Агляд прэсы: шантаж праз чаканне
Ва Украіне збіты ўзброены беспілотнік беларускай вытворчасці. Латвія ўводзіць усеагульны воінскі абавязак. Паўночны паток-1: рамонт зацягваецца. Джонсан сыходзіць: што далей? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Узброены беспілотнік беларускай вытворчасці быў збіты ўкраінскімі вайскоўцамі падчас спробы атакі на іх пазіцыі ва ўсходняй частцы краіны», – паведамляе амерыканскае выданне defence-blog.com.
«Беларускі лятаючы боепрыпас БАК-25 «Чэкан», апісаны як «беспілотнік-самагубца», быў абсталяваны кумулятыўным зарадам KZ-6 і электрычным штурхальнікам. Яго максімальная далёкасць – 25 кіламетраў. Ён здольны паражаць жывую сілу і баявую тэхніку праціўніка ў дзённы час ва ўмовах добрай бачнасці. БАК-25 Чэкан – адзін з самых сучасных беспілотных комплексаў, якія стаяць на ўзбраенні беларускай арміі. Гэта яго першае баявое прымяненне, і раней звестак аб яго экспартных пастаўках не было.
У першыя тыдні вайны расейскія войскі наступалі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, якая таксама мае рэактыўныя ўстаноўкі, падрыхтаваныя для ўдараў па ўкраінскіх гарадах. Расейская армія таксама выкарыстоўвае аэрапорты ў Беларусі для абстрэлаў украінскіх гарадоў, пасёлкаў і вёсак. Шпіталі і ўсе віды грамадзянскай інфраструктуры ў Беларусі таксама падрыхтаваны для патрэбаў расейскай арміі», – паведамляе амерыканскае выданне.
На фоне расейскай агрэсіі ва Украіне Латвія з 2023 года зноў уводзіць усеагульную воінскую павіннасць. У 2007 годзе, гэта значыць праз тры гады пасля ўступлення краіны ў НАТО, латвійскія ўзброеныя сілы былі пераведзены на прафесійную аснову. Акрамя таго, у краіне існуе нацыянальная гвардыя, якая набіраецца з добраахвотнікаў. Мясцовая прэса ацэньвае новаўвядзенне станоўча, але заклікае на ім не спыняцца. Латвійская газета Latvijas avīze вітае рашэнне.
«Найважнейшую прычыну, па якой такія краіны, як Латвія, сёння маюць патрэбу ва ўвядзенні воінскага абавязку, можна абазначыць адным словам: рэзервісты. У нас няма сродкаў на фінансаванне вялікага войска. Але важна мець у краіне дастатковую колькасць людзей, якія прайшлі ваенную падрыхтоўку і ведаюць, як трымаць у руках зброю. Адмовіцца ад прызыву на ваенную службу могуць або вельмі багатыя краіны, напрыклад, ЗША, або краіны, якія знаходзяцца ў поўнай бяспецы, або краіны, якія засноўваюць сваю бяспеку на гарантыях з боку іншых дзяржаў. Латвія на працягу доўгага часу спрабавала пазбегнуць увядзення воінскага абавязку, але зараз, мяркуючы па ўсім, гэта ўжо непазбежна», – падкрэслівае латвійскае выданне.
Газпрам спыніў пастаўкі газу па расейска-германскім газаправодзе Паўночны паток-1, які забяспечвае перш за ўсё краіны Паўночна-Заходняй Еўропы. Прычына: планавы рамонт. Многія асцерагаюцца, што Масква скарыстаецца гэтай паўзай і поўнасцю спыніць газазабеспячэнне Еўропы, з мэтай аказання палітычнага ціску. Нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, Берлін мае намер вярнуць Газпраму турбіну, якая была адпраўлена на рамонт у Канаду. Са старонак еўрапейскай прэсы гучаць крытыка і занепакоенасць.
“Нямеччына юліць”, – адзначае італьянская газета Corriere della Sera.
«Утрыманне тэхнічных і прамысловых запчастак, напрыклад, такіх, як турбіна, лічыцца самай эфектыўнай зброяй у руках Еўропы, якая дазволіць аслабіць Расею і яе рэжым. Кампанія Siemens адправіла турбіну Газпрама на рамонт у Канаду, дзе тая ў выніку была затрыманая з прычыны ўведзеных супраць Расеі санкцыяў. Два дні таму справа прыняла абарот, які прывёў Зяленскага ў лютасць: міністр эканомікі ФРГ і па сумяшчальніцтве лідэр нямецкіх Зялёных Роберт Хабэк запатрабаваў ад Канады вярнуць турбіну, з тым каб адправіць яе назад у Расею. Паводле заявы Хабэка, немцы гэта робяць з цяжкім сэрцам, але яны маюць патрэбу ў магутнасцях Паўночнага патока для таго, каб запоўніць свае газасховішчы. Калі ўсё гэта яшчэ не падрыхтавала глебу для парушэння санкцый, то засталося крыху-крыху», – папярэджвае італьянскае выданне.
Пасля сыходу Борыса Джонсана з пасады старшыні Кансерватыўнай партыі ў шэрагах торы пачалася актыўная барацьба за яго крэсла. Да верасня кансерватары маюць намер абраць з ліку кандыдатаў пераемніка Джонсана, які з восені зойме таксама пасаду прэм’ер-міністра. Еўрапейская прэса абмяркоўвае пытанне аб тым, ці прывядзе змена кіраўніка кабінета да змен у палітыцы краіны. Гішпанская газета El País лічыць, што прыхільнікі ЕЗ у Вялікабрытаніі павінны скарыстацца момантам і слабасцю сваіх супернікаў.
«Прэм’ерства Джонсана скончылася ў тую секунду, калі Дамінік Камінгс сышоў у адстаўку. Так, ён рабіў памылкі на сваёй пасадзе, быў празмерна саманадзейны і занадта наіўны ў палітыцы. Але ён разумеў прыроду пераходу, які неабходна было здзейсніць. І вось зараз мы вярнуліся да нармальнай палітыкі. Проста паслухайце, як кансерватыўныя лідары сварацца на тэму зніжэння падаткаў. Зараз не самы горшы час для таго, каб пасеяць насенне адмены брэкзіту!», – піша гішпанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Array