Агляд прэсы: новыя сэнсы вайны



На ўкраінска-беларускай мяжы ідзе вайна нерваў і дронаў. Вялікія спадзевы на саміт ЕЗ у Кіеве. ЕЦБ зноў падвышае працэнтную стаўку. 80 гадоў перамозе ў Сталінградскай бітве – навошта? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў нашым аглядзе.

«Выведвальныя беспілотнікі некалькі разоў на дзень вылятаюць з украінскіх пазіцый у глыбіні густога лесу, які ахоплівае мяжу з Беларуссю, блізкім саюзнікам Расеі, шукаючы небяспеку на зямлі, ў пошуках прыкмет бяды з беларускага боку. Так украінскія падраздзяленні сочаць за 650-мільнай мяжой балот і лясоў на прадмет магчымага раптоўнага наступу з поўначы – паўтарэння няўдалага расейскага наступу на Кіеў напачатку вайны амаль год таму», – піша амерыканская газета Los Angeles Times.

«Гэтым разам украінцы не рызыкуюць. З лета яны ўмацоўваюць абарону, будуюць і пашыраюць траншэі і мініруюць лес напярэдадні вясновага наступу, на які чакаюць ваенныя. Жыхароў часова акупаваных летась вёсак рэгіёну жахае перспектыва, што ўсё пачнецца зноўку. Ваенныя эксперты і заходнія спецслужбы прымяншаюць магчымасць аднаўлення паўночнага наступу.

Паводле мясцовых звестак, беларускія чыноўнікі тлумачаць размяшчэнне войскаў уздоўж мяжы «стратэгічным стрымліваннем». Дыктатар Лукашэнка настойвае на тым, што не будзе ўводзіць войскі ва Украіну. Але ўкраінскае камандаванне насцярожана, памятаючы, як Расея выкарыстоўвала Беларусь як стартавую пляцоўку ў пачатку 2022 года. А таму ў адрозненне ад усходу з яго разбуральнымі артылерыйскімі дуэлямі, тут, на поўначы, гэта ў асноўным вайна квадракоптэраў. Беларусы і расіяне пастаянна сочаць пры дапамозе беспілотнікаў за перастаноўкай каравула, спрабуюць знайсці пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Кожны з бакоў спрабуе захапіць беспілотнік праціўніка і дадаць яго ў свой запас», – адзначае амерыканскае выданне.

Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен адправілася ў Кіеў, каб прыняць удзел у саміце ЕЗ, які праходзіць там разам з Украінай. Размова ў дадзеным выпадку ідзе не толькі аб далейшай падтрымцы Украіны Еўразвязам у супрацьстаянні з Масквой. «Я ўпэўнены, што Украіна заслужыла тое, каб ужо ў гэтым годзе пачаць перамовы аб уступленні ў ЕЗ», – заявіў перад пачаткам саміту прэзідэнт Зяленскі. Гішпанская газета El Periódico de Catalunya заклікае Украіну да цярпення па пытанні ўступлення ў ЕЗ.

«Непадобна, што гібель людзей дапаможа дасягнуць мэты, якая з’яўляецца такой жа часткай плана перамогі Зяленскага, як і вяртанне да межаў 1991 года, асуджэнне ваенных злачынцаў і аднаўленне краіны. Ніякіх выключэнняў не будзе. Украіна павінна прайсці мноства этапаў, што, напрыклад, у выпадку дзяржаў Заходніх Балкан можа доўжыцца дзесяцігоддзямі. Прасочаныя тлумачэнні дэманструюць, як маральны дыскурс прасякнуў сабой літаральна ўсё: усё, што не азначае паскарэння працэсу ўступлення ў ЕЗ, таўруецца як супрацоўніцтва з рускімі. Украіна павінна развіваць сваю прававую дзяржаву, актыўна змагацца з карупцыяй і абараняць свае меншасці», – заклікае гішпанскае выданне.

Нягледзячы на зніжэнне роўню падаражэння, ЕЦБ пяты раз за апошнія восем месяцаў падвысіў працэнтную стаўку: цяпер яна складае 3 працэнты, што на 0,5 працэнта вышэй, чым раней. «Інфляцыя ў Еўропе да гэтага часу застаецца занадта высокай», – заявіла ў чацвер кіраўнік ЕЦБ  Крысцін Лагард. Ці правільны шлях абраў Еўрапейскі цэнтральны банк? «Працэнты, якія растуць – не такая ўжо і бяскрыўдная рэч», – папярэджвае нямецкая газета taz.

«Калі працэнты растуць, то выдаецца менш крэдытаў. Многія прадпрыемствы больш не ў стане інвеставаць, а новабудоўлі таксама становяцца рэдкасцю з-за высокага кошту іпатэк. Попыт падае, што, адпаведна, павінна прывесці да зніжэння коштаў. Выходзіць так, што штучным чынам ствараецца рэцэсія, якая ў большасці выпадкаў прыводзіць да росту беспрацоўя. А значыць, нічога радаснага ў росце працэнтаў няма, у тым ліку і для ўкладчыкаў! Бо цэнтрабанкі могуць дзейнічаць толькі ў тым выпадку, калі на коне – эканамічны крызіс . Для гэтага ніколі не бывае ўдалага моманту, але цяпер падобныя дзеянні ўжо сапраўды зусім ні да чаго. Вайна ва Украіне і так аказалася дастаткова цяжкім цяжарам для ўсёй Еўропы»,  – канстатуе нямецкае выданне.

2 лютага беларусы ўспаміналі Кастуся Каліноўскага, а вось у Расеі адзначылі 80 гадоў вырашальнай перамогі савецкай арміі над гітлераўскімі войскамі пад Сталінградам. Бітва 1942-1943 гадоў лічыцца паваротным пунктам у ходзе Другой сусветнай вайны. Аглядальнікі абмяркоўваюць, як гістарычны дзень памяці, які мае асаблівае значэнне для Расеі, пераацэньваецца і эксплуатуецца сёння Крамлём у кантэксце вайны супраць Украіны. “Уладзімір Пуцін адкрыта параўноўвае сябе са Сталіным”, – заўважае італьянская газета La Stampa.

“У Валгаградзе на два дні ў літаральным сэнсе слова адноўлены Савецкі Саюз. Гарадская адміністрацыя змяніла назву горада на старую – Сталінград, у той час як бацька народаў ухмыляецца з плакатаў і іншай нагляднай агітацыі, а на Алеі Герояў урачыста адкрыты бюст Сталіна, які патануў у моры чырвоных гваздзікоў. Горад на Волзе павінен зноў стаць Сталінградам, а прэзідэнт, які прыехаў з візітам, павінен упісацца ў дадзены кантэкст, ужо зроблены па лякалах яго грознага папярэдніка», – з горыччу пішу італьянскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Array