Агляд прэсы: па першы-другі
Узброеныя сілы Украіны пракаментавалі візіт Шайгу ў Беларусь. У Расеі ўзмоцнена жорсткасць закона аб «інагентах». Эканамічнае «каменне» сустрэчы прэзідэнтаў Францыі і ЗША. Трагедыя ў Мелільі: кіраўнік МУС абвяргае ўсе абвінавачанні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Украінскія вайскоўцы лічаць, што візіт міністра абароны РФ Сяргея Шайгу ў Беларусь насіў паказальны характар. Таксама адзначаюць, што дадзеных аб стварэнні групоўкі войскаў, якая магла б удзельнічаць у вайне супраць Украіны, няма», – паведамляе спецыялізаванне выданне The Ukrainian Military Center.
«У той жа час відавочна, што Беларусь гатова і далей падтрымліваць Расейскую Федэрацыю тэхнікай. Візіт Шайгу прадэманстраваў, што Беларусь гатова таксама пастаўляць сродкі абароны і медыцынскага прызначэння для Аб’яднанай групоўкі рэгіянальных войскаў. У далейшым, магчыма, адбудуцца сумесныя трэніроўкі гэтай групы, будуць створаны сумесныя пункты кіравання. У Беларусі адпаведна ўжо ідзе фармаванне Паўднёвага аператыўнага камандавання, якое павінна стрымліваць наступ з Украіны. Маюцца пацверджанне таго, што расейскія беспілотнікі, як выведвальныя, так і ўдарныя, базуюцца на беларускіх аэрадромах. Акрамя таго, там разгортваюцца сістэмы СПА С-300 і С-400, імаверна, для нанясення ракетных удараў па Украіне, у прыватнасці па Валынскай вобласці і Палессі. Вядома, што каля 15 тысяч беларускіх вайскоўцаў гатовыя ваяваць супраць Украіны. Гэта звязана з высокай грашовай кампенсацыяй, якую маглі атрымаць вайскоўцы пры ўдзеле ў баявых дзеяннях. Акрамя таго, паводле ацэнак украінскага боку, цяпер на тэрыторыі Беларусі дыслакавана больш за 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.
У Расеі з 1 снежня ўступіў у сілу новы закон аб «замежных агентах», які робіць больш жорсткім ранейшае заканадаўства ў гэтай сферы. Так, цяпер для прызнання каго-небудзь «інагентам» не трэба даказваць, што мела месца фінансаванне з-за мяжы, дастаткова заявіць, што чалавек знаходзіцца «пад замежным уплывам». З гэтага часу будзе існаваць і адзіны рэестр замежных агентаў, у які на гэты момант унесены звыш 350 фізічных асоб і арганізацый. «Стыгматызацыя супернікаў рэжыму становіцца ўсё больш простай справай», – адзначае польская газета Tygodnik Powszechny.
«Адметная расплывістасць фармулёўкі, якая дазваляе прызнаць тую ці іншую фізічную асобу або арганізацыю «замежным агентам». Спярша за крытэр бралася атрыманне сродкаў з-за мяжы, цяпер жа дастаткова проста «быць пад замежным уплывам». Што б гэта магло азначаць? Хутка даведаемся! Любы, хто «афіліраваны з інагентам», таксама трапляе пад падазрэнне. Гэтая фармулёўка таксама носіць вельмі размыты характар, а таму дае большую свабоду дзеянняў тым, хто адказны за пошук «інагентаў» і прызнанне іх такімі», – падкрэслівае польскае выданне.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што адкрыты да перамоваў з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным. Але толькі калі той выкажа гатоўнасць спыніць баявыя дзеянні ва Украіне. Пакуль жа, паводле слоў Байдэна, гэтага не адбылося. Амерыканскі лідар адзначыў, што не плануе кантактаў з Пуціным у бліжэйшы час, а перамовы магчымы толькі пасля кансультацый з саюзнікамі па НАТА. Заявы прагучалі падчас візіту ў Вашынгтон прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. «І хаця Макрон і Байдэн спрабавалі выглядаць вернымі саюзнікамі, напружанасць паміж ЗША і Еўропай нарастае», – піша амерыканская газета The Financial Times.
«І справа не толькі ў росце коштаў на энергію. На днях Байдэн падпісаў так званы закон аб зніжэнні інфляцыі. Ён прадугледжвае выдзяленне субсідый на $400 млрд для кампаній-вытворцаў, якія прасоўваюць пераход на зялёную энергетыку. Еўрапейцы абураныя гэтай ініцыятывай. Макрон назваў закон звышагрэсіўным і заявіў, што ён скажае канкурэнцыю, стварае прэферэнцыі для амерыканскага бізнесу, адначасова ўдараючы па еўрапейскай эканоміцы. І ўсё ж падчас сустрэчы прэзідэнты крыху змякчылі рыторыку і паабяцалі шукаць кампрамісы», – канстатуе амерыканскае выданне.
У Гішпаніі пад шквал крытыкі трапіў міністр унутраных спраў Фернанда Грандэ-Марласка. Прычына таму, апублікаваныя на днях вынікі расследавання падзей, якія адбыліся 24 чэрвеня гэтага года на мараканска-гішпанскай мяжы ў Мелілье. Тады ў выніку спробы вялікай колькасці мігрантаў прарвацца праз памежную загароду сама меней 23 чалавекі загінулі, а дзясяткі да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак. Міністр унутраных спраў запэўніваў, што гішпанская паліцыя дзейнічала паводле закону. Гішпанская газета El Periódico de España патрабуе ад Еўропы эфектыўных і гуманных рашэнняў праблемы міграцыі.
«Адно можна сказаць напэўна: у той дзень нашая дэмакратыя пацярпела паразу. Адказнасць за гэтыя чалавечыя трагедыі, якія паўтараюцца зноў і зноў, ляжыць на той сістэме, што склалася ў Еўропе. Зразумела, што межы Еўропы не павінны заставацца бескантрольнымі, але палітыка дапамогі ў мэтах развіцця, якая не спраўляецца з задачай даць людзям на афрыканскім кантыненце шанец на росквіт, у выніку чаго яны выбіраюць шлях змушанай эміграцыі, больш чым сумнеўная. Як бы ні вырашыўся лёс міністра, у Бруселі міграцыйнае пытанне павінна разглядацца як адна з самых надзённых праблем, якія патрабуюць рашэння», – заклікае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array