Агляд прэсы: пасярод трох войнаў



Расея і Беларусь выбылі з кіруючага органа Паралімпіяды. Ракеты, якія ўпалі ў Польшчы: як рэагаваць? Выніковае камюніке саміту Вялікай дваццаткі. Як Трамп зноў у прэзідэнты сабіраўся. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) прагаласаваў за выключэнне Расеі і Беларусі з неадкладным дзеяннем, адкрываючы шлях для адхілення спартсменаў гэтых краін ад Паралімпійскіх гульняў у Парыжы 2024 года. Гэты крок, зроблены ў выніку ўварвання Расеі ва Украіну», – паведамляе міжнароднае выданне Politico.

„У выніку пастаяннага прыпынення дзейнасці за «няздольнасць выконваць свае абавязацельствы па сяброўстве ў адпаведнасці з Канстытуцыяй IPC», Нацыянальныя паралімпійскія камітэты Расеі і Беларусі «страчваюць усе правы і прывілеі сяброўства ў IPC», гаворыцца ў заяве кіруючага органа пасля пазачарговай генеральнай асамблеі ў Берліне ў сераду. Згодна з правіламі IPC, Паралімпійскія камітэты павінны гарантаваць, што «пераважае дух сумленнай гульні, абаронены бяспека і здароўе спартсменаў, а таксама захаванне асноўных этычных прынцыпаў». Раней спартсменам з Беларусі і Расеі было адмоўлена ва удзеле ў зімовых Паралімпійскіх гульнях 2022 года ў сакавіку з-за ўварвання Расеі ва Украіну, якое падтрымала Беларусь. Расейскія спартсмены сапраўды ўдзельнічалі ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 года ў лютым пад нейтральным сцягам, але падзея адбылася да таго, як Масква пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Алімпійскімі і паралімпійскімі спаборніцтвамі кіруюць два асобныя органы. Забарона IPC можа быць адменена толькі другім галасаваннем усіх камітэтаў на наступнай сесіі генеральнай асамблеі арганізацыі, якая адбудзецца ў другой палове 2023 года», – адзначае міжнароднае выданне.

Пасля падзення дзвюх ракет у польскім сяле Пшаводаў, што непадалёк ад мяжы з Украінай, распачата расследаванне. Шыра цца спробы не дапусціць эскалацыі: ЗША, Польшча, а таксама НАТА заявілі, што гэтыя ракеты расейскага ўзору былі, па ўсёй верагоднасці, запушчаны ўкраінскім бокам для перахопу расейскага ракетнага абстрэлу. Па словах польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, няма ніякіх прыкмет таго, што меў месца наўмысны напад. Прэса не хавае сваёй трывогі. «Трэба быць пільнымі», – падкрэслівае шведская газета Dagens Nyheter.

«Менавіта так можа пачацца вялікая вайна: і тое, што здарылася, павінна паслужыць напамінам аб тым, якія сілы разбудзілі Расея і яе прэзідэнт Уладзімір Пуцін сваім нападам на Украіну, якія парушаюць усе нормы міжнароднага права. Нават калі раптам акажацца, што гэта была ўкраінская ракета, віна ўсё роўна ляжыць на Крамлі. Без расейскага нападу нікому не прыйшлося б запускаць ракеты з мэтай абароны. Расейскі імперыялізм не толькі прынёс невымернае гора ўкраінскаму народу, ён таксама стварыў вельмі небяспечную сітуацыю ў Еўропе і свеце: адносіны паміж краінамі цяпер прасякнуты недаверам, і для рэакцыі на нечаканы інцыдэнт застаецца ўсё менш часу», – папярэджвае шведскае выданне.

Большасць удзельнікаў «рашуча асуджае вайну ва Украіне», – гаворыцца ў выніковым камюніке саміту Вялікай дваццаткі на Балі. Расейская пазіцыя адлюстравана ў фармулёўцы «былі і іншыя меркаванні і розныя ацэнкі сітуацыі». Раней выказваліся засцярогі, што саміт можа і зусім скончыцца без сумеснай заявы. Аглядальнікі рады, што абышлося без гэтага. «Саміт Вялікай дваццаткі аказаўся дыпламатычнай катастрофай для Расеі», – піша аўстрыйская газета Die Presse.

«У заключным камюніке чорным па белым напісана, што большасць сяброў Дваццаткі «асуджаюць» вайну ва Украіне. У наяўнасці ўсё больш прыкмет міжнароднай ізаляцыі Расеі, якая ўзмацняецца . Так, Кітай ніколі не падтрымае санкцыі супраць свайго стратэгічнага партнёра. Але ўжо нават Пекін не хавае, што сыты па горла гэтай вайной. Сі Цзіньпін, магчыма, нават адчувае сябе падманутым Пуціным. Пуцін у няпростым становішчы: нават ягоныя саюзнікі губляюць цярпенне. Ён павінен знайсці выйсце з гэтай вайны. А вось Захад павінен і надалей захоўваць моцныя нервы. Не выключана, што Пуцін адчыніць дзверы для перамоваў з Джо Байдэнам», – прагназуе аўстрыйскае выданне.

Дональд Трамп мае намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША у 2024 годзе. Пра гэта ён заявіў у аўторак, знаходзячыся ў сваім маёнтку Мар-а-Лага ў Фларыдзе. Пры гэтым на прамежкавых выбарах у Кангрэс Трамп не атрымаў асаблівай падтрымкі. Якія ж шанцы ў кандыдата? «Ні ў якім разе нельга недаацэньваць Трампа», – піша нямецкая газета Frankfurter Rundschau.

«Ён не толькі выдужаў у выніку двух спроб імпічменту і на фоне грамадскай пагарды пасля штурму Капітолія – новая фракцыя ў Палаце прадстаўнікоў будзе яму больш адданая, чым якая-небудзь іншая. І галоўнае – у распараджэнні экс-прэзідэнта ёсць ваенная каса ў сотні мільёнаў долараў, а таксама лаяльныя прыхільнікі, якія па-ранейшаму ідуць за ім, нібы сектанты за сваім пастырам. Зрэшты, па пятах Трампа ідзе і юстыцыя, а рэпутацыя яго пасля спробы путчу ў студзені 2021 года папросту знішчана. Ён зараз падобны да баксёра, выматанага сутычкай. А такія асабліва небяспечныя!», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array