Агляд прэсы: Перад дылемай
У Беларусі хочуць увесці смяротнае пакаранне за «дзяржаўную здраду». Венгрыя блакуе дапамогу Украіне. Далягляд інтэграцыі Заходніх Балкан. Канферэнцыя ААН па абароне біялагічнай разнастайнасці. Падрабаязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Менск, адзіны ў Еўропе, дагэтуль прымяняе вышэйшую меру пакарання. А зараз у Беларусі хочуць увесці смяротнае пакаранне за «дзяржаўную здраду», здзейсненую дзяржаўнымі чыноўнікамі і вайскоўцамі», – паведамляе еўрапейскае выданне Politico.
„Ніжняя палата беларускага парламента прыняла ў сераду законапраект, які прадугледжвае смяротнае пакаранне за так званую дзяржаўную здраду, «у мэтах прадухілення» магчымых дзеянняў «дэструктыўных элементаў» у краіне. У нацыянальнае заканадаўства былі ўнесены папраўкі, паколькі растуць засцярогі, што Лукашэнка, блізкі саюзнік Крамля, можа далучыцца да Расеі ў яе вайне супраць Украіны, накіраваўшы беларускія сухапутныя войскі ў суседнюю краіну. Раніцай у сераду ўкраінскае ваеннае камандаванне заявіла, што сярод беларускіх вайскоўцаў «расце незадаволенасць» магчымасцю ўступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны.
За апошнія некалькі месяцаў беларускія ўлады прадаставілі сваю тэрыторыю Расеі для нанясення ракетных удараў па Украіне і для падрыхтоўкі расейскіх войскаў. Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне. У цяперашні час вышэйшая мера пакарання можа быць вынесена асобам, якія здзейснілі забойства пры абцяжарваючых абставінах або тэрарыстычны акт», – паведамляе еўрапейскае выданне.
На сустрэчы міністраў фінансаў краін ЕЗ Венгрыя адмовілася падтрымаць выдзяленне Украіне дапамогі з бюджэту супольніцтва ў памеры 18 мільярдаў еўра. На думку аналітыкаў, вета, накладзенае венгерскімі ўладамі, выкарыстоўваецца Будапештам у якасці сродку ціску на Брусель, каб той закрыў вочы на недахопы Венгрыі ў плане вяршэнства права. Прэм’ер-міністр Орбан такую ўзаемасувязь, вядома ж, адмаўляе. «Галасаванне па прапанове Еўракамісіі аб замарозцы шэрагу субсідый для Венгрыі пакуль што адкладзена. Орбан самым бессаромным чынам гуляе на запатрабаванні ЕЗ у кампрамісах», – канстатуе аўстрыйская газета Wiener Zeitung.
«Вугорскі прэм’ер, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо гэтулькі гадоў і выяўляе відавочныя прыкметы аўтакрата, дасягнуў немалога майстэрства ў выкарыстанні схільнасці еўрапейскіх палітыкаў да кампрамісаў у якасці рычага для дасягнення ўласных мэт. Такім чынам, пакуль што вета – рэальнасць. У той самы час менавіта цяпер, на фоне ўсіх крызісаў, згуртаванасць і рашучасць важныя як ніколі. Орбан зусім не памыляецца, калі бачыць у гэтым свой шанец, і Еўрапейская рада абавязаная знайсці адказ на гэтую дылему. Урад Венгрыі павінен убачыць, што астатнія краіны ЕЗ адзіныя, і настроены рашуча. Аднак у самы разгар крызісу прадэманстраваць адзінства куды складаней, чым у звычайныя часы. Еўразвяз сканструяваны не дзеля прынцыпу „ці – ці”, але дзеля прынцыпу „і – і”. А Орбан таму і рады!», – піша аўстрыйскае выданне.
Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ маюць намер паскорыць працэс уступлення ў супольнасць шасці краін Заходніх Балкан: Албаніі, Сербіі , Паўночнай Македоніі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі і Косава. Такое рашэнне было прынята на саміце, які адбыўся ў албанскай сталіцы. Як гаворыцца ў афіцыйнай заяве, усе шэсць краін праводзяць «вартыя даверу рэформы». Важным фактарам з’яўляецца таксама іх падтрымка санкцыяў супраць Расеі. Акрамя таго, краінам будзе выдаткаваны адзін мільярд еўра на барацьбу з энергетычным крызісам. Вугорская праўрадавая газета Magyar Nemzet заклікае Еўразвяз праявіць вялікую рашучасць.
«Заходнія Балканы могуць зноў ператварыцца ў парахавую бочку Еўропы, калі краінам рэгіёна не дадуць рэальнага шанцу ўступіць у ЕЗ, а замест гэтага прымусяць таптацца ля парога нявызначаны час. Еўропа магла б, прапанаваўшы ўзаемныя выгады, трымаць стырно кіравання на Балканах у сваіх руках тым больш, чым менш яна дазволіць вонкавым сілам, такім як Расея, ЗША, Саудаўская Аравія або Катар – пранікаць у вакуум, які ўтварыўся тамака, ды ўплываць на настроі насельніцтва і ператвараць гэтых людзей у сваіх васалаў, разыгрываючы карту іх этнічных ці рэлігійных сімпатый», – папярэджвае вугорскае выданне.
У Манрэалі адкрылася 15-я Канферэнцыя ААН па біялагічнай разнастайнасці (COP 15). У рамках мерапрыемства, якое працягнецца аж да 19 снежня, прадстаўнікі ўрадаў краін свету будуць абмяркоўваць меры па захаванні разнастайнасці флоры і фауны на планеце. Як зазначае прэса, канферэнцыі па абароне біялагічнай разнастайнасці прыцягваюць да сябе куды меншую ўвагу, чым канферэнцыі па абароне клімату, апошняя з якіх (COP 27) нядаўна прайшла ў Егіпце. На думку журналістаў, недастатковая ўвага да праблемы выклікае пэўную терывогу. «Да людзей не даходзіць уся сур’ёзнасць становішча», – наракае брытанская газета The Guardian.
«У 2015 годзе ў Парыжы было падпісана пагадненне, якое абавязвае краіны свету рабіць крокі для пераадолення кліматычнага крызісу. У Манрэалі неабходна зрабіць нешта падобнае. Нажаль, у адрозненне ад саміту Cop 27, які адбыўся ў мінулым месяцаў у Егіпце, на гэтай канферэнцыі не будуць прысутнічаць кіраўнікі дзяржаў. І гэта вельмі дрэнна. Лёс чалавецтва напрамую залежыць ад захаванасці прыроды, гэта значыць – флоры і фауны на нашай планеце. Менавіта зараз над вялікім мноствам відаў раслін і жывёл навісла пагроза поўнага знікнення», – канстатуе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array