Агляд прэсы: невыключны варыянт
Ці можа Пуцін атрымаць мяккую пасадку ў Беларусі? Кітай не хоча губляць кантроль над Тайванем. Румынскія ультраправыя на службе ў Расеі? У Германія чакаецца легалізацыя марыхуаны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пакуль НАТА вітае Фінляндыю як 31-ю краіну-чальца альянсу, Лукашэнка адчувае ціск правалу так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» Пуціна ва Украіне, што падштурхнула яго запытаць размяшчэнне ў сваёй краіне тактычнай ядзернай зброі. Валоданне ядзернай зброяй стала гарантыяй бяспекі і ўплыву некаторых аўтарытарных лідараў», – піша амерыканская газета The Hill.
«Пуцін выкарыстаў свой рычаг ядзернай эскалацыі, каб утрымаць НАТА ад прамой падтрымкі Украіны; адмаўлялі і затрымлівалі разгортванне канкрэтных «наступальных» сістэм узбраення ў баявой прасторы; і спрабаваў дыктаваць, адкуль Украіна можа весці свой контрнаступ — і гэта было ў асноўным паспяховым. На гэта звярнулі ўвагу Кітай, Паўночная Карэя, Іран, а цяпер і Беларусь. Лукашэнка, верагодна, спадзяецца, што наяўнасць тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі прадухіліць напад у адказ з Украіны, але, здаецца, ён больш баіцца Польшчы, калі падтрымка Расеі больш не з’яўляецца жыццяздольным варыянтам. Валодаючы магчымасцямі тактычнай ядзернай зброі, ён, верагодна, мог бы стрымліваць любыя знешнія рэпрэсіі, але не бясконца. Лукашэнка павінен быць заклапочаны; вайна ідзе не так, як планавалася. Пасля ўкраінскага контрнаступлення расейскія сухапутныя сілы могуць быць разгромлены і выгнаны з Украіны, Крэмль будзе мець большыя праблемы, чым Беларусь, і больш не зможа прыкрываць беларускага дыктатара», – лічыць амерыканскае выданне.
***
Згодна з афіцыйнымі заявамі, вучэнні Кітая каля Тайваня былі завершаны 11 красавіка. Нягледзячы на гэта, паводле дадзеных тайваньскага міністэрства абароны ў Тайбэі, Кітай працягвае вучэнні з выкарыстаннем 9 караблёў і 26 самалётаў. Ужо цягам 70 гадоў КНР лічыць незалежны Тайвань часткай сваёй тэрыторыі. Ці пагражае Тайваню блакада, ці нават уварванне? Еўрапейская прэса разыходзіцца ў меркаваннях. «Кітай можа паспрабаваць ізаляваць Тайвань», – паведамляе італьянская газета Corriere della Sera.
«З-за Сі напружанне няўхільна расце. Пад ягоным кіраўніцтвам узмацняецца нацыяналістычны наратыў. Кітай мае намер стаць дамінуючай супердзяржавай у Азіі і, падобна, зараз ён валодае сродкамі для ажыццяўлення менавіта гэтых амбіцый. Варыянт вайны не выключаны. Адзін з варыянтаў развіцця падзей, які Сі пры гэтым пакідае адкрытым, мяркуе выкарыстанне ўзброеных сіл, але без наземнага разгортвання войскаў. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра працяглую паветраную і марскую блакаду, якая прывяла б да эканамічнага ўдушэння Тайваня, з мэтай дамагчыся яго капітуляцыі, не ствараючы пры гэтым падставы для амерыканскага ўмяшальніцтва», – пакрэслівае італьянскае выданне.
***
З шэрагаў украінскіх спецслужбаў і малдаўскіх палітыкаў выстаўлены абвінавачанні ў дачыненні да кіраўніка румынскай партыі ультранацыяналістаў Альянс за аб’яднанне румынаў (AUR), Георге Сіміёна. Ён абвінавачваецца ў тым, што цягам больш за дзесяць гадоў падтрымліваў кантакты з расейскімі спецслужбамі. У 2020 годзе яго партыя з нечакана вялікай колькасцю галасоў увайшла ў парламент, і на сённяшні дзень займае, паводле апытанняў, другое месца. Румынская газета Spotmedia бачыць паралелі паміж метадамі, якія прымяняюцца кіраўніком партыі «Альянс за аб’яднанне румынаў» (AUR) і лідарам прарасейскай партыі Шор у Рэспубліцы Малдова Марынай Таўбер.
«Абодва выкарыстоўваюць адну і тую ж стратэгію: падбухторванне да беспарадкаў, распаўсюджванне сваіх пасланняў у сацыяльных сетках і прамыя трансляцыі са сваіх тэлефонаў, каб іх выказванні дайшлі да як мага большай колькасці людзей. Але самае галоўнае і дзіўнае падабенства заключаецца ў тым, што абодва яны прасоўваюць пуцінскую ідэалогію ў дачыненні да Еўрапейскага звяза, НАТА, дэмакратыі, заварочваючы гэтую ідэалогію ў сацыяльную ўпакоўку, якая выдаецца за шчырую цікавасць да праблем людзей», – папярэджвае румынскае выданне.
***
У Нямеччыне маюць намер легалізаваць спажыванне марыхуаны на пэўных умовах: паводле планаў рэформаў, заяўленых урадам, паўналетнім будзе дазволена набываць да 50 грамаў канабіса штомесяц у спецыяльных клубах для ўласнага спажывання і вырошчваць да трох раслін у хатніх умовах. Як расцэньваць падобную ініцыятыву? Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung не падтрымлівае планы па легалізацыі.
«Скажэннем фактаў з’яўляецца сцвярджэнне пра тое, што марыхуана часта небяспечная для здароўя і развіцця моладзі толькі таму, што гэты наркатычны сродак прадаецца на «чорным рынку» і з’яўляецца забруджаным. Як быццам легальна набыты ці вырашчаны ў хатніх умовах канабіс не аказвае такіх жа пагібельных наступстваў для няспелага мозгу, эмбрыёнаў ці ж здольнасці кіраваць транспартнымі сродкамі ды іншымі прыладамі. Як бы ні была здабытая марыхуана: набытая ў дылера або ў будучыні вырашчана на падваконні, набыта ў клубе або ў спецыялізаванай краме – яна была і застаецца псіхаактыўным рэчывам, чый шкоднасны патэнцыял не абмяжоўваецца падлеткавым узростам, а небяспека набыць залежнасць захоўваецца яшчэ вельмі працяглы час», – адзначае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.