Агляд прэсы: прыйдзецца пачакаць
Рамана Пратасевіча прысудзілі да 8 гадоў. Усе чакаюць на контрнаступленне Украіны. Выбары ў Турцыі: а хто там ідзе? Каранацыя Карла III. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Журналіст Раман Пратасевіч, арыштаваны пасля таго, як Беларусь гвалтоўна перанакіравала яго рэйс Ryanair, быў прысуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў сераду пасля дзеі, якую лідары апазіцыі назвалі «фальшывым судом». 27-гадовы Раман Пратасевіч ляцеў з Грэцыі ў Літву амаль два гады таму, калі беларускія авіядыспетчары загадалі пілотам прызямліцца ў Менску пад ілжывай падставай пагрозы выбуху», – піша брытанская газета The Independent.
«Пратасевіч кіраваў Telegram-каналам для абмену паведамленнямі Nexta, які шырока выкарыстоўваўся ўдзельнікамі масавых пратэстаў супраць спрэчных выбараў 2020 года, якія далі Лукашэнку шосты прэзідэнцкі тэрмін. Разам з даччыным каналам Nexta Live ён мае 1,4 мільёны падпісчыкаў. Заснавальнік тэлеканала Сцяпан Пуціла і яшчэ адзін рэдактар канала Ян Рудзік былі завочна асуджаныя да 20 і 19 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Абодва застаюцца ў эміграцыі. Акалічнасці арышту Пратасевіча ў траўні 2021 года выклікалі міжнароднае абурэнне і сталі прычынай санкцый Еўрапейскага саюза супраць Лукашэнкі. З таго часу шэраг заходніх краін забаранілі самалётам пралятаць над Беларуссю. Дзяўчына Пратасевіча Сафія Сапега з Расеі таксама была арыштаваная. Летась яе прызналі вінаватай і прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, але Беларусь пагадзілася, што яна можа адбываць пакаранне ў Расеі», – піша брытанскае выданне.
***
З’яўляецца ўсё больш прыкмет таго, што ВСУ ў хуткім часе пачнуць сваё контрнаступленне на сілы Расейскай Федэрацыі, якая ўварвалася ва Украіну. Па словах генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга, 98 адсоткаў абяцанай Захадам зброі ўжо паступіла ў распараджэнне ўкраінскай арміі. «Такім чынам», – заявіў Столтэнберг, – «Украіна знаходзіцца у моцнай пазіцыі, якая дазваляе ёй адваяваць акупаваныя тэрыторыі». Аглядальнікі разважаюць пра тое, калі можа пачацца контрнаступленне і якія шанцы яно дае. Харвацкая газета Večernji list піша пра тое, чаму наступ яшчэ не пачаўся.
«У якасці адной з прычын прыводзіцца той довад, што Украіна атрымала яшчэ не ўсе абяцаныя ўзбраенні, нягледзячы на заяву Енса Столтэнберга, згодна з якім пастаўлена ўжо 98 працэнтаў узбраенняў, у тым ліку 230 танкаў, якія лічацца найважнейшым фактарам будучага ўкраінскага поспеху. Па-другое, было заснавана сама меней 16 новых брыгад агульнай колькасцю звыш 50 000 байцоў. Ім патрэбны час на падрыхтоўку і асваенне новых узбраенняў. Па-трэцяе, ва ўкраінцаў няма вопыту правядзення наступальных аперацый на такім шырокім фронце і з удзелам такой вялікай колькасці падраздзяленняў. Акрамя таго, красавіцкія дажджы на шматлікіх адрэзках размылі дарогі і зрабілі іх непраходнымі для цяжкага ўзбраення, а таму даводзіцца чакаць, пакуль падсохне глеба», – адзначае харвацкае выданне.
***
14-га траўня Турцыя абірае новы парламент і новага прэзідэнта. Паводле звестак апытанняў, кандыдат ад апазіцыі, старшыня Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу і дзейны прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган ідуць амаль пароўну. Ці атрымаецца альянсу апазіцыйных сіл адолець Эрдагана і ўзначаленую ім Партыю справядлівасці і развіцця? «Захаду не варта будаваць вялікіх ілюзій наконт таго, што пасля перамогі Кылычдараглу яму будзе прасцей мець справу з Турцыяй», – папярэджвае чэшская газета Lidové noviny.
«Кемаль Кылычдараглу не гэтак ужо празаходня настроены, як можа здацца на першы погляд. На гэтых выбарах ён прадстаўляе не толькі Рэспубліканскую народную партыю, заснаваную Атацюркам: ён мае намер прыцягнуць на свой бок і іншых выбаршчыкаў. Менавіта таму ён выкарыстоўвае ў тым ліку антызаходнюю і антыеўрапейскую рыторыку. У рэшце рэшт, РНП – даволі нацыяналістычная партыя. У той самы час Кылычдараглу з разуменнем ставіцца да рэлігіі ў палітыцы. А ўжо па пытаннях знешняй палітыкі Эрдаган і Кылычдараглу і зусім займаюць дзіўна падобныя пазіцыі», – канстатуе чэшскае выданне.
***
Засталіся лічаныя дні да каранацыі Карла III, і завяршэння яго доўгага шляху да каралеўскага тытулу. Карл будзе каранаваны 6-га мая ў Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане ў прысутнасці сваёй жонкі Камілы, а таксама шматлікіх высокапастаўленых гасцей і знакамітасцяў. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці адказваюць пампезнасць і дарагавізна цырымоніі духу часу і настрою ў грамадстве. На думку каталонскай газеты El Periódico de Catalunya, у манархіі маецца свой сэнс.
«Пышнасць, з якой праходзіць цырымонія каранацыі новага манарха, не варта прымаць за працяг манархіі ў ранейшым ключы. Сыход Лізаветы II азнаменаваў сабой «канец эпохі». Калі гэтае меркаванне справядліва для брытанскай манархіі, то ўжо тым больш справядліва яно і для нашай парламенцкай манархіі ў Гішпаніі, якая далёка не так трывалая, як брытанская, і якой зараз маецца быць давесці, што яна з’яўляецца дзейснай прыладай, і ў стане весці дыялог і ўладжваць спрэчкі паміж інстытуцыямі. На карысць парламенцкай манархіі кажа мноства аргументаў. У іх ліку – рызыка, да якой схільныя прэзідэнцкія рэспублікі, да прыкладу Францыя, дзе прэзідэнт Макрон цяпер не ў стане дамовіцца з Нацыянальным сходам, паколькі не мае ў ім абсалютнай большасці», – падкрэслівае каталонскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.