Агляд прэсы: свая гульня



Лукашэнка папярэдзіў, што свет набліжаецца да «вялікай вайны, у якой не будзе пераможцаў». Харватыя стане часткай еўразоны. Еўра зраўняўся з далярам. Кліматычны крызіс у Еўропе: змаганне са спякотай і засухай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лукашэнка – вядомы паплечнік Пуціна, папярэдзіў у аўторак, што на гарызонце можа паўстаць вялікі глабальны канфлікт. Выступаючы на цырымоніі перад беларускімі афіцыйнымі асобамі і выпускнікамі вышэйшых ваенных школ, ён абвінаваціў ЗША і заходнія краіны ў захаванні «шматпалярнага светапарадку» і ўмацаванні «адкрыта фашысцкіх рэжымаў». У сваіх каментарах Лукашэнка паўтарыў беспадстаўныя заявы Пуціна аб фашысцкай уладзе Украіны», – паведамляе міжнароднае выданне Insider.

«Кіраўнік Беларусі таксама беспадстаўна заявіў, што Еўропа «нічога не вырашае» і «знаходзіцца пад ціскам» Вашынгтона, папярэдзіўшы ўкраінскіх вайскоўцаў не губляць пільнасці. Лукашэнка таксама абвінаваціў Захад у спробе «пасеяць хаос і разбурыць» яго краіну. Лукашэнка паўтарыў крытыку Пуціна на адрас Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, або НАТО, у прыватнасці погляд расейскага лідара на рашэнне Швецыі і Фінляндыі далучыцца да альянсу. Пад словам «Drang nach Osten» — што па-нямецку азначае «распаўсюджвацца на ўсход» — Лукашэнка ў гэтым выпадку спаслаўся на тэрмін, які выкарыстоўваў нацысцкі лідар Адольф Гітлер у рамках свайго плану здабыцця славянскай тэрыторыі для нямецкай «жыццёвай прасторы» і штуршка да нацысцкага канфлікту ва ўсходняй Еўропе. Раней у гэтым месяцы Лукашэнка ўжо заяўляў, што для «забыўлівай» Еўропы надышоў час «маральнай чысткі». Беларускі кіраўнік, аднак, не адзіная ўплывовая асоба, якая папярэдзіла аб чарговай глабальнай вайне. У траўні мільярдэр з хэдж -фонду Джордж Сорас заявіў, што ўварванне Расеі ва Украіну можа прывесці да Трэцяй сусветнай вайны», – папярэджвае міжнароднае выданне.

У аўторак міністр фінансаў Харватыі Здраўка Марыч канчаткова пацвердзіў факт уступлення краіны ў зону еўра: на сустрэчы Ecofin кіраўнік ЕЦБ Крысцін Лагард і міністры фінансаў краін еўраклуба павіншавалі Харватыю з увядзеннем адзінай валюты з 1 студзеня 2023 года. «Увядзенне еўра не ёсць панацэя ад усіх бед», – нагадвае мясцовая газета Večernji list.

«Вядома, не варта мець ілюзіі і меркаваць, што ўступленне ў еўразону аўтаматычна павысіць канкурэнтаздольнасць айчыннай эканомікі або падніме наш узровень жыцця. Гэта не так, таму што далейшы прагрэс Харватыі залежыць не ад немцаў, французаў ці італьянцаў, а ад нас саміх. Харватыя далучаецца да еўра ў своеасаблівы і няпросты момант гісторыі. Дыяпазон інфляцыі непрадказальны, свет скаланае энергетычны крызіс, а вайне ва Украіне не відаць канца. Вось чаму сёння мы святкуем, а заўтра ўжо неабходна будзе прыступаць да працы», – падкрэслівае харвацкае выданне.

Курс еўра знаходзіцца на самай нізкай адзнацы за апошнія 20 год. На гэтым тыдні ён упаў да аднаго даляра ЗША. На думку эканамістаў, падзенне курсу абумоўлена вайной ва Украіне і мерамі па барацьбе з інфляцыяй. «Падзенне курсу еўра ў адносінах да даляра будзе працягвацца, і нават абміне тую кропку, у якой абедзве валюты зраўняюцца», – прарочыць славацкая газета Denník N.

«Па-першае, у ЗША працэнтныя стаўкі будуць падвышацца хутчэй і мацней, чым у еўразоне. Па-другое, працэнтныя стаўкі, якія растуць, прывядуць да павышэння расходаў на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу ў краінах з высокай запазычанасцю – Італіі, Грэцыі і Гішпаніі. Па-трэцяе, высокія цэны на імпартуемыя энерганосьбіты адаб’юцца на плацежным балансе еўразоны куды ў большай ступені, чым гэта закране ЗША. І па-чацвёртае, вайна ва Украіне куды мацней ударыць па эканоміцы еўразоны, чым па эканоміцы Злучаных Штатаў. Некаторыя сектары амерыканскай эканомікі, напрыклад, нафтаздабыча і вытворчасць зброі, нават выйграюць ад гэтай вайны», – піша славацкае выданне.

Лета ў самым разгары, і ў Еўропе ўжо зафіксаваны шэраг паказальных прыкладаў глабальнага пацяплення. Спякота ў чэрвені пабіла некалькі тэмпературных рэкордаў: у Гішпаніі, Францыі і Германіі згарэла мноства гектараў лесу, Італія стогне ад зацяжной засухі, а чарговая хваля спякоты ўжо не за гарамі. Еўрапейская прэса абмяркоўвае шляхі вырашэння надзённай праблемы. Нямецкая газета taz заклікае Рым да паслядоўнай змены курса.

«Італіі трэба пазбавіцца ад ілжывага ўяўлення, быццам вада маецца ў лішку і што дастаткова ўключыць паліўную сістэму на палях або адкрыць хатні кран – і адтуль хлыне гаючая вільгаць. Вада – гэты дэфіцытны і каштоўны здабытак. Трэба ствараць новыя вадасховішчы, аднаўляць састарэлую водаправодную сетку, у якой губляецца да 40 працэнтаў пітной вады, і не скідаць у мора ваду з ачышчальных збудаванняў, што практыкуецца дагэтуль. Італіі трэба інвеставаць мільярды, прычым рабіць гэта трэба хутка, калі італьянцы не хочуць у будучыні кожнае лета пакутаваць ад засухі», – заклікае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Array