Агляд прэсы: пад грукат сякер



Свецкае жыццё Дзмітрыя і Ганны Лукашэнкаў. Уступае ў моц столя коштаў на расейскую нафту. Макрон нагадаў пра гарантыі бяспекі для Масквы. У Партугаліі цяжкасці з прыняццем закона аб эўтаназіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У сваім апошнім расследаванні Беларускі следчы цэнтр (БЦК) падрабязна распавёў, як частка сям’і Лукашэнкі выкарыстоўвае свой уплыў для кантролю над беларускімі дзяржпрадпрыемствамі. Даследаванне таксама паказвае, як гэтыя члены сям’і марнуюць свае багацці на дарагія паездкі ў краіны ЕЗ і на Блізкі Усход, часта запрашаючы сваіх дзелавых партнёраў і іншых бізнесменаў і «ценявых дыпламатаў», цесна звязаных з рэжымам», – паведамляе еўрапейскае выданне bne IntelliNews.

«Дзяржаўны беларускі вытворца грузавых аўтамабіляў БелАЗ з’яўляецца адным з многіх беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, якія маюць жыццёва важнае значэнне для кантролю дзяржавы над вытворчым сектарам краіны. Нягледзячы на неаднаразовыя заявы беларускіх чыноўнікаў аб тым, што кампанія прадае прадукцыю шырокаму колу кліентаў па ўсім свеце, 50-90% яе экспарту насамрэч ідзе ў Расею. БелАЗ рэалізуе сваю тэхніку праз «Гандлёвы дом БелАЗ» (ГД «БелАЗ»), які жорстка кантралюе, якія дылеры грузавікоў купляюць БелАЗы. У 2007 годзе Прэзідэнцкі спартыўны клуб (ПСК) Беларусі валодае 45% ГД «БелАЗ», а кіруе клубам Дзмітрый Лукашэнка, сын Аляксандра Лукашэнкі. У сваю чаргу Антыманапольная служба Расеі выявіла, што БелАЗ ГД аддаваў перавагу канкрэтным расейскім дылерам грузавікоў, што ёсць парушэннем расейскага антыманапольнага заканадаўства. Акрамя гэтага ў арганізацыі працавала жонка Дзмітрыя Ганна Лукашэнка, якія ўдвух і выбудоўвалі схемы знаёмых дылераў. Сярод гэтых дылераў – набліжаныя да Лукашэнкі асобы, якія акрамя выгодных гандлёвых схемаў, забяспечваліся элітным адпачынкам і паездкамі па ўсім свеце на ўрадавых самалётах. Нягледзячы на сваю сувязь з бізнесменамі і беларускімі дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія трапілі пад санкцыі, Ганна Лукашэнка пакуль не трапіла ні ў адзін санкцыйны спіс», – падсумоўвае еўрапейскае выданне.

***

Днямі пачало дзейнічаць абмежаванне цаны на расейскую нафту, устаноўленае краінамі Еўразвяза і Вялікай сямёркі. Максімальная цана зараз будзе складаць 60 даляраў (57 еўра) за барэль. Мэта гэтай меры ў тым, каб не даць Расеі магчымасці кампенсаваць за кошт павышэння цэн на нафту страты ад эмбарга, якое паралельна ўступае ў сілу, на пастаўкі нафты ў Еўразвяз марскім шляхам. Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung тлумачыць, чаму радыкальнае абмежаванне на ўзроўні 30 даляраў – кепская ідэя.

«У выніку ўзнікла б вялікая небяспека таго, што Пуцін у такім выпадку ажыццявіць сваю пагрозу і скароціць экспарт у Азію і Афрыку. Гэта прывяло б да імклівага росту коштаў на нафту ва ўсім свеце, што, такім чынам, лягло б цяжарам на плечы бедных краін. Усталяванне звышнізкай цаны таксама павялічыла б рызыку таго, што асноўныя імпарцёры расейскай нафты, такія як Індыя і Кітай, рашэнне папросту праігнаруюць. Новае прадпісанне забараняе заходнім суднаўладальнікам і страхоўшчыкам судоў удзельнічаць у транспарціроўцы нафты, прададзенай па цане вышэй за ўстаноўленую планку. Аднак Расея, Кітай і Індыя цалкам могуць пачаць выкарыстоўваць свае ўласныя танкерныя флаты і страхавыя кампаніі. Такім чынам ім, вядома, не атрымаецца цалкам знівеліраваць байкот, але яны хаця б будуць у стане збольшага супрацьдзейнічаць яму», – прагназуе нямецкае выданне.

***

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон зноў выклікаў шырокі рэзананс сваімі заявамі наконт Расеі і развязанай ёю вайны супраць Украіны. У суботу ў інтэрв’ю французскаму тэлеканалу TF1 ён сярод іншага заявіў, што ў Расеі па-ранейшаму ёсць асцярогі з нагоды таго, што НАТО можа ўшчыльную наблізіцца да расейскіх межаў, і што Масква, маўляў, мае патрэбу ў «гарантыях бяспекі». Па словах Макрона, Захад павінен задумацца над гэтым пытаннем. Аглядальнікі раскрытыкавалі рыторыку прэзідэнта Францыі. А вось харвацкая газета Večernji list лічыць прапанову прагматычнай, але адзначае, што павінна быць выканана адна ўмова.

«Французскі прэзідэнт дае Пуціну шанец, якога Захад яму не даваў, ці ж «прытрымліваў на будучыню», а менавіта – шанец на тое, што НАТО не апынецца «ля яго парога». Пытанне тут не ў тым, што атрымае Расея, а ў тым, што атрымае Украіна. Для таго каб вайна скончылася, Расея павінна даць гарантыі бяспекі Украіне, паабяцаць, што ўкраінскія тэрыторыі будуць ёй павяртаны, а таксама тое, што Масква зоймецца пошукам мірных шляхоў вырашэння пытанняў паміж дзвюма краінамі. Да таго як Пуцін развязаў вайну, яму хапіла б таго, што НАТО не набліжалася б ушчыльную да межаў Расеі, і ўдалося б дасягнуць дамоўленасці па рускамоўных грамадзянах Украіны. А цяпер, калі Пуцін ужо паграз у вайне па горла, пытанне палягае ў тым, ці можа ён вярнуцца дадому з пустымі рукамі», – адзначае харвацкае выданне.

***

У парламенце Партугаліі ўжо многія гады ёсць шырокая большасць на карысць дэкрыміналізацыі актыўнай дапамогі па сыходзе з жыцця. Дэпутаты ўжо двойчы прымалі адпаведныя законапраекты, аднак абодва разы яны былі адпрэчаны прэзідэнтам і Канстытуцыйным судом краіны. Цяпер парламент збіраецца галасаваць наконт трэцяга законапраекта. Прэса па-рознаму ацэньвае магчымыя перспектывы. «Ініцыятары не здолелі юрыдычна пісьменна скласці тэкст законапраекта», – абураецца партугальская газета Jornal de Notícias.

«Двух спробаў, у выніку якіх была набрана значная парламенцкая большасць, не хапіла для прыняцця закона аб выключэнні медычнай дапамогі па сыходзе з жыцця з ліку крымінальных злачынстваў. Канстытуцыйны суд і прэзідэнт краіны аспрэчылі законапраект, у выніку чаго ўвесь заканадаўчы працэс прыйшлося пачынаць нанова, паколькі канчатковы тэкст патрабавалася, па ідэі, адрыхтаваць і папаліраваць у плане адпаведнасці дзейным законам і Канстытуцыі да такой ступені, каб і камар носа не падтачыў. Аднак гэтага не было зроблена. Як толькі парламент дасць сваю згоду, прэзідэнт, напэўна, зноў адправіць тэкст законапраекта на праверку ў Канстытуцыйны суд», – падкрэслівае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array