядуць перамовы ў егіпецкім Шарм-эш-Шэйху ў рамках 27-й Канферэнцыі ААН па змене клімату. Цэнтральнай тэмай саміту, заяўленай прымаючым бокам – Егіптам, сталі патрабаванні кампенсацыйных выплат краінам, якія развіваюцца, асабліва моцна пацярпелым ад глабальнага пацяплення. Гэтыя выплаты павінны ўзяць на сябе найбуйнейшыя індустрыяльныя дзяржавы, бо менавіта яны сталі галоўнымі вінаватымі ў змене клімату. Еўрапейская прэса бачыць у такім падыходзе як магчымасці, гэтак і пагрозы. Пры гэтым асобная ўвага аддаецца Афрыцы, як робіць брытанская газета The Independent.

«Цяпер у нас ёсць магчымасць нарэшце пазбавіцца ад згубнай залежнасці ад неэкалагічных відаў энергіі, і ўкласці неабходныя сродкі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі па ўсім свеце, у тым ліку ў краінах, якія развіваюцца, якія больш за ўсё маюць патрэбу ў падобных інвестыцыях. Афрыка, самы малады кантынент свету, стаіць на парозе сур’ёзнага эканамічнага развіцця. Але гэты рывок павінен абапірацца на аднаўляльныя крыніцы энергіі, калі мы хочам, каб павышэнне глабальнай тэмпературы не перавысіла паўтары градуса. У Афрыкі ёсць усё неабходнае для таго, каб стаць піянерам у вобласці выкарыстання па-экалагічнаму чыстых відаў энергіі, якія даюць нам сонца і вецер», – заклікае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array