Агляд прэсы: пазбавіць будучыні



Беларусь выдала расейскага бацьку-адзіночку, якому пагражае турма за антываенныя каментары. Расея: зараз атрымаць павестку яшчэ прасцей. Як ацэньваць словы Макрона аб Тайвані? Наступствы сяброўства прэзідэнта Літвы ў КПСС. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расейскі бацька-адзіночка, які быў затрыманы ў Менску пасля ўцёкаў з хатняга арышту ў канцы сакавіка, экстрадаваны назад у Расею», – паведамляе расейскае незалежнае выданне The Moscow Times.
„Напрыканцы мінулага месяца Тульскі абласны суд прысудзіў Аляксея Маскалёва да двух гадоў пазбаўлення волі за «дыскрэдытацыю» расейскіх вайскоўцаў праз антываенныя каментары ў сацыяльных сетках. Аднак непасрэдна перад вынясеннем прысуду 53-гадовы мужчына збег з -пад хатняга арышту, каб праз некалькі дзён быць затрыманым уладамі ў сталіцы Беларусі Менску. Пазней Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што Маскалёў чакае на экстрадыцыі ў Расею ў сьледчым ізалятары ў Жодзіне – горадзе, які знаходзіцца прыкладна ў 50 кілямэтрах на паўночны захад ад Менску. Маскалёва затрымалі пасля таго, як яго дачка, 13-гадовая Марыя Маскалёва, на школьным уроку мастацтва намалявала антываенны малюнак. Улады адабралі Маскалёву ад бацькі і змясцілі ў ізалятар для непаўналетніх у яе родным горадзе Яфрэмаў Тульскай вобласці. 6 красавіка Маскалёву перадалі яе маці, з якой яна не размаўляла больш за сем гадоў. Крэмль абараніў справу супраць Маскалёва, назваўшы яго бацькоўства «жаласлівым». Вакол гэтага фонам – Расея і яе суседка Беларусь, якія фармальна ўваходзяць у «саюзную дзяржаву» і супрацоўнічаюць у экстрадыцыі. Паміж дзвюма краінамі практычна адсутнічае памежны кантроль»,
– піша расейскае незалежнае выданне.

Дзярждума Расеі аднагалосна і ў самыя кароткія тэрміны прыняла папраўкі да закона, закліканыя спрасціць прызыў яшчэ большай колькасці ваеннаслужачых: у будучым павестка, адпраўленая па пошце, будзе дублявацца яшчэ і ў электронным выглядзе, а асобы, якія падлягаюць прызыву, будуць рэгістравацца ў адзіным рэестры. У адказ шведская газета Svenska Dagbladet патрабуе яшчэ большай і больш аператыўнай падтрымкі Украіны.

«Расейцы страцілі значную частку свайго сучаснага ўзбраення. Яго немагчыма замяніць у найкароткія тэрміны. «Чалавечы рэзерв» Расеі не бязмежны – як тое было ў Савецкім Звязе. Акрамя таго, расце нежаданне ісці на вайну. Расейцы з усіх сіл спрабуюць знайсці замену тым 100 000-150 000 чалавек, якія ўжо загінулі. І тут важны фактар часу. Украіне неабходна больш падтрымкі: тут і зараз. Захад павінен спытаць у Зяленскага, што яму трэба для таго, каб скончыць вайну ў 2023 годзе, і неадкладна даць яму гэта. У адваротным выпадку вайна зацягваецца. У перспектыве з куды большымі эканамічнымі выдаткамі, стратамі і пакутамі мноства людзей, а таксама з большай нявызначанасцю ў стаўленні да зыходу вайны», – папярэджвае шведскае выданне.

Каментары Эманюэля Макрона наконт кітайска-тайваньскага канфлікту выклікалі сапраўдны перапалох. Пасля заканчэння візіту ў Пекін разам з Уршуляй фон дэр Ляен Макрон у сваім інтэрв’ю дзелавой газеце Les Echos заявіў, што Еўропа не павінна дзейнічаць у якасці «паплечніка» Злучаных Штатаў у пытанні аб Тайвані, за што падвергся крытыцы з боку саюзнікаў. «Словы Макрона могуць мець сур’ёзныя наступствы для Тайваня», – такі прагноз дае бельгійская газета La Libre Belgique.

«Кажучы, што еўрапейцы, маўляў, не павінны «прытрымлівацца амерыканскага тэмпу і празмернай рэакцыі Кітая», Макрон, падобна, ускладае на ЗША віну за цяперашні віток напружанасці. Сцвярджаючы, што тайваньскае пытанне не павінна стаяць на еўрапейскім парадку дня, яно дэманструе дзіўную адсутнасць дальнабачнасці і салідарнасці. Сваёй відавочнай абыякавасцю да лёсу Тайваня Макрон паслаў Сі Цзіньпіну вельмі небяспечны сігнал, прымусіўшы таго паверыць у тое, што ў яго развязаныя рукі. Гэта нагадвае драматычную неасцярожнасць адміністрацыі Трумэна, якая заявіла ў студзені 1950 года, што яна больш не мае намеру займацца Усходняй Азіяй, пасля чаго праз пяць месяцаў разгарэлася Карэйская вайна», – падкрэслівае бельгійскае выданне.

У Літве былі апублікаваныя дакументы часоў СССР, з якіх вынікае, што беспартыйны прэзідэнт Гітанас Наўседа незадоўга да абвяшчэння незалежнасці краіны ў 1990 годзе быў сябрам КПСС. Прэс-служба прэзідэнта пацвердзіла, што ў маі 1988 года Наўседа ўступіў у партыю, але не праяўляў палітычнай актыўнасці. СМІ абмяркоўваюць магчымыя наступствы гэтага выкрыцця. «Науседзе давядзецца добра паразважаць над тым, якое рашэнне было б правільным у дадзенай сітуацыі», – піша літоўскі партал Delfi.

«Мы не ведаем, колькі выбаршчыкаў адчуваюць сябе падманутымі, колькі з іх не аддалі б за яго свае галасы, калі б ведалі пра яго сяброўства ў КПСС. У любым выпадку, сяброўства Науседы ў партыі – тое яшчэ дасягненне, пра якое ён сціпла маўчаў, што па сутнасці з’яўляецца падманам. Падобна, што большага ціску, каб прымусіць яго сысці ў адстаўку, не будзе. Яму давядзецца самому вырашаць, як паступіць, і якое рашэнне будзе найбольш годным. Раптоўная адстаўка можа прывесці да беспарадкаў, а гэта якраз тое, што зараз Літве трэба найменш. Але ён мог бы вырашыць не ісці на другі тэрмін», – адзначае літоўскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя