Агляд прэсы: супрацоўніцтва як пагроза



Чэхія спыніць выдачу віз расейцам і беларусам з падвойным грамадзянствам. Кітай «цвёрда на баку Расеі». Клімат: МГЭЗК заклікае прыняць тэрміновыя меры. У Румыніі збанкрутавала чарговая страхавая фірма. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Улады Чэхіі заявілі, што краіна плануе спыніць выдачу віз расейцам і беларусам з падвойным грамадзянствам. У адпаведнасці з новымі правіламі, якія збіраецца ўвесці Чэхія, усе расейцы і беларусы, якія маюць грамадзянства любой іншай краіны, не змогуць падаваць дакументы на візу і, адпаведна, не змогуць уехаць у Чэхію», – паведамяе еўрапейскае выданне SchengenVisaInfo.

«Навіна пра тое, што краіна спыніць выдачу віз расейцам і беларусам з падвойным грамадзянствам, была агучана мясцовымі СМІ. Высветлілася, што калі прапанова будзе ўхвалена, спіс асобаў, якім забаронены афармленне візы і ўезд у краіну, пашырыцца. Разам з тым падкрэсліваецца, што краіна працягне захоўваць палегчаныя правілы для тых, хто звяртаецца па візу ў гуманітарных мэтах. У мінулым годзе пасля ўварвання ва Украіну Расеі Чэхія спыніла выдачу віз звычайным грамадзянам Расеі і Беларусі, і з таго часу ў краіне дзейнічаюць жорсткія правілы. З  другога боку, Чэхія аблягчыла свае правілы для ўкраінцаў, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну, і цяпер улады плануюць увесці дадатковыя выключэнні. Паводле звестак Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (UNHCR), Чэшская Рэспубліка зарэгістравала ў краіне 497 217 бежанцаў з Украіны», – піша еўрапейскае выданне.

Падчас свайго афіцыйнага візіту ў Маскву лідар Кітая Сі Цзіньпін падкрэсліў, што Кітай працягне супрацоўнічаць з Расеяй і адстойваць «сапраўдны шматбаковы парадак». Пуцін таксама выказаў перакананасць у тым, што гэта, маўляў, умацуе «асноўныя прынцыпы сусветнага парадку». Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі пра тое, чаму Масква і Пекін імкнуцца да гэтага партнёрства. «Гэтая сустрэча наглядна дэманструе ўсю абсурднасць ідэі таго, што Кітай мог бы выступіць пасярэднікам у вайне ва Украіне», – падкрэслівае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Яшчэ раз, для ўсіх: у Маскве адбыліся сяброўскія вячоркі паміж чалавекам, якога Міжнародны крымінальны суд абвінавачвае ў здзяйсненні вайсковых злачынстваў і на арышт якога ён выдаў ордар, і дыктатарам краіны, якая, паводле дакладу ААН, апублікаванаму мінулым летам, меркавана здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці. І гэтыя двое абгаворваюць свае наступныя крокі па стварэнні новага сусветнага парадку. Кітай будзе «супрацоўнічаць з Расеяй», – заявіў Сі па прыбыцці ў Маскву, – «каб абараніць міжнародную сістэму і міжнародны парадак». Дык адпусцяцца грахі тым, хто бачыць у гэтым пагрозу», – з горыччу падсумоўвае нямецкае выданне.

Міжнародная група экспертаў па змене клімату (МГЭЗК) у сваім апошнім дакладзе заклікала чалавецтва працягнуць барацьбу са зменамі клімату і дзейнічаць пры гэтым хутка і рашуча. Як гаворыцца ў дакладзе, які абагульняе высновы навукоўцаў, тэмп і аб’ём ужо прынятых мер – недастатковыя. Тое ж самае тычыцца і дзейных на дадзены момант планаў. «Наступствы змянення клімату ўжо даюць аб сабе ведаць: у выглядзе спякоты, засухі і паводак. У чалавецтва застаецца шанец толькі ў тым выпадку, калі прамысловыя краіны ў рэшце рэшт пачнуць дзейнічаць», – заклікае брытанская газета The Guardian.

«Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш растлумачыў, што ўсё гэта азначае, а менавіта: неабходна адмовіцца ад распрацоўкі новых радовішчаў выкапнёвых відаў паліва, багатыя краіны павінны да 2040 года адмовіцца ад выкарыстання вугалю, нафты і газу. Вялікабрытаніі, якая выдае ліцэнзіі на адкрыццё новых вугальных шахт і распрацоўку новых радовішчаў нафты і газу ў Паўночным моры, варта было б прыслухацца. Багаты свет валодае сродкамі і тэхналогіямі, неабходнымі для таго, каб выратаваць планету ад перагравання. Паводле ацэнак МГЭЗК, інвестыцыі, якія ажыццяўляюцца ў абарону клімату і меры па адаптацыі да кліматычных змен, у тры-шэсць разоў ніжэй запатрабаваныя! Толькі кратна павялічыўшы інвестыцыі, можна было б дасягнуць мэты абмежавання тэмпаў глабальнага пацяплення паўтара градусамі па Цэльсію», – падсумоўвае брытанскае выданне.

Упраўленне фінансавага нагляду Румыніі (ASF) адклікала ліцэнзію страхавой кампаніі Euroins România з прычыны яе неплацежаздольнасці. Працуючы з 2,5 мільёнамі кліентаў, Euroins лічылася адным з лідараў рынку страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. «Уладам даўно было вядома аб праблемах з ліквіднасцю фірмы. Упраўленне фінансавага нагляду зусім не выконвае сваёй задачы», – наракае дзелавы румынскі веснік Ziarul Financiar.

«За апошнія восем гадоў крах пацярпелі многія буйныя страхавыя кампаніі: Astra Asigurari (у 2015 годзе), Carpatica (у 2016 годзе), City Insurance (у 2021 годзе) і вось зараз – Euroins. А некаторыя з гэтых кампаній былі на рынку лідарамі! Упраўленне фінансавага нагляду (ASF) выдатна ўмее канстатаваць банкруцтва, а вось з іх прадухіленнем справы ідуць не гэтак бліскуча. Калі начальства гэтага ведамства нарэшце прыходзіць у сябе пасля доўгага сну, яно да свайго здзіўлення выяўляе, што чарговая фірма абабрала сваіх кліентаў да ніткі. Не тое дрэнна, што чыноўнікі ўпраўлення атрымліваюць звыш дзесяці тысяч еўра ў месяц. Дрэнна тое, што змянілася функцыя гэтага органа: замест прафілактыкі ён усяго толькі канстатуе тое, што здарылася», – адзначае румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка