Агляд прэсы: палігоны апартунізму



На мяжы з ЕЗ і Украінай беларускі спецназ «гатовы». Землятрус у Турцыі і Сірыі: чаму так шмат ахвяр? Амаль год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Дэманстрацыі за паляпшэнне сістэмы аховы здароўя ў Гішпаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У зацішнай Беларусі, усяго ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з ЕЗ, спецпадраздзяленні арміі саюзніка Крамля Аляксандра Лукашэнкі імітуюць лясныя баі, у той час як дэсантнікі паблізу адпрацоўваюць скачкі з самалёта. Дыктатар кіраваў сваёй былой савецкай краінай жалезнай рукой амаль тры дзесяцігоддзі і гадамі фліртаваў з Захадам, перш чым падтрымаць леташняе ўварванне Расеі ва Украіну», – піша міжнароднае выданне Digital Journal.

«Лукашэнка дазволіў Крамлю выкарыстоўваць сваю краіну ў якасці стартавай пляцоўкі для сваёй ваеннай аперацыі супраць Кіева ў лютым мінулага года, і з тых часоў узніклі асцярогі, што яго войскі таксама могуць умяшацца. Нядаўна вайскоўцы за горадам Брэст правялі вучэнні ў рамках строга кантраляванага прэс-тура 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў чатырох кіламетрах ад Польшчы, чальца ЕЗ і NATO, і ў 50 кіламетрах ад Украіны. Партрэт Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года і апрануты ў ваенную форму, вісеў на расцяжцы, а за ёй трэніраваліся салдаты. «Сёння няма больш важнай задачы, чым абараняць нашы дасягненні, наш народ і нашу зямлю», — такая цытата дыктатара, надрукаваная побач з выявай.

На будучым полі бою салдаты адпрацоўвалі прызямленне на сагнутыя ў каленях ногі з парашута. Яны таксама ўдзельнічалі ў імітацыі баявых дзеянняў у лясным асяроддзі. Армейскія чыноўнікі прадэманстравалі зброю, вырабленую ў аўтарытарнай краіне, а таксама расейскую і мадэрнізаваную тэхніку савецкіх часоў», – паведамляе міжнароднае выданне.

***

У рэгіёнах Турцыі і Сірыі, якія пацярпелі ад разбуральнага землятрусу, працягваюцца пошукава-выратавальныя работы. Шанцы знайсці тых, хто выжыў, практычна роўныя нулю. На гэты момант колькасць загінуўшых складае больш за 40 тысяч чалавек. У Турцыі пачаліся пошукі вінаватых у тым, што ахвярамі стыхійнага бедства стала такая вялікая колькасць людзей. У Сірыі многія да гэтага часу не могуць атрымаць ніякай дапамогі. Старонкі еўрапейскай прэсы поўныя расчаравання і трывогі. «Па Турцыі пракацілася хваля арыштаў уладальнікаў будаўнічых фірмаў», – адзначае нідэрландская газета De Volkskrant.

«Распаўсюджваюцца кадры, на якіх адлюстраваны арышты ўладальнікаў будаўнічых фірмаў, якім ставіцца ў віну за нікчэмную якасць жылых дамоў і будынкаў. Аднак ніхто пакуль не кранае чыноўнікаў і палітыкаў, якія рабілі «выключэнні» для таго ці іншага будаўнічага праекта і забяспечылі амністыю забудоўшчыкам, вінаватым у невыкананні будаўнічых нормаў: апошнія абышліся штрафамі і пазбеглі неабходнасці збочваць парушэнні. На працягу многіх гадоў будаўнічы сектар атрымліваў ад дзяржавы свайго роду карт-бланш, а зараз тая ж самая дзяржава пачынае яго пераследваць. Вецер падзьмуў у другі бок. У фільме «Рукі над горадам», які выйшаў у 1963 году, у Неапалі разбураецца шматпавярховы дом. Ёсць загінуўшыя і параненыя. «Нашы рукі чыстыя», – верашчаць у фільме службоўцы з гарадской адміністрацыі. У нашы дні маем тое ж самае», – праводзіць аналогію нідэрландскае выданне.

***

24 лютага споўніцца год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Канца гэтай вайне не відаць: Расея працягвае наносіць удары па пазіцыях ВСУ, мірным жыхарам і аб’ектам інфраструктуры. Украіна мужна змагаецца, заходнія саюзнікі маюць намер і далей дапамагаць ёй зброяй. Па дадзеных ААН, да цяперашняга часу пацверджана гібель больш за сем тысяч мірных жыхароў. Латвійская газета Neatkarīgā пералічвае асноўныя моманты, якія цяпер трэба ўлічваць.

«На дадзены момант свет паступова рыхтуецца да зацяжной вайны, падчас якой, па-першае, нельга дапускаць распаўсюджвання баявых дзеянняў за межы Украіны. Па-другое, нельга дапускаць сур’ёзных поспехаў Расеі на поле бою. Па-трэцяе, імклівая параза расейскага войска з’яўляецца непажаданай, паколькі яна магло б справакаваць неадпаведную рэакцыю з боку Пуціна. Пуцін рана ці позна згіне, якім чынам – гэта іншае пытанне. Пакуль гэты момант не наступіў, свету неабходна выжываць, таму аб’ёмы паставак зброі ва Украіну трэба вельмі старанна дазаваць, каб не парушаць стратэгічнай раўнавагі», – заклікае латвійскае выданне.

***

Не менш за 250 000 чалавек выйшлі на дэманстрацыю ў Мадрыдзе з патрабаваннем адэкватнага фінансавання сістэмы грамадскай аховы здароўя. Падобная масавая дэманстрацыя ўжо мела месца летась у лістападзе. Пратэстоўцы абвінавачваюць кансерватыўны рэгіянальны ўрад на чале з Ізабэль Дыяс Аюса ў тым, што ён наўмысна змірыўся з недахопам персаналу і абсталявання ў сістэме аховы здароўя. Гішпанскі партал Eldiario.es лічыць, што на вуліцы павінны выйсці ўсе грамадзяне Гішпаніі.

«Уявіце, што Ізабэль Дыяс Аюса пераможа на рэгіянальных выбарах і застанецца ў руля. Яна будзе адчуваць сябе як асоба, што мае права паскорыць дэмантаж і прыватызацыю сістэмы аховы здароўя. Калі гэта адбудзецца, то праблема з’явіцца не толькі ў жыхароў Мадрыда. Мадрыд па-ранейшаму застаецца выпрабавальным палігонам па правядзенні прыватызацыі: як у сферы адукацыі, так і ў сферы аховы здароўя. Аюса не самотная. Яна абапіраецца на магутныя і ўплывовыя групы, якія жадаюць добра падзарабіць на нашым здароўі. Магчыма, падштурхнуць да пратэстаў трэба не толькі гэты канкрэтны рэгіён, бо шторм, выкліканы Аюса, можа абрынуцца на ўсіх нас. У гэты год выбараў на карту пастаўлена сама будучыня сістэмы аховы здароўя», – папярэджвае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя