Агляд прэсы: следства няслушных рашэнняў



Беларусь можа быць выкарыстана Масквой як плацдарм для новага наступу. Расея мяняе галоўнакамандуючага. Чэхія гатова да прэзідэнцкіх выбараў. Здабыча вугалю: эвакуацыя ў Люцэраце пачалася. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дадатковыя расейскія войскі прыбываюць у Беларусь, пакуль ёсць прыкметы таго, што рэжым Лукашэнкі можа ўварвацца ва Украіну. Афіцыйныя асобы ў Кіеве на працягу некалькіх месяцаў папярэджвалі, што суседняя Беларусь можа далучыцца да расейскіх войскаў і зноў стаць стартавай пляцоўкай для новай атакі», – паведамляе польскае выданне Warsaw Institute.

«Па словах Паўла Латушкі, які знаходзіцца ў Варшаве, практычна ўсё гатова да мабілізацыі. Са спасылкай на крыніцы ў Менску Латушка ў інтэрв’ю нямецкім СМІ заявіў, што большасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў вымушаныя здаць пашпарты, забароненыя на выезд з краіны ў выпадку мабілізацыі. Беларускім медыкам, па некаторых звестках, пачалі прыходзіць «паведамленні аб мабілізацыі». Паступаюць таксама паведамленні пра павелічэнне колькасці расейскай ваеннай тэхнікі і асабістага складу, якія накіроўваюцца ў Беларусь. Каля 800 расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Воршу ці Віцебск у вагонах цягніка, у горад Баранавічы на захадзе Беларусі прыбываюць новыя цягнікі з расейскай ваеннай тэхнікай. Лукашэнка 5 студзеня наведаў ваенную базу і палігон, дзе дыслакаваныя расейскія войскі разам з войскамі яго краіны. Расея і Беларусь узмацнілі сумесную вайсковую групоўку ў Беларусі ўзбраеннем, вайскоўцамі і спецтэхнікай, а таксама плануюць правесці сумесныя авіяцыйныя вучэнні. Па стане на снежань 2022 года ў Беларусі знаходзілася каля 10 200 расейскіх вайскоўцаў. Гэтага недастаткова для новага наземнага ўварвання ва Украіну. Калі будзе паведамлена аб павелічэнні колькасці расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі ў Беларусі, магчыма, Расея сапраўды будзе выкарыстоўваць Беларусь як стартавую пляцоўку для новага наземнага штурму Украіны. Невядома, ці будзе гэта ўдар па Кіеве, ці па Валыні, але галоўная мэта — адцягнуць украінскія сілы ад ключавой лініі фронту на поўдні і Данбасе», – падкрэслівае польскае выданне.

Уладзімір Пуцін прызначыў новага галоўнакамандуючага расейскімі войскамі ва Украіне: замест генерала Сяргея Суравікіна, прызначанага ў кастрычніку, камандаваць зараз будзе сам начальнік Генеральнага штаба Валерый Герасімаў. Аглядальнікі пішуць пра тое, што ў Крамлі вырашылі вярнуцца да правераных кадраў. У сувязі з гэтым выказваюцца асцярогі аб магчымасці новага маштабнага наступлення на Украіну. «Такое кадравае рашэнне паказвае на абвастрэнне канфлікту», – асцерагаецца італьянская газета La Repubblica.

«Гэта нашмат больш, чым проста перастаноўка дзейных асоб. Такая чарговая рэакцыя Шайгу і Крамля на адкрытую крытыку нацыяналістаў, а таксама рост непажаданых амбіцый кіраўніка групы Вагнера Яўгена Прыгожына. Аднак перш за ўсё прызначэнне Герасімава з’яўляецца апошнім манеўрам перад падрыхтаваным «вясновым наступам», у якім павінны быць задзейнічаны 150 000 навабранцаў – «мобікаў» – мабілізаваных і навучаных Масквой за апошнія месяцы», – папярэджвае італьянскае выданне.

У Чэхіі на фінішную прамую прэзідэнцкіх выбараў, першы раунд якіх пройдзе ў пятніцу і суботу, выйшлі тры кандыдаты – былы прэм’ер-міністр Андрэй Бабіш, адстаўны генерал Пётр Павел і прафесар эканомікі Данушы Нярудава. Аглядальнікі разважаюць пра тое, ці падыходзяць кандыдаты на вышэйшую дзяржаўную пасаду, а таксама дыскутуюць аб працэдуры прамых прэзідэнцкіх выбараў. Меркаванні аглядальнікаў разыходзяцца. Славацкая газета Pravda выказвае сваю незадаволенасць.

«Хоць нам вядома, што патэнцыйны новы прэзідэнт Чэхіі адстаўны генерал Пётр Павел зрабіў паспяховую кар’еру ў НАТО, мы нічога не ведаем пра яго палітычныя здольнасці і погляды. Недастаткова таго факту, што яму ўдаецца займаць пазіцыі, якіх ад яго чакаюць у тэледэбатах, і таго, што на сустрэчах з выбаршчыкамі ён робіць прыемнае ўражанне. Як і Славакія, Чэхія перайшла да прамых прэзідэнцкіх выбараў, таму што ў парламенце ішлі закулісныя гульні, з-за якіх выбраць кіраўніка дзяржавы было проста немагчыма. Але па факце мала хто ад гэтага выйграў. Варта падумаць пра тое, ці не апынецца пераважным спалучэнне абедзвюх сістэм? У такім выпадку парламентарыі прапаноўвалі б кандыдатаў, за якіх грамадзяне маглі б галасаваць напрамую», – прапануе славацкае выданне.

У зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія паліцыя пачала эвакуацыю вёскі Люцэрат. Для таго, каб энергетычны канцэрн RWE мог здабываць буры вугаль, які залягае непасрэдна пад вёскай, а на распрацоўку вугалю ў RWE маюцца такія правы, вёску неабходна цалкам знесці. Экалагічныя актывісты выступаюць супраць гэтага, сцвярджаючы, што здабыча вугалю з’яўляецца немэтазгоднай у сувязі з кліматычным крызісам. Для швйцарскай газеты

Aargauer Zeitung эвакуацыя Люцэрата – вынік правальнай энергетычнай палітыкі Германіі.

«Значная частка нямецкіх палітыкаў, як відаць, так да канца і не ўсвядоміла, што для атрымання электраэнергіі ідэальных шляхоў не існуе. Атрыманне электраэнергіі немагчымае без дасягнення кампрамісаў. Але ніводны з метадаў здабычы электраэнергіі не шкодзіць навакольнаму асяроддзю гэтак моцна, як вытворчасць яе за кошт спальвання вугалю. Тое, што Нямеччыне часова патрабуецца больш вугалю – следства яе няўдалай энергетычнай палітыкі. Паколькі адначасова адмовіцца ад вугалю і ад атамнай энергіі на карысць аднаўляльных крыніц энергіі немагчыма, то ў кароткатэрміновай перспектыве ў якасці пераходнай тэхналогіі меркавалася выкарыстоўваць газатурбінныя электрастанцыі. Так Германія і апынулася ў залежнасці ад пуцінскай Расеі», – падсумоўвае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array