Агляд прэсы: прапушчаны шанец



Паплечнік Пуціна Аляксандр Лукашэнка наведае Кітай. Еўразвяз у 2023 годзе: новая роля. Спрэчка паміж Румыніяй і Украінай вакол дэльты Дуная. Пяць гадоў пасля забойства Яна Куцыяка ў Славакіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка – блізкі саюзнік расейскага лідара, наведае Пэкін на гэтым тыдні, на фоне росту занепакоенасці ў тым, што Кітай разглядае магчымасць аказаньня ваеннай дапамогі Расеі», – піша амерыканская газета The Washington Times.

«Лукашэнка павінен наведаць Кітай з аўторка па чацвер, але пакуль невядома пра падрабязнасці яго парадку дзён. Беларусь рашуча падтрымала Маскву і дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю ў якасці плацдарма для першапачатковага ўварвання ва Украіну год таму. Гэты візіт адбываецца ў той момант, калі вышэйшыя службовыя асобы ЗША неаднаразова перасцерагалі Кітай ад аказання ваеннай дапамогі Расеі ў яе вайне супраць Украіны, заявіўшы, што гэта прывядзе да цяжкіх наступстваў. Пекін сцвярджае, што займае нейтральную пазіцыю ў вайне, якая пачалася год таму, але таксама заявіў, што мае «бязмежнае сяброўства» з Расеяй і адмовіўся крытыкаваць уварванне Масквы ці нават называць яго так. Ён абвінаваціў Захад у правакаванні канфлікту і «распальванні агню», даючы Украіне абарончую зброю. У пятніцу Пекін выступіў з прапановай аб спыненні агню і мірных перамовах паміж Украінай і Расеяй. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асцярожна вітаў удзел Кітая ў падобных пытаннях», – канстатуе амерыканскае выданне.

Вайна Расеі супраць Украіны выклікала сур’ёзныя зрухі ў Еўразвязе і за яго межамі. Залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў скарацілася, а ў сілу санкцыяў эканамічныя адносіны з Расеяй пайшлі на спад. Тэмы бяспекі і абароны сталі прыярытэтнымі ў параўнанні з такімі пытаннямі, як абарона клімату або гандаль. Змянілася сітуацыя і плане таго, якія краіны зараз задаюць тон. Як адзначае гішпанскі партал eldiario.es, відавочныя палітычныя і структурныя зрухі, як унутры Еўропы, так і ва ўсім свеце.

«Захад зараз больш згуртаваны, але і больш самотны. Хаця большая частка краін глабальнага поўдня і асудзіла расейскую агрэсію, яны тым не менш не далучыліся да заходніх санкцый і разглядаюць гэтую вайну як канфлікт паміж еўрапейскімі імперыялістамі. І гэтае дыстанцыяванне турбуе Захад. Нягледзячы на пазіцыю Венгрыі, Еўропа дабілася прагрэсу ў справе сваёй інтэграцыі. Прачнуўся яе геапалітычны інстынкт. Унутры ЕЗ узнікла новая геапалітычная вось, якая аддаляецца ад аслабелай франка-германскай восі і ў цэнтры якой знаходзіцца Польшча», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

У мэтах пашырэння суднаходства і павелічэння грузапатокаў праз Дунай Украіна самавольна паглыбіла рэчышча канала Хуткае з 3,9 да 6,5 метраў. Пра гэта абвясціла ў сваім акаўнце ў Twitter міністэрства інфраструктуры Украіны, аднак затым паведамленне было выдаленае. Замест яго з’явілася тлумачэнне, што ў рэчышчы канала праводзіліся толькі прафілактычныя работы. Дэльта Дуная з’яўляецца прыродаахоўнай зонай, а на румынскіх берагах Дуная кіпіць абурэнне. Некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што зараз не час крытыкаваць Украіну. «Неабходна адкрытае абмеркаванне гэтай праблемы, нягледзячы на тое, што ва Украіне зараз ідзе вайна», – піша румынская газета Evenimentul Zilei.

«Трызнёвыя абвінавачванні ў прасоўванні расейскай прапаганды – гэта класічны сродак, да якога звяртаюцца, калі спрабуюць замесці пад дыван парушэнні. Аднак у дадзеным выпадку ў наяўнасці сур’ёзная памылка: украінцы паглыбляюць канал у вусце Хуткае, не спытаўшы дазволу ў Румыніі, тым самым яны парушаюць міжнародныя дамовы. Яны зманілі, заявіўшы, што толькі жадаюць прывесці фарватар у належны стан: гэта першы раз у гісторыі, калі ў выніку ачышчэння рэчышча ракі яго глыбіня павялічваецца ўдвая. А заўтра ці паслязаўтра яны могуць пачаць і будаўніцтва ГЭС на канале ў вусці Хуткае, а мы будзем глядзець, нічога не робячы ў адказ», – адзначае румынскае выданне.

У лютым 2018 года ў Славакіі былі забітыя журналіст-расследавальнік Ян Куцыяк і яго нарачоная Марціна Кушнірава. Гэтае заказное забойства ўзрушыла ўсю краіну. У выніку шырокіх пратэстаў у адстаўку пайшоў урад Роберта Фіца – палітыка-папуліста, у адрас якога прадстаўлены абвінавачанні ў карупцыі. Здавалася б, наступіла новая эпоха. Аднак сёння, праз пяць гадоў, даводзіцца адзначаць, што ў грамадстве пануе расчараванне. Такое несуцяшальнрае меркаванне выказвае славацкая газета Deník N.

«Здавалася, што шакавальнае забойства гэтых двух маладых людзей стане паваротным момантам для Славакіі: на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч людзей, папулісцкі ўрад Роберта Фіца быў зрынуты, а праз год славакі абралі прэзідэнтам Зузану Чапутаву – прадстаўніцу лібералаў. Аднак на сённяшні дзень краіна зноў па вушы ўгразла ў палітычных праблемах і чакае на датэрміновыя выбары. Не выключана, што ільвіную долю галасоў на іх зноў атрымае Фіцо са сваёй адкрыта прарасейскай і экстрэмісцкай павесткай», – папярэджвае славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array