Агляд прэсы: новае – даўно забытае старое
Лукашэнка цягне Беларусь бліжэй да вайны, якой не хоча большасць яе грамадзян. Канец еўрапейскай мары? Ваенныя злачынствы: ці будзе толк ад узбуджэння крымінальнай справы? 60 гадоў таму скончылася вайна за незалежнасць Алжыра. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка адыграў ключавую ролю ва ўварванні Расеі ва Ўкраіну. Ён дазволіў расейскім канвоям і войскам наблізіцца да Кіева з беларускай тэрыторыі і забяспечыў ваенную інфраструктуру, у прыватнасці авіябазы, якія расейскія ваенныя самалёты выкарыстоўваюць для нападу на Украіну. Краіну абстрэльваюць ракетамі, якія прылятаюць з тэрыторыі Беларусі», – піша брытанская газета Guardian.
Выданне падкрэслівае, што беларускі дыктатар аказвае палітычную падтрымку расейскай агрэсіі.
«Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, якая асуджае расейскае ўварванне (разам з Расеяй, Сірыяй, Паўночнай Карэяй і Эрытрэяй), а яе дзяржаўная прапагандысцкая машына адлюстроўвае расейскую ў сваіх апраўданнях. Як і яго ўсходні сусед, рэжым Лукашэнкі арыштоўвае і рэпрэсуе тых, хто адважваецца пратэставаць супраць вайны. Патэнцыйнае выкарыстанне Крамлём беларускай арміі залежыць ад таго, наколькі ў Лукашэнкі дастаткова волі для прыняцця незалежных рашэнняў.
Сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя Chatham House у мінулым месяцы, паказалі, што большасць беларусаў не жадаюць, каб іх краіна ўдзельнічала ў гэтай вайне, і яны лічаць, што ўцягванне Беларусі будзе мець катастрафічныя наступствы. Ці здолеюць яны зрабіць так, каб іх галасы пачулі, ці будуць зноў замоўчаныя, яшчэ трэба даведацца», – адзначае брытанскае выданне.
Вайна Расеі супраць Украіны пахіснула многія канцэпцыі і ўяўленні, якія здаваліся непарушнымі, і пахавала надзеі на тое, што пасля завяршэння Халоднай вайны ўсталюецца мірапарадак, які гарантаваў бы мірнае суіснаванне. Еўрапейская прэса піша пра хваравітае абуджэнне нянавісці ў новай рэальнасці. Прынамсі італьянская газета La Stampa з жалем піша:
«Падзенне Берлінскай сцяны і гарбачоўская перабудова азначалі для ўсіх еўрапейскіх палітыкаў, якія заслугоўваюць такое званне, для ўсёй еўрапейскай інтэлігенцыі і для сумлення пераважнай большасці нашых народаў канкрэтную перспектыву таго, што немагчымае сталася рэальным. Нарэшце Еўропа магла б стаць тым, што абяцала яе культура, але чаго яна так і не змагла дамагчыся: шырокай прасторай, у якой адрозненні ў мове, традыцыях і рэлігіі трансфармаваліся з вечнай варожасці ва ўзаемнае прызнанне, у здольнасць слухаць адзін аднаго і весці дыялог. Гэта – шырокая прастора, у якой не павінна была б адсутнічаць і вялікая Расея».
Бамбардзіроўкі і ракетныя ўдары па бальніцах, жылых кварталах і мірным насельніцтве – такія дзеянні афіцыйна класіфікуюцца як ваенныя злачынствы. У сувязі з гэтым 3-га сакавіка Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне па факце нападу Расеі на Украіну. У мінулую сераду прэзідэнт ЗША Байдэн назваў Пуціна ваенным злачынцам. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці будзе толк у выпадку ўзбуджэння крымінальнай справы.
«Няма сумневаў у тым, што Пуцін – ваенны злачынец», – піша харвацкая газета Jutarnji list.
«Тое, што Пуцін зрабіў з Украінай – гэта тое ж самае, што напад Садама Хусэйна на Кувейт і наступная акупацыя краіны, з той толькі розніцай, што расейцы пакідаюць пасля сябе куды больш трупаў і выпаленай зямлі. Ірак Садама Хусэйна доўгія гады знаходзіўся пад санкцыямі, але ў выніку дыктатару прыйшлося паплаціцца сваёй галавой. Улічваючы маштабы разбурэнняў, учыненых ва Украіне, няма прычын ставіцца да Пуціна інакш, чым да Садама Хусэйна. Нават калі яму ўдасца ўцячы ад правасуддзя, ён будзе навекі затаўраваны як ваенны злачынца і будзе знаходзіцца ў коле сабе падобных: Лукашэнку і дыктатараў Сірыі і Паўночнай Карэі», – прагназуе харвацкае выданне.
60 гадоў таму падпісаннем Эвіянскіх пагадненняў была афіцыйна завершана вайна за незалежнасць Алжыра. Нягледзячы на ўзгодненае спыненне агню, гвалт працягваўся да самага моманту набыцця Алжырам незалежнасці ад Францыі 5 ліпеня 1962 года. Аглядальнікі разважаюць аб няпростым працэсе пераадолення мінулага.
«Абедзвюм краінам не хапае агульнай культуры памяці», – лічыць французская газета Ouest France.
«Да гэтага часу так і не ўдалося дамовіцца аб сумеснай памятнай цырымоніі, прысвечанай заканчэнню канфлікту. 19 сакавіка 1962 года – Дзень перамір’я ў Алжыры? Здаецца дзіўным адзначаць гадавіну падзеі, якая не змагла пакласці канец хвалі гвалту. Дык якую памятную дату мела б сэнс абраць? Тое, якім чынам вызначаюцца памятныя падзеі, з’яўляецца паказчыкам нашага стаўлення да гісторыі і гатоўнасці прызнаць агульны лёс. Гэта заўсёды вельмі сур’ёзны выклік. Бо добра вядома, што застарэлыя крыўды, прытоены гнеў і знявагі з’яўляюцца спажыўнай глебай для існавання аўтарытарных рэжымаў: яны правакуюць пагрозу помсты», – піша французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array