Агляд прэсы: Спрэчныя асобы



Жаночы твар беларускага супраціву. Ці дамовіцца апазіцыйны альянс у Турцыі? Чэхія: эпоха Зэмана завершана. Перспектывы Сусветнага акіяна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Грамадзкая роля жанчыны ў беларускім супраціве зменшылася разам з уздымам таталітарызму. Але яны застаюцца жыццёва важнымі рухавікамі змен», – піша міжнароднае выданне The International Politics and Society.

«Беларускую пратэстную хвалю 2020 года часта называюць «рэвалюцыяй з жаночым тварам». У той час як грамадская роля жанчын пасля заканчэння пратэстаў зменшылася, жанчыны застаюцца актыўнымі праваднікамі супраціву, хоць часта дзейнічаюць на заднім плане. Зараз Беларусь паступова ўбірае ў сябе рысы таталітарных рэжымаў ва ўсіх сферах – з цяжкімі наступствамі для жанчын-актывістак у краіне. Беларускі рэжым, які здолеў захаваць сваю ўладу, узмацняе кантроль над грамадзянскай супольнасцю шляхам самых жорсткіх і беспрэцэдэнтных рэпрэсій. Колькасць палітвязняў вырасла да 1463 чалавек; з іх 544 жанчыны. Незалежныя СМІ ў краіне ў асноўным зьнішчаныя. Праваахоўныя службы ўдасканалілі свае стратэгіі і інструменты сачэння. Сотні актывістак былі вымушаныя выехаць у эміграцыю, дзе яны працягваюць займацца культурнымі, палітычнымі, журналісцкімі і адукацыйнымі праектамі. Многія застаюцца ў краіне, але не вырашаюцца адкрыта выказваць сваю пазіцыю. Часта гэта жонкі палітычных блогераў, актывістаў прафсаюзных рухаў і іншых палітвязняў. З павялічанай нармалізацыяй прысутнасці беларускіх жанчын у апазіцыйнай палітыцы і актыўнасці варта чакаць і росту патрабаванняў правоў жанчын на палітычным узроўні. Але на дадзены момант палітычная барацьба за беларусак на эміграцыі, а таксама геапалітычны кантэкст у рэгіёне ствараюць складаныя ўмовы для далейшага развіцця праваабарончай дзейнасці жанчын», – падсумоўвае міжнароднае выданне.

Альянс турэцкай апазіцыі мусіў вызначыцца з агульным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца праз два з паловай месяцы. Аднак кансенсусу дасягнуць не ўдалося: пяць партый выступілі за кандыдатуру лідэра Рэспубліканскай народнай партыі Кемаля Кылычдараглу, а вось старшыня Добрай партыі Мераль Акшэнер заявіла, што лічыць яго непадыходзячым кандыдатам і выказалася на карысць вылучэння мэра Стамбула або Анкары, якія таксама з’яўляюцца прадстаўнікамі РНП. Турэцкі партал T24 крытыкуе апазіцыйны альянс.

«Упершыню ў апытаннях грамадскай думкі будуць спаборнічаць адзін з адным усяго толькі два кандыдаты ў прэзідэнты. У папярэднія разы ў піку Эрдагану заўсёды вылучалася адразу некалькі кандыдатаў. З гэтае прычыны, грунтуючыся на выніках папярэдніх апытанняў, нельга з упэўненасцю сказаць, пераможа Кылычдараглу – ці ж не. Вось чаму цяперашняя сітуацыя павінна асабліва цешыць Эрдагана: яго рэпутацыя як лідэра нацыі панесла было выдаткі ў сувязі з землятрусам, аднак гэты фактар зараз адышоў на задні план, позва апазіцыі аддзялілася ад рэальнага парадку дня ў краіне, і калі сярод выбаршчыкаў распаўсюджваецца перакананне, што пасля выбараў Турцыю можа чакаць нявызначанасць ва ўладзе, то Эрдагану гэта толькі на руку!», – папярэджвае турэцкае выданне.

У сераду, пасля заканчэння двух пяцігадовых прэзідэнцкіх тэрмінаў, заканчваюцца паўнамоцтвы дзейнага прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі Мілаша Зэмана. Зэман першапачаткова былы сацыял-дэмакрат, пазней ўступіў у левацэнтрысцкую Партыю правоў грамадзян, нараўне з абодвума сваімі папярэднікамі – Вацлавам Гавелам і Вацлавам Клаўсам – стаў адной з найболей значных постацяў у чэшскай палітыцы пасля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 года. Чэшскі штотыднёвік Respekt крытычна адклікаецца аб выніку дзейнасці Зэмана.

«Ягоны цёмны бок нашмат перавышаў светлы. Так, падчас ягонага прэм’ерства мы ўступілі ў НАТО, аднак менавіта ён быў тым, хто няспынна ўстаўляў палкі ў колы нашым альянсам з заходнімі саюзнікамі. Увесь перыяд свайго прэзідэнцтва Зэман правёў пад знакам прадстаўніцтва інтарэсаў Кітая і Расеі. Калі памёр наш першы паслярэвалюцыйны прэзідэнт, парламент аддаў яму даніну павагі словамі: «Вацлаў Гавел шмат зрабіў для абароны свабоды і дэмакратыі». Аб прэзідэнце, які цяпер адыходзіць, парламент павінен сказаць: «Мілаш Зэман паставіў свабоду і дэмакратыю пад пагрозу», – канстатуе чэшскае выданне.

Пасля 15 гадоў перамоў ААН узгадніла меры па абароне Сусветнага акіяна: згодна з новым пагадненнем, да 2030 года прыродаахоўнай зонай павінна быць аб’яўлена не менш як 30 працэнтаў акіянскіх вод. Для захавання біялагічнай разнастайнасці ў адкрытым моры – гэта значыць у раёнах, якія знаходзяцца за межамі тэрытарыяльных вод дзяржаў – плануецца на міжнародным узроўні ўвесці прадпісанні, абавязковыя да выканання. «Выратаванне біялагічнай разнастайнасці вод Сусветнага акіяна – вельмі няпростая задача», – такое апасенне выказвае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Няма ані міжнароднага органа па ахове адкрытай воднай прасторы, ані правілаў абароны біяразнастайнасці. Няясна таксама, як рэсурсы акіянскіх прастораў, якія ў роўнай ступені належаць усім нацыям, могуць ахоўвацца такім чынам, каб яны прыносілі карысць усім. Адказы на гэтыя пытанні спецыялістам трэба знайсці ў бліжэйшыя гады і дзесяцігоддзі. А пакуль што сусветная супольнасць павінна радавацца таму, што заключана хаця б такое пагадненне – гэтак жа важнае для чалавецтва, як і Парыжскае пагадненне па клімаце», – адзначае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Array