Агляд прэсы: пастка пратэкцыянізму



Палітычныя рэпрэсіі Лукашэнкі дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню. Новы міністр абароны Германіі Барыс Пісторыюс. Закон аб зялёнай прамысловасці як адказ на субсідыі ЗША. Анкара як вырашальнік лёсу ЕЗ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Палітычныя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню», – цытуе вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля міжнароднае выданне NEWS.am як адказ на завочны суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам ды іншымі сябрамі Каардынацыйнай рады, які распачаўся ў Беларусі.

«Сёння ў Беларусі больш за 1440 палітвязняў. Рэжым Лукашэнкі, ужываючы рэпрэсіўныя законы, парушае правы і свабоды беларусаў, а таксама міжнародныя абавязкі Беларусі. Па словах Жазэпа Барэля, ЕЗ асуджае гэтыя жорсткія рэпрэсіі і палітычна матываваныя суды, накіраваныя на тое, каб прымусіць замаўчаць любыя незалежныя галасы. Святлана Ціханоўская назвала завочны суд «фарсам і помстай» з боку Лукашэнкі», – піша міжнароднае выданне.

Пасля адстаўкі Крысціны Ламбрэхт канцлер Шольц прызначыў Барыса Пісторыюса новым міністрам абароны Германіі. Ці зможа былы міністр унутраных спраў Ніжняй Саксоніі вярнуць практычна развалены бундэсвер да нармальнага жыцця, і якая яго пазіцыя ў дачыненні да паставак баявых танкаў ва Украіну – гэтае пытанне зараз актыўна абмяркоўваецца еўрапейскай прэсай. «Ці дзейнічае новы міністр абароны ў інтарэсах Украіны, высветліцца ў пятніцу падчас сустрэчы з калегамі па НАТА ў Рамштайне», – піша Українська правда.

«Самае галоўнае – тое, што ўжо ў траўні 2022 года Барыс Пісторыюс адкрыта выказваўся на карысць перамогі Украіны ў гэтай вайне, а гэта – тое, пра што тады не заяўляў Олаф Шольц. Дык ці зможа новы міністр забяспечыць пералом у справе падтрымкі Украіны Германіяй? Адказ на гэтае пытанне можа быць атрыманы ўжо ў пятніцу, калі новы міністр апынецца пад ціскам саюзнікаў, якія патрабуюць у рэшце рэшт дазволіць пастаўку Украіне танкаў Leopard», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

Еўракамісія мае намер спрасціць для дзяржаў-членаў супольнасці парадак выплаты субсідый канцэрнам, якія інвесціруюць сродкі ў экалагічна чыстыя тэхналогіі. Запланаваны Брусэлям праект пад загалоўкам «Закон аб вугляродна-нейтральнай прамысловасці» з’яўляецца адказам на маштабны пакет субсідый – «Закон аб зніжэнні інфляцыі», які прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выкарыстоўвае для барацьбы з інфляцыяй і пераходу амерыканскай эканомікі на зялёныя рэйкі. «Еўразвязу неабходна пазбегнуць барацьбы за субсідыі адразу на двух франтах», – раіць харвацкая газета Jutarnji list.

«У палітычнай плоскасці адносіны паміж ЕЗ і ЗША цяпер лепшыя, чым калі б там ні было, што ў немалой ступені з’яўляецца следствам нападу Расеі на Украіну. Аднак гэтыя адносіны аніяк не адбіліся на салідарнасці ў іншых абласцях. Менавіта таму зараз распрацоўваецца адзіны падыход паміж Еўропай і Вашынгтонам, бо барацьба за субсідыі здольная знішчыць глабальную раўнавагу і прывесці да новага пратэкцыянізму. У той жа самы час для Еўразвяза найбуйнейшым выклікам з’яўляецца прадухіленне ўзмацнення рознагалоссяў паміж асобнымі краінамі супольнасці», – падкрэслівае харвацкае выданне.

Швецыя і Фінляндыя да гэтага часу чакаюць згоды Турцыі, неабходнай для ўступлення гэтых дзвюх краін у НАТО. Інцыдэнт, які меў месца ў мінулую пятніцу, зноў выклікаў дэбаты на старонках газет: падчас дэманстрацыі ў Стакгольме актывісты павесілі перад гарадской ратушай пудзіла Эрдагана. Шведскі ўрад ужо прынёс Турцыі свае прабачэнні. «Замест паспешлівых выбачэнняў Стакгольм павінен быў бы абазначыць для Анкары пэўныя межы», – крытыкуе сітуацыю шведская газета Dagens Nyheter.

«Гэтая песня будзе вечнай. Швецыя можа і далей ісці на саступкі, але чым больш мы гатовы саступаць, тым больш жорсткай будзе пазіцыя Эрдагана. Мы не ў стане прапанаваць яму нічога, што дало б яму нагоду пайсці на саступкі, акрамя рэчаў, несумяшчальных са шведскай дэмакратыяй і прававой традыцыяй. Гэта, да прыкладу, выдача супернікаў рэжыму, цвёрдыя меры ў стаўленні шведскіх курдаў ці ж прыгнячэнне свабоды слова», – канстатуе шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array