Агляд прэсы: Ні граму спагады
Вышэйшая мера нізасці для Пратасевіча. Атака дронаў на Крэмль: што ж адбылося насамрэч? Удар па мафіі: буйная аперацыя супраць Ндрангеты. Замах на генеральнага пракурора Балгарыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Начны ўдар па Крамлі стане калі не кульмінацыяй развязанай Пуціным і Лукашэнкам вайны, то каталізатарам падзей. Развязка імкліва набліжаецца. А Пратасевіч быў і побач з «завязкай», – піша расейскае выданне Graniru.
„Якое ж яго месца ў гэтай сусветнай драме? З аднаго боку, гэта тыповая гісторыя пра маленькага чалавека і жорны гісторыі. Калі ў маі 2021 года ў Беларусі быў прымусова пасаджаны рэйс 4978 Ryanair, у паветры адчувальна запахла вялікай вайной наперадзе. Акт паветранага тэрарызму быў відавочна ўзгоднены з Крамлём, роўна як і наступны рукатворны «міграцыйны крызіс». Пратасевіча варта было б запомніць у якасці яскравага прыкладу таго, супраць чаго ваюе Украіна пры падтрымцы вольнага свету. Прыклад абсалютнага бяспраўя, абсалютнай бездапаможнасці чалавека перад тварам маскоўскай дыктатуры. Дзе дыктатура Лукашэнкі – яе арганічны і важны элемент. Спектакль, які разыгрываўся з удзелам Пратасевіча, – асабліва эпізод з фэйкавым гэбэшным шлюбам, каб максімальна прынізіць яго былую дзяўчыну Сафію Сапегу – адлюстроўвае ўсю д’ябальскую сутнасць агіднай маскоўскай цывілізацыі. Гэта далёка выходзіць за рамкі «проста» рэпрэсій. Ці будзе Пратасевіч сядзець восем гадоў, ці яго нарэшце «памілуюць» і ён стане чарговым шпіцам на стале Лукашэнкі, якому, магчыма, дазволяць чысціць абутак Азаронку, ужо не так важна. Глядзець на гэта ўсё невыносна балюча і ў той жа час да жаху брыдка. Але глядзець трэба. Каб ясна ўяўляць, завошта ідзе вайна. Што б там ні казаў Папа і паддакваў яму Орбан, гэта не нейкія каламутныя разборкі імперый і інтрыгі гандляроў зброяй. Гэта вайна за свабоду асобы і супраць усеўладдзя псіхапатаў ва ўладзе», – канстатуе расейскае незалежнае выданне.
Паводле паведамленняў адміністрацыі прэзідэнта РФ, у ноч на сераду над Крамлём былі збітыя два беспілотнікі. Масква заяўляе аб замаху на Уладзіміра Пуціна і абвінавачвае ў нападзе Украіну, пры гэтым падкрэсліваючы, што Расея пакідае за сабой права прыняць меры ў адказ на гэты «тэракт». Кіеў усе абвінавачванні абвяргае. Еўрапейская прэса абмяркоўвае, якія аргументы кажуць на карысць версіі аб украінскім нападзе, а якія – на карысць расейскае інсцэніроўкі. Сярод апошніх і аўстрыйская газета Wiener Zeitung, якаяраіць звярнуцца да прыкладаў з мінулага і праводзіць аналогіі.
«А ці не было ўсё гэта проста аперацыяй «пад чужым сцягам» – гэта значыць дэзінфармацыйнай інсцэніроўкай з мэтай абвінаваціць Украіну? Гісторыя ведае шэраг такіх прыкладаў: напад «польскіх наймітаў» (а насамрэч эсэсаўцаў) на нямецкую радыёстанцыю ў Гляйвіцы 31 жніўня 1939 года паслужыў Адольфу Гітлеру падставай для ўварвання ў Польшчу. У 2003 годзе было заяўлена, што, маўляў, у ірацкага дыктатара Садама Хусэйна ёсць зброя масавага знішчэння і таму яе трэба зрынуць, але пасля ўварвання ЗША гэтая зброя так і не была знойдзеная. Гэтых прыкладаў павінна быць дастаткова для таго, каб устрымацца ад паспешных высноў», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.
3-га траўня ў рамках шырокамаштабнай паліцэйскай аперацыі з удзелам больш за 2700 служачых у васьмі еўрапейскіх краінах, а таксама ў Бразіліі і Панаме былі арыштаваны звыш ста чалавек, якім ставіцца ў віну членства ў Ндрангеце – буйной арганізаванай злачыннай групоўцы, якая паходзіць з італьянскай Калабрыі, і праца на яе. У ходзе аперацыі было сабрана мноства доказаў і доказных матэрыялаў. «З мафіяй можна зладзіцца толькі такім чынам», – падкрэслівае гішпанская газета La Vanguardia.
«Шырокія міжнародныя сувязі гэтай арганізацыі, якая раскінула свае шчупальцы ў больш за 40 краінах свету, перавышаюць магчымасці італьянскай дзяржавы. Тры гады таму праваахоўныя ведамствы Італіі звярнуліся па дапамогу да Еўрапола, і вось учора мы ўбачылі першы вынік! Барацьба з мафіяй патрабуе намаганняў на глабальным узроўні, зацятасці і праявы волі з боку палітыкаў, юрыстаў і паліцыі, а таксама вялізнай асабістай мужнасці, паколькі мафія з лёгкасцю вяршыць акты помсты, а таксама хутка аднаўляецца пасля ўдараў, што ёй наносяцца. У XXI стагоддзі, як і раней, яна застаецца ворагам, якога нельга губляць з далягляду. А таму можна толькі вітаць гэтае новае еўрапейскае супрацоўніцтва на ўзроўні паліцэйскіх ведамстваў», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
У Балгарыі быў учынены замах на генеральнага пракурора краіны Івана Гешава. На шляху яго картэжа была закладзена выбуховая прылада. Па дадзеных паліцыі, у выніку выбуху ніхто не пацярпеў. У Гешава – неадназначная палітычная рэпутацыя, падчас пратэстаў 2020 года дэманстранты патрабавалі ягонага звальнення. Крытыкі абвінавачваюць генпракурора ў тым, што той дае абарону высокапастаўленым палітыкам ад крымінальных пераследаў па абвінавачанні ў карупцыі. Тэрмін яго паўнамоцтваў заканчваецца ў 2026 годзе. «Наогул падобная падзея павінна выклікаць адназначнае асуджэнне з боку грамадства, але ў дадзеным выпадку ўсё інакш», – заўважае нямецкае выданне Deutsche Welle.
«Балгары падзяліліся ў сваіх ацэнках, а шмат хто пра гэтую справу і чуць нічога не жадае – нават калі гаворка ідзе пра сапраўдны тэракт, а не пра інсцэніроўку. Многім балгарам Гешаў настолькі абрыд, што ў іх няма да яго нават простага чалавечага спачування. У іх вачах ён здольны здзяйсняць толькі зло, а меркаваны тэракт супраць яго ім здаецца не нападам на дзяржаўнасць, але толькі сведчаннем таго, што дзяржава наскрозь прагніла», – падсумоўвае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка