Агляд прэсы: пратэстуй – не пратэстуй
Кітай: свае інтарэсы замест міру. У Турцыі пракурдская партыя не вылучыла кандыдатаў. Канец аўтамабілям з рухавікамі ўнутранага згарання? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У пятніцу Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць службовага самалёта прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама двух буйных нацыянальных аўтавытворцаў за запалохванне рабочых, якія ўдзельнічалі ў антыўрадавых акцыях пратэсту», – піша арабскае выданне Al Arabiya.
«Міністэрства фінансаў ЗША, якое кіруе санкцыямі, вылучыла прэзідэнцкі самалёт Лукашэнкі — Boeing 737 з пазначэннем EX-001PA. Самалёт выкарыстоўваецца Лукашэнкам і яго сям’ёй для афіцыйных дзелавых і асабістых паездак, у тым ліку ў міжнародныя краіны. Санкцыі, якія забараняюць любым фізічным і юрыдычным асобам ЗША здзяйсняць здзелкі з мэтавымі суб’ектамі, могуць ускладніць аператару самалёта атрыманне паслуг і запчастак для яго. Мінфін таксама ўвёў санкцыі ў дачыненні да Беларускага аўтамабільнага завода і Мінскага аўтазавода, буйных вытворцаў легкавых і грузавых аўтамабіляў. Паводле Міністэрства фінансаў, абодва заводы пагражалі супрацоўнікам, «якія ўдзельнічалі ў забастоўках і мірных акцыях пратэсту пасля фальшывых прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года», – піша арабскае выданне.
Еўрапейская прэса напрыканцы тыдня падводзіць вынікі візіту кітайскага госця Сі Цзіньпіня ў Маскву, і асноўная ўвага была прыкавана да распрацаванага Пекінам плану мірнага ўрэгулявання, які так і не атрымаў шырокай падтрымкі. «У выпадку з Расеяй Кітай стрымана прасоўвае свае інтарэсы», – такім назіраннем дзеліцца балгарская газета 24.
«Расейцы чакалі, што Пекін возьме на сябе абавязацельствы па будаўніцтве газаправода Сібір-2, але нічога падобнага не адбылося. Кітай проста хоча купляць газ з вялікімі скідкамі, без якіх-небудзь абавязацельстваў. Мы бачым, як Кітай паводзіць сябе ў іншых краінах: на дастаткова жорсткіх умовах ён выдае крэдыты, пасля чаго цэламу шэрагу афрыканскіх краін даводзіцца расставацца са сваімі стратэгічнымі аб’ектамі, таму што пагасіць гэтыя крэдыты яны не ў стане. Ці дойдзе Расея да такога, прадказаць складана, але выключаць падобны сцэнар нельга», – адзначае балгарскае выданне.
Пракурдская Дэмакратычная партыя народаў (ДПН) не будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 14-га траўня. Хоць гэта не было агучана напрамую, дадзены крок разглядаецца як падтрымка апазіцыйнага альянсу і яго кандыдата Кемаля Кылычдараглу. Меркаванні турэцкай прэсы на гэты конт падзяліліся. «Перасцярогі ўрадавых СМІ сведчаць пра тое, што ім незразумела, як будзе працаваць кааліцыйны альянс», – апісвае сітуацыю турэцкі партал Karar.
«Апазіцыйны альянс – гэта не структура, якая будзе перададзена ў рукі Кылычдараглу ў гатовым выглядзе. Удзельнікі альянсу не маюць намеру слепа падпарадкоўвацца Кылычдараглу: існуюць дамоўленасці, зафіксаваныя ў пісьмовым выглядзе, і старшыні партый маюць права выказацца на любым этапе. Іншымі словамі, небяспека ўзнікнення сітуацыі, пры якой Кылычдараглу перадасць стырно кіравання Нацыянальнага альянсу Дэмакратычнай партыі народаў, імкнецца да нуля. Стаўшы прэзідэнтам, Кылычдараглу не будзе такім жа, як яго папярэднік Эрдаган. Нам хутчэй трэба баяцца структур, пры якіх у руках аднаго чалавека засяродзіцца дастатковы аб’ём улады для таго, каб прасоўваць сваю волю», – падкрэслівае турэцкае выданне.
На саміце ЕЗ, які прайшоў у чацвер, уся ўвага была засяроджана на тэме, якая першапачаткова нават не ўваходзіла ў парадак дня: супраціў Германіі прынятаму раней пагадненню паміж краінамі ЕЗ пра спыненне рэгістрацыі аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання з 2035 года. Паводле заявы Берліна, гэта не будзе датычыць аўтамабіляў, якія працуюць на «электронным паліве» на аснове вады і CO2. Большасць каментатараў крытыкуе паводзіны Германіі. «Францыя і Германія сталі перашкодай на шляху перамен», – з такой крытыкай выступае аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten.
«Прэзідэнт Эманюэль Макрон апантана спрабуе навязаць сваё рашэнне па ядзернай энергетыцы ўсяму Еўразвязу. А Олаф Шольц дазваляе выйсці наперад свайму партнёру па кааліцыі, партыі СвДП, якая, прайграўшы пяць рэгіянальных выбараў запар і баючыся, што апошні цягнік сыдзе, раптам ставіць пад сумнеў ключавы момант еўрапейскай стратэгіі па барацьбе са зменай клімату, а менавіта адмова ад вытворчасці новых ДВС з 2035 года. Цяпер амаль не засталося часу на тое, каб перайсці на рэйкі безвугляроднай і ўстойлівай будучыні, у якой няма месца ні атамным электрастанцыям, ні рухавікам унутранага згарання», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя