Агляд прэсы: Пустыя словы
У Беларусі нарошчваюць магутнасці па вытворчасці беспілотнікаў. Пуцін: Расея не збіраецца прымяняць ядзерную зброю. ЕЦБ зноў падняў ключавую стаўку. Сто гадоў маршу італьянскіх фашыстаў на Рым. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрый Пантус заявіў, што ў краіне будуць нарошчваць вытворчасць выведвальных і ўдарных беспілотнікаў. Пантус растлумачыў, што валоданне гэтым відам беспілотнай зброі неабходна для абароны Беларусі», – піша кубінская газета Prensa Latina.
«Пакуль Пуцін выбудоўвае светапарадак праз Валдайскую прамову, Беларусь працуе над стварэннем выведвальных беспілотнікаў і беспілотных лятальных комплексаў, здольных наносіць удары перш за ўсё з аператыўна-тактычнай глыбіні і шырокім спектрам прымянення сродкаў паражэння рознай магутнасці. Паводле афіцыйнага Менску, беларуская армія, як і раней, будзе мець патрэбу ў абароненых танках і бронетэхніцы, высокадакладнай зброі вялікай далёкасці і розных ракетах, сучасных сродках сувязі і аўтаматызаванага кіравання, а таксама сродках радыёэлектроннай барацьбы і радарах», – адзначае кубінскае выданне.
Падчас свайго амаль чатырохгадзіннага выступу ў рамках дыскусійнага клуба «Валдай» Уладзімір Пуцін паўтарыў абвінавачанні ў адрас Украіны, паводле якіх тая нібыта працуе над стварэннем так званай «бруднай бомбы». Раней з падобнага роду заявамі выступаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Пуцін падкрэсліў, што Расея можа задзейнічаць ядзерную зброю толькі для адбіцця нападу звонку, а таксама даў зразумець, што гатовы да перамоваў. Еўрапейская прэса не ўхваляе гэтага слоўнага нагнятання сітуацыі. Італьянская газета La Stampa заклікае бакі да перамоваў.
«Ні ў каго няма смеласці вымавіць адзіна магчымыя словы: давайце сустрэнемся, арганізуем саміт паміж вялікімі і малымі ўдзельнікамі гэтай трагедыі, паміж ахвярай, якая з поўным на тое правам патрабуе рэпарацый, і агрэсарам, які спрабуе знайсці для сябе выйсце. Трэба знайсці такое месца, за круглым ці квадратным сталом, уздоўж якой-небудзь значнай лініі ці на беразе ракі, і гэтае месца павінна быць нейтральнай прасторай. Як гэта ў свой час было ў Карэі, дзе таксама бушавала страшная вайна, у якой таксама былі агрэсары і тыя, хто падвергся нападу. І тады справа ледзь не дайшла да прымянення атамнай зброі. У выніку было дасягнута перамір’е, па выніках якога няма ні пераможцаў, ні прайграўшых, і доўжыцца яно дагэтуль», – прапануе італьянскае выданне.
У мэтах утаймавання інфляцыі, якая бушуе ў еўразоне, Еўрапейскі цэнтральны банк у чацвер яшчэ раз падняў ключавую стаўку: на 75 працэнтных пунктаў. Цяпер яна складае два працэнты. Гэты крок рэгулятара накіраваны на тое, каб зрабіць крэдыты больш дарагімі, а таксама знізіць попыт – каб змякчыць рост коштаў. Магчыма, гэтая мера справакуе рэцэсію, але, як мяркуе шэраг аглядальнікаў, гэта было б меншым злом, чым цяперашняя інфляцыя. «Гэтага кроку будзе недастаткова», – мяркуе нямецкая газета Handelsblatt.
«Прыйдзецца рабіць новыя вырашальныя крокі – бо інфляцыйныя рызыкі не зніжаюцца. Калі на фоне патрабаванняў аб павышэнні зарплаты разгорнецца яшчэ і зарплатна-коштавая спіраль, то гэтую дынаміку будзе перамагчы вельмі складана. Для таго, каб аднавіць свой аўтарытэт, страчаны за апошнія гады з прычыны таго, што ЕЦБ самым халатным чынам прымяншаў інфляцыйныя рызыкі, рэгулятару зараз давядзецца зрабіць куды больш, чым, да прыкладу, проста падцягнуць працэнтныя стаўкі. Прыйшла пара спыніць праграмы скупкі аблігацый дзяржзайму краін еўразоны. У мінулым годзе ЕЦБ ужо абвясціў, што пойдзе на гэты крок. Аднак рада дырэктараў ЕЦБ да гэтага часу не ў стане на гэта вырашыцца», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Роўна сто гадоў таму, напрыканцы кастрычніка 1922 года, Мусаліні і яго прыхільнікі зладзілі свой «Паход на Рым», у выніку якога да ўлады ў Італіі прыйшоў фашызм. Сёння, калі ў руля краіны стаў урад на чале з Джорджыяй Мелані, якая выйшла з постфашысцкага асяроддзя, аглядальнікі не могуць не задацца пытаннем пра тое, чаму зярняты, пасеяныя Мусаліні ў Італіі, узыходзяць у Еўропе і сёння. „На жаль, Італія да гэтага часу не ў стане разабрацца са сваёй цяжкай спадчынай», – піша італьянская газета La Repubblica.
«28 кастрычніка для Італіі – дзень нацыянальнай ганьбы. Праблема ў тым, што ў Італіі, у адрозненне ад іншых краін, няма агульнага ўсведамлення і падыходу да гэтай «сустрэчы» з уласнай гісторыяй. Як быццам пераход ад ліберальнай дзяржавы да фашысцкай быў звычайнай зменай сезона. Як быццам краіна апынулася ва ўладзе гэтага досведу, а затым адхілілася ад яго, але без поўнага ўсведамлення значэння і наступстваў дадзенага перыяду сваёй гісторыі. Прымяншэнне згубнага характару фашызму, якое назіраецца ў культуры краіны на працягу цэлага дваццацігоддзя, суправаджалася дэвальвацыяй антыфашызму, які быў зведзены да ўзроўню ідэалагічнай надбудовы на службе Камуністычнай партыі Італіі», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Array