Агляд прэсы: Разламаць хлеб
Смерць міністра прынеслі падазрэнні наконт планаў Расеі адносна Беларусі. Вынікі сустрэчы Макрона з Байдэнам. Чаму Турцыя бамбіць курдаў у Сірыі і Іраку? ЮНЕСКА прызнала французскі багет культурнай спадчынай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка сустрэўся з міністрамі бяспекі ў чацвер, праз некалькі дзён пасля раптоўнай смерці шматгадовага міністра замежных спраў краіны, і папярэдзіў аб нападах з боку знешніх ворагаў: НАТО, Украіны і нават беларусаў у выгнанні, якія ваююць ва Украіне супраць Расеі», – паведамляе амерыканская газета The Washington Post.

«Беларускі дыктатар, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, вядомы сваімі панікёрскімі, надуманымі і беспадстаўнымі заявамі. Насамрэч, Лукашэнка можа мець падставы для параноі ў нашы дні, але неабавязкова па тых прычынах, якія ён сам называе. Будучы залежным ад Масквы ў абяцаннях падтрымкі бяспекі пасля пратэстаў, якія пачаліся ў 2020 годзе, Лукашэнка дазволіў выкарыстоўваць сваю краіну ў якасці плацдарма для ўварвання прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ва Украіну. Па меры таго, як вайна зацягваецца, магчымасці выбару Лукашэнкі звужаюцца. Ён знаходзіцца пад ціскам з боку Расеі ў сувязі з павелічэннем ваенных абавязацельстваў, а таксама пад санкцыямі Захаду за яго ролю ў спрыянні ўварванню ва Украіну. Адпаведна за кратамі знаходзяцца амаль паўтары тысячы апазыцыянэраў. Тым часам смерць Макея азначае, што ў вуху Лукашэнкі загучаў рацыянальны голас, які выступае за максімальную незалежнасць ад Масквы, без рызыкі ўварвання ва ўкраінскім стылі. Нягледзячы на нежаданне Лукашэнкі пасылаць сілы для барацьбы, Беларусь усё глыбей уцягваецца ў ваенныя абдымкі Масквы, пакуль вайна працягваецца, ды так, што ў будучыні будзе цяжка разблытаць», – папярэджвае амерыканскае выданне.
Падчас афіцыйнага візіту прэзідэнта Францыі ў ЗША Байдэн і Макрон прадэманстравалі сваё адзінства і пацвердзілі, што маюць намер і надалей сумесна аказваць падтрымку Украіне. Пры гэтым напярэдадні свайго візіту Макрон раскрытыкаваў як «звышагрэсіўныя» планы Вашынгтона па прадастаўленні субсідый для вытворцаў «зялёных» тэхналогій, чые прадпрыемствы размешчаны на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Аглядальнікі асцерагаюцца новай гандлёвай спрэчкі, у якой у Еўропы будзе параўнальна слабая пазіцыя. «Нягледзячы на свой напорысты тон, Макрон выдатна ўсведамляе, што сапраўдная спрэчка з ЗША зараз стала б горшым сцэнарам для Еўропы», – камэнтуе сітуацыю нямецкая газета Handelsblatt.
«У рэшце рэшт, сёння ў пытаннях бяспекі Еўропа які раз адчувае сваю залежнасць ад вялікага брата па той бок Атлантыкі. Амерыканцы ведаюць, што еўрапейцы знаходзяцца ў далікатным становішчы, і таму наўрад ці будуць гатовыя ісці на саступкі ў спрэчцы аб субсідыях. Самае большае, на што можа разлічваць Еўропа – гэта часовая патуранне, якое дасць еўрапейскім кампаніям магчымасць упарадкавана перанесці свае ланцужкі паставак у ЗША. Прыярытэты Байдэна ясныя: на першым месцы – унутраная палітыка, на другім – Кітай, і толькі пасля, з вялікім адрывам ідзе Еўропа», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Пасля нанясення авіяўдараў па пазіцыях Рабочай партыі Курдыстана і курдскіх Атрадаў народнай самаабароны ў Сірыі і Іраку Анкара падумвае аб правядзенні наземнай аперацыі. Свае авіяўдары турэцкія ўлады апраўдваюць тым, што гэта, маўляў, рэакцыя на нядаўні тэракт, што здарыўся на Ісціклялі – цэнтральнай вуліцы Стамбула. Пры гэтым абодва курдскія рухі: і РПК, і Атрады народнай самаабароны заявілі, што не маюць дачынення да тэракту. «На жаль, на дадзены момант Турцыя можа сабе дазволіць такія паводзіны», – адзначае грэчаскі партал HuffPost Greece.
«ЗША, як правіла, не вітаюць наступальныя аперацыі турэцкай арміі ў рэгіёне, паколькі тыя накіраваныя супраць курдскіх атрадаў народнай самаабароны, а курды з’яўляюцца саюзнікамі ЗША ў барацьбе з ІГІЛ. Аднак на гэты раз сітуацыя крыху іншая. Зусім нядаўна Турцыя выступала супраць прыняцця ў НАТО Швецыі і Фінляндыі. А зараз, спаслаўшыся на тэракт у Стамбуле і разыграўшы карту барацьбы з тэрарызмам, Анкара пачала ўварванне ў Сірыю. А Вашынгтон імкнецца не даць Анкары падставы сарваць уступленне ў НАТО Швецыі і Фінляндыі. У тым, што тычыцца Сірыі, Турцыя сутыкае ілбамі краіны-удзельніц, а курды каторы раз прыносяцца ў ахвяру», – канстатуе грэчаскае выданне.
Тэхніка вырабу французскага багета і культура яго спажывання з гэтага моманту ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Такое рашэнне прынята ЮНЕСКА. Як гаворыцца ў афіцыйнай заяве, з усяго чатырох інгрэдыентаў – мукі, вады, солі і дрожджаў – кожны пекар стварае свой унікальны прадукт. Французская газета L’Humanité піша пра тое, што народжаны ў Парыжы доўгі багет – гэта сімвал гатоўнасці дзяліцца, і ўспамінае гісторыю стварэння гэтага прадукта.
«З’явіўшыся ў сваім цяперашнім выглядзе ў XIX стагоддзі, багет стаў таксама сімвалам Парыжа і яго працоўнага класа. А затым ён пачаў сваё пераможнае шэсце па дэпартаментах Францыі, перасёк усе межы і патрапіў на сталы ўсіх кантынентаў. І паўсюль ён быў сустрэты з распасцёртымі абдымкамі. Багет – гэта радасць, ён створаны для таго, каб яго можна было раздзяліць з блізкім», – падсумоўвае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array