Агляд прэсы: развітанне з гібрыднасцю



Беларусь назвала закрыццё пункта пропуску Польшчай «катастрафічным». ЦІ дапамогуць знішчальнікі Украіне? Міграцыйныя вынікі саміту ЕЗ. Што вядома пра збіты ў ЗША аэрастат? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь раскрытыкавала рашэнне Польшчы закрыць пункт пропуску паміж дзвюма краінамі як «катастрафічнае», заявіўшы, што гэта можа прывесці да «калапсу» па абодва бакі мяжы», – паведамляе міжнароднае выданне The Euractiv.

«Польшча закрыла ключавы памежны пункт у Баброўніках з Беларуссю, што прывядзе да новага мінімуму і без таго варожых адносін паміж дзвюма краінамі. Менск раскрытыкаваў гэтае рашэнне, назваўшы гэты крок нерацыянальным і небяспечным. Польшча стала ключавым прытулкам для праціўнікаў Лукашэнкі, а Варшава стала адным з самых заўзятых прыхільнікаў Кіева пасля ўварвання галоўнага саюзніка Беларусі Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года. Пасля ўступлення ў сілу закрыцця толькі два з шасці асноўных наземных пунктаў пропуску ўздоўж 400-кіламетровай мяжы дзвюх краін (249 міль) будуць адкрыты, дзе чакаецца крытычны рост нагрузкі. Як вядома, у 2021 годзе Беларусь арганізавала прыбыццё тысяч мігрантаў авіялініямі ў Менск і дапамагла ім дабрацца да польскай мяжы, што было расцэнена як спроба дэстабілізаваць краіну і ЕЗ. Адносіны яшчэ больш абвастрыліся, калі беларускі журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут быў прыгавораны беларускім судом да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў працэсе, які Варшава лічыць палітычна матываваным», – падкрэслівае міжнароднае выданне.

Яркае двухдзённае еўрапейскае турнэ Зяленскага прайшло пад лозунгам агульнай перамогі. Клятвы салідарнасці з Украінай, якая гераічна змагаецца, за авацыямі ў Вестмінстэр-холе і Еўрапарламенце, за ўрачыстымі цырымоніямі і абдымкамі патрабуе канкрэтных рашэнняў: паставак знішчальнікаў і дальнабойных ракет, графіка перамоваў аб уступленні ў ЕЗ, механізму канфіскацыі расейскіх актываў на карысць Украіны. «Пастаўка знішчальнікаў – не рашэнне», – перасцерагае брытанская газета The Guardian.

«Пра адзінае разумнае выйсце з гэтага канфлікту зараз практычна ніхто не згадвае. Размова ідзе аб аднаўленні лініі межаў па стане на 2021 год – лініі, аб якой была дасягнута дамоўленасць у рамках Менскіх пагадненняў пасля 2014 года, і якая была прызнана Кіевам і еўрапейскімі прадстаўнікамі. Пастаўкі знішчальнікаў рэзка падвысяць рызыку смяротнай эскалацыі, а на зямлі гэта Украіне не вельмі і дапаможа. Пастаўкі таксама ўнеслі б раскол у шэрагі ўрадаў і грамадзян краін Захаду. Таму не варта ісці на рызыку і прыступаць да паставак знішчальнікаў Кіеву», – выказвае сваё бачанне брытанскае выданне.

Акрамя барацьбы з інфляцыяй і ваеннай агрэсіяй, на прайшоўшым саміце кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ засяродзіліся найперш на міграцыйнай палітыцы . Восем дзяржаў-членаў патрабавалі больш жорсткіх законаў аб прадастаўленні палітычнага прытулку і прыняцця яшчэ больш жорсткіх мер супраць нелегальнай іміграцыі: у адпаведнасці з іх ідэяй, Брусель павінен прафінансаваць будаўніцтва памежных агароджаў. Апаненты пярэчылі, што нельга закрываць легальныя шляхі ўезду ў ЕЗ. «Пасля землятрусу Еўропа павінна з адкрытым сэрцам прыняць людзей з пацярпелых рэгіёнаў», – заклікае нідэрландскае выданне NRC Handelsblad.

«Цяперашні гуманітарны крызіс – найгоршы момант для таго, каб пачаць узводзіць сцены вакол Еўропы, ці ж ладзіць шырокія дыскусіі аб праектах па вяртанні мігрантаў на радзіму. Спадзяемся, што пасля завяршэння першага этапа экстранай дапамогі краіны ЕЗ ды іншыя дзяржавы і ў далейшым будуць праяўляць велікадушнасць у выпадку, калі ахвяры землетрасу ў Турцыі і Сірыі не змогуць знайсці прыстанішча ў сваім рэгіёне. Такога ж стаўлення трэба чакаць і ад грамадзян. Прыкладам можа служыць аператыўны прыём некалькіх мільёнаў украінцаў, якія прыехалі ў мінулым годзе ў Еўропу ў пошуках выратавання ад вайны і гвалту з боку Расеі», – адзначае нідэрландскае выданне.

Улады ЗША рассакрэцілі інфармацыю аб кітайскім паветраным шары: аэрастат быў абсталяваны для разведкі і збору дадзеных. У Белым доме, абмяркоўваюць магчымыя санкцыі супраць кітайскага вытворцы аэрастата і асоб, якія маюць дачыненне да сачэння. Загадкавы шар з’явіўся на поўначы ЗША, праз некалькі дзён яго збілі над тэрыторыяй Паўднёвай Караліны. Пекін заявіў Вашынгтону ў сувязі з гэтым пратэст і абвінаваціў амерыканскія ўлады ў празмернай рэакцыі. Улады КНР сцвярджаюць, што гэта быў іх метэазонд, які збіўся з курса.

«Амерыканскія самалёты фатаграфавалі паветраны шар, калі той яшчэ знаходзіўся ў паветры. Цяпер выявы, як і абломкі аэрастата, вывучаюць Пентагон, ФБР і іншыя ведамствы. Высветлілася, што ў загадкавага аб’екта былі магутныя сонечныя батарэі, верагодна, яны маглі мець некалькі датчыкаў збору выведдадзеных. Хутчэй за ўсё, шар праводзіў радыёэлектронную выведку і мог перахапляць паведамленні і электронныя сігналы. Некаторыя кампаненты аэрастата, мяркуючы па ўсім, вырабілі заходнія кампаніі – на іх знайшлі надпісы на ангельскай мове. Па дадзеных ФБР, большая частка электронікі па-ранейшаму знаходзіцца на дне Атлантычнага акіяна. Так што любыя новыя звесткі аб яе паходжанні могуць заахвоціць адміністрацыю Байдэна прыняць больш жорсткія меры па экспарту тэхналогій у Кітай. Белы дом імкнецца падкрэсліць маштабы кітайскай праграмы па стварэнні шароў-разведчыкаў. Па словах чыноўнікаў, такія аб’екты парылі над 40 краінамі на пяці кантынентах. На мінулым тыдні падобны аб’ект знайшлі ў Лацінскай Амерыцы», – паведамляе амерыканская газета The New York Times.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array